Top.Mail.Ru
224

Абласныя адборачныя туры конкурсу «Уладар сяла» стартуюць у Беларусі 12 чэрвеня

Першы абласны адборачны тур пройдзе 12 чэрвеня ў гарадскім пасёлку Шаркаўшчына ў Віцебскай вобласці.


У Беларусі 12 чэрвеня стартуюць абласныя адборачныя туры рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла». Аб гэтым паведаміла БелТА начальнік аддзела па рабоце з працоўнай моладдзю Цэнтральнага камітэта БРСМ Ганна Сапоцкая.
«Раённыя і занальныя адборачныя туры рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта стартавалі ў Міжнародны дзень сям’і — 15 мая. Па ўсёй краіне ў гэты перыяд было арганізавана 104 адборачныя туры, у якіх прынялі ўдзел 435 маладых сем’яў з дзецьмі, якія пражываюць і працуюць у сельскай мясцовасці, вядуць асабістую падсобную гаспадарку. Пераможцы гэтых тураў цяпер адправяцца на абласныя адборачныя туры», — расказала Ганна Сапоцкая.
Паволе яе слоў, першы абласны адборачны тур пройдзе 12 чэрвеня ў гарадскім пасёлку Шаркаўшчына ў Віцебскай вобласці. Далей эстафету прыме 18 чэрвеня Магілёўская вобласць і 19 чэрвеня Мінская вобласць. 20 чэрвеня адбудуцца адразу два абласныя туры — у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Завершыць эстафету адборачных тураў 26 чэрвеня Гродзенская вобласць.
«Удзельнікам трэба будзе пазмагацца ў сельскагаспадарчых спаборніцтвах і творчых конкурсах, пераможца будзе прадстаўляць вобласць у рэспубліканскім фінале, які з 2020 года ўваходзіць у праграму свята „Купалле“ („Александрыя збірае сяброў“)», — дапоўніла Ганна Сапоцкая.
Конкурс праводзіцца БРСМ, Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам для папулярызацыі сельскагаспадарчай працы і побыту, а таксама павышэння ролі і значэння сям’і як важнейшага сацыяльнага інстытута грамадства, фарміравання ў моладзі пазітыўных адносін да традыцыйных сямейных каштоўнасцей.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю