Часовая экспазіцыя пакуль размешчана ў будынку фондасховішча. Наведвальнікі могуць даведацца пра мясцовыя традыцыі і народную творчасць, разгледзець эксклюзіўныя фартушкі, паўдзельнічаць у майстар-класах, зазірнуць у сувенірную краму. У асноўным жа будынку музея завяршаецца капітальны рамонт. Спецыялісты выканалі неабходныя будаўнічыя работы, абнавілі дах, фасад, выканалі ўнутраныя работы. Наперадзе — мантаж абсталявання. Чакаецца, што абноўленую экспазіцыю турысты змогуць ацаніць у сярэдзіне бягучага года.
У музеі будзе сем залаў. Так, у адной з іх пакажуць гістарычнае мінулае Бездзежа. Асобная ўвага будзе ўдзелена адзенню, характэрнаму для тутэйшых мясцін. Манекены з касцюмамі размесцяць на фоне дыярам з адпаведнай парой года. Асобную залу вылучаць для фартушкоў. Іх колькасць у экспазіцыі маюць намер павялічыць. Плануецца прапанаваць для паказу каля 150 штук. Усяго ж у калекцыі іх больш за 400, і яна да гэтага часу папаўняецца.
Экспазіцыю разнастаяць і ўнясуць некаторыя новаўвядзенні. Неабходную атмасферу спецыялісты створаць з дапамогай інтэр’ераў, дэкаратыўных арнаментальных матываў і мультымедыйнага абсталявання. У прыватнасці, у наведвальнікаў з’явіцца магчымасць больш глыбока пазнаёміцца з мясцовымі традыцыямі і абрадамі, напрыклад, з унікальнай «Стрылкай». Гэты веснавы абрад праводзіцца ў першы дзень праваслаўнага Вялікадня.
Фартушкі жыхаркі Бездзежа і бліжэйшых вёсак насілі да 1990-х гадоў. У куфры кожнай жанчыны было па 15 і больш штук на розныя выпадкі жыцця. Іх упрыгажэнні мяняліся з кожным гістарычным перыядам. На самых старадаўніх няма нават карункаў. З часам яны станавіліся дэкаратыўнымі, вышытымі, маляўнічымі.