Абмежаванні на наведванне лясоў дзейнічаюць у 80 раёнах Беларусі. Пра гэта сведчыць інтэрактыўная карта Міністэрства лясной гаспадаркі, паведамляе БелТА.
Абмежаванні закранулі сем раёнаў Брэсцкай вобласці — Баранавіцкі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Кобрынскі, Ляхавіцкі, Пінскі і Пружанскі.
Свабоднымі для наведвання застаюцца Віцебскі і Лёзненскі раёны Віцебскай вобласці, Акцябрскі раён Гомельскай вобласці, а таксама шэсць раёнаў Мінскай вобласці — Валожынскі, Клецкі, Капыльскі, Маладзечанскі, Нясвіжскі і Стаўбцоўскі. У Магілёўскай вобласці абмежаванні не дзейнічаюць толькі ў Бабруйскім, Глускім і Клічаўскім раёнах.
Цалкам свабоднай для наведвання застаецца Гродзенская вобласць.
Спецыялісты рэкамендуюць перад паходам у лес даведацца актуальную інфармацыю на афіцыйным сайце Мінлясгаса, дзе аператыўна абнаўляюцца даныя пра сітуацыю ў лясах і ўвядзенні мер абмежавальнага характару. Таксама інфармацыю можна ўдакладніць у мясцовых райвыканкамах і лесагаспадарчых установах.