Абноўленую Рэспубліканскую дошку Гонару, на якую занесены 60 пераможцаў, якія прадэманстравалі ў 2024 годзе высокія вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця, адкрылі ў сталіцы напярэдадні Свята працы.
Пра гэта паведамляе БелТА.
Традыцыя занясення лепшых з лепшых на Рэспубліканскую дошку Гонару адрадзілася чвэрць стагоддзя таму, і з таго часу перадавыя рэгіёны і прадпрыемствы выбіраюцца штогод. На гэты раз пераможцы сталі вядомы пасля падпісання 23 красавіка кіраўніком дзяржавы ўказа нумар 168, сярод іх Гродзенская, Мінская, Магілёўская вобласці і Мінск, з ліку раёнаў — Жабінкаўскі, Верхнядзвінскі, Смаргонскі, Мінскі і Нясвіжскі, сярод гарадоў і раёнаў у гарадах — Брэст, Маскоўскі раён Брэста і Маскоўскі раён Мінска. На дошцы Гонару нязменна аказваюцца перадавыя арганізацыі ў самых розных галінах эканомікі, сёлета — дзевяць прамысловых і роўна столькі ж у галіне сельскай і рыбнай гаспадаркі, тры — будаўнічыя, дзве — лясной гаспадаркі, 24 — са сферы паслуг.
Як падкрэслілі ў Міністэрстве эканомікі, занясенне на Рэспубліканскую дошку Гонару з’яўляецца грамадскім прызнаннем укладу пераможцаў у сацыяльна-эканамічнае развіццё і рост дабрабыту краіны і стымулам для дасягнення яшчэ больш высокіх вынікаў у будучым.
Паводле БелТА
Фота Лізаветы ГОЛАД