Санкцыйны стымул
Палітыка — справа цынічная і далёка не сентыментальная. І мэта можа апраўдваць сродкі, як ні амаральна гэта прагучыць з абывацельскага пункту гледжання. Але горш, калі сумнеўнымі сродкамі не дасягаецца мэта. Так атрымліваецца з тэхналагічнымі санкцыямі Захаду.
Ён перманентна ўзмацняе жорсткасць паставак у іншыя краіны навукаёмістага абсталявання, уводзяцца ўсё новыя абмежаванні.
Мэта зразумелая і відавочная: стрымаць развіццё сваіх ключавых апанентаў у палітычнай, ваеннай, эканамічнай сферах. Але эфект пакуль атрымліваецца крыху процілеглы. Адсутнасць трансферу тэхналогій актывізуе навуковыя і інавацыйныя распрацоўкі ў іншых краінах. І замест ачышчанага рынку заходнія кампаніі атрымліваюць канкурэнтаў у высокатэхналагічных галінах.
Нядаўна аб гэтым адкрыта заявіў у інтэрв’ю Fіnancіal Tіmes генеральны дырэктар нідэрландскай кампаніі ASML Крыстаф Фуке. ЗША ціснуць на Еўропу, каб яна абмежавала пастаўкі абсталявання для вытворчасці сучасных паўправаднікоў. ASML з’яўляецца ў гэтым кірунку адным з сусветных лідараў, нароўні з якім валодаюць такімі тэхналогіямі толькі амерыканцы. Супрацьстаянне ў галіне мікраэлектронікі і шматлікія рознагалоссі па гэтай тэме паміж Вашынгтонам і Пекінам шырока вядомыя. Амерыканцы хочуць затармазіць Кітай, які з’яўляецца буйным вытворцам мікрачыпаў, у тым ліку і крытычна важных для розных глабальных індустрый. І выбралі спосаб не канкурэнцыі, а санкцыйнага ціску. Некалі трывалае супрацоўніцтва дзвюх краін па берагах Ціхага акіяна ўжо амаль згорнутае. Узаемныя інвестыцыі набліжаюцца да нуля, адклікаюцца спецыялісты... І цяпер ЗША хоча адрэзаць свайго азіяцкага канкурэнта і ад еўрапейскіх тэхналогій. Гэта верагоднасць вельмі непакоіць Крыстафа Фуке.
Ён перакананы: калі краіна пазбаўляецца доступу да крытычна важных для сябе тэхналогій, то яна пачынае актыўна шукаць альтэрнатыву. І самая відавочная — актывізаваць уласныя распрацоўкі. Тым больш што ў Кітая для гэтага маецца і фінансавы, і кадравы, і навуковы патэнцыял. І вось замест запаволення заходнія кампаніі атрымліваюць паскарэнне канкурэнтаў і назаўсёды пазбаўляюцца магчымасці пастаўляць абсталяванне на гэты рынак. Больш за тое, даводзіцца яшчэ дадаткова ўступаць у барацьбу за рынкі трэціх краін, на якія выходзяць са сваёй высокатэхналагічнай прадукцыяй і абсталяваннем новыя гульцы. Атрымліваецца, што санкцыі і рэстрыкцыі замест абароны ўласных кампаній ад тэхналагічнага прарыву ў іншых цэнтрах эканамічнай сілы стымулююць інтэлектуальнае развіццё стратэгічных апанентаў.
І наколькі ж мае рацыю празорлівы топ-менеджар з Нідэрландаў! Нішто так не шкодзіла навукова-даследчай, інавацыйнай і высокатэхналагічнай сферам бізнесу, як лібералізацыя глабальнага рынку і трансфер тэхналогій. Адносная свабода доступу да заходніх тэхналогій загубіла цэлыя навуковыя школы і вытворчыя кластары ў Савецкім Саюзе. Так, у брэжнеўскія часы трохі праспалі навукова-тэхнічную рэвалюцыю. У мікраэлектроніцы ў 1980-я СССР прайграваў ЗША. Але максімум на два-тры гады. І гэты разрыў можна было скараціць: навуковая, даследчая і вытворчая базы былі ў наяўнасці, прычым забяспечаныя высокакваліфікаванымі кадрамі.
Аднак канец халоднай вайны і ўздым жалезнай заслоны ў міжнародным гандлі ўзнялі пытанне эканамічнай мэтазгоднасці ўласных распрацовак. Навошта ўкладваць вялізныя сродкі ў айчынныя навукова-даследчыя і канструктарскія работы, мадэрнізацыю вытворчасці, марнаваць на гэта час, калі тут і цяпер можна купіць імпартную высокатэхналагічную прадукцыю. І адносна нядорага. Пад такім ціскам абрынулася нямала галін на постсавецкай прасторы. А прадпрыемствам, якія выжылі, даводзілася вельмі несалодка. Любыя стратэгічныя бізнес-планы развіцця натыкаліся на сцяну недастатковай эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці. А тэрміны акупнасці інвестыцый нават пры самых спрыяльных сцэнарыях вымушалі моцна задумацца самых кансерватыўных кіраўнікоў.
Санкцыі калі і не поўнасцю знялі з парадку дня эканамічную мэтазгоднасць стратэгічных праектаў, то прымусілі па-іншаму расстаўляць прыярытэты. Зрэшты, па некаторых крытычных пазіцыях альтэрнатывы проста не існуе: альбо робіш сам, альбо гэта прадукцыя проста адсутнічае. І сапраўды, экспартныя абмежаванні ЗША і ЕС сталі цудоўным стымулам для развіцця той жа мікраэлектронікі і ў Кітаі, і ў Індыі, і ў Расіі, і ў Беларусі. Помніцца, родныя вытворцы мікрачыпаў доўгія гады падступаліся да асвойвання паўправаднікоў новых праектных норм. А сёння, нягледзячы на ўсе абмежаванні, навінкі запускаюцца ў вытворчасць. Асвоены новыя тэхналогіі па замене крэмнію іншымі матэрыяламі, якія ледзь ці не кратна павялічваюць хуткадзейнасць мікрасхем без зніжэння іх памераў.
У Нацыянальнай акадэміі навук распрацавалі абсталяванне на аснове лазерных тэхналогій, якое дазваляе вырабляць машыны для выпуску мікрачыпаў з праектнай нормай да 25 нанаметраў. Вядома, трэба яшчэ нямала зрабіць, каб наладзіць серыйную вытворчасць сучасных мікрасхем. І для стварэння цяперашніх распрацовак прыйшлося прайсці няпросты і складаны шлях. Але працэс сёння рэзка актывізаваўся і з’яўляецца практычна неабарачальным. Канкурэнтаздольнасць нашай галіны ідзе ўверх. Ці магло такое адбыцца ў эпоху знешнегандлёвага лібералізму?! Тэарэтычна — так, практычна — не адбывалася. У існуючай парадыгме тэхналагічнай фрагментацыі ўсё аказалася магчымым.
Дарэчы, наш ААТ «Планар» быў вельмі нават канкурэнтаздольным, і некаторыя мадэлі яго абсталявання пастаўляліся і ў Еўропу, і ў ЗША. Цяпер лінейка экспартнага патэнцыялу пашырыцца. Заходнія рынкі для нашага прадпрыемства закрытыя. Але ёсць нямала дружалюбных дзяржаў, якія таксама развіваюць сваю мікраэлектронную індустрыю і супрацьстаяць санкцыям ЗША і ЕС. Таму мае рацыю, на мой погляд, кіраўнік ASML: абмежаванні не выключаюць з рынку канкурэнтаў, наадварот — спрыяюць іх стварэнню і развіццю.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ