У гэтым годзе на месцы памяці распачаліся работы па рэканструкцыі брацкага пахавання ахвяр фашызму і добраўпарадкаванні тэрыторыі памятнага пахавання ў вёсцы Першамайск Рэчыцкага раёна. Вельмі актыўна гэту ініцыятыву падтрымалі жыхары Рэчыцкага раёна і супрацоўнікі пракуратуры Гомельскай вобласці.
Першамайск (раней в. Кабылева) — адна з сотняў беларускіх вёсак, знішчаных нацыстамі ў гады акупацыі. Трагедыя тут адбылася 14 мая 1943 года: карны атрад СС пры ўдзеле мясцовых паліцаяў акружыў вёску. Людзей групамі па 20-30 чалавек заганялі ў дамы, расстрэльвалі і падпальвалі. Па архіўных даных і сведчаннях відавочцаў, фашысты і іх памагатыя расстралялі і спалілі 1050 чалавек, з якіх амаль 600 — дзеці. Большасць загінулі ў агні жывымі. Выратавацца ўдалося толькі дзясятку параненых, якія пазней расказалі пра тое, што адбылося. Па даных акта аб зверствах акупантаў пасля фашысцкай расправы над мясцовымі жыхарамі масавыя пахаванні людзей знаходзіліся па ўсім перыметры вёскі. Пасля вайны целы ахвяр фашызму перапахавалі ў брацкай магіле ў цэнтры Першамайска, дзе і ўстаноўлены памятны знак.
Канцэпцыю абнаўлення месца памяці распрацавала творчая каманда Інстытута «Гомельграмадзянпраект». Праведзена рэканструкцыя існуючага пахавання, узведзена капліца-званіца, стэла, дзе ўвекавечана была назва вёскі — Кабылева. Добраўпарадкавана тэрыторыя — у тым ліку ўладкавана аўтамабільная паркоўка, санітарна-тэхнічны блок, вонкавае асвятленне мемарыяла. Акрамя таго, спецыяльна для гэтага месца памяці створана аўтарская кампазіцыя — сімвал жалобы і памяці аб ахвярах фашызму — памятны знак «Смуткуючая маці».

Падчас агульнарэспубліканскага марафону па навядзенні парадку гэтай восенню кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама арганізавала маштабны працоўны дэсант па добраўпарадкаванні тэрыторыі менавіта памятнага пахавання ў вёсцы Першамайск Рэчыцкага раёна.
— Людзі выходзілі на суботнікі, пералічвалі сродкі, дапамагалі добраўпарадкоўваць тэрыторыю. Асаблівых слоў заслугоўвае аўтар памятнага знака — мастак па камені Сяргей Раманюк. Чалавек рэдкай душы, які шмат гадоў бязвыплатна аднаўляе воінскія пахаванні. Ён стварае помнікі не дзеля славы, а з унутранага пачуцця. «Смуткуючая маці» — магутны сімвал болю і пакуты, — асабліва падкрэсліў на цырымоніі адкрыцця абноўленага мемарыяла ахвярам фашызму старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Удзел у мітынгу з нагоды знакавай падзеі таксама прынялі намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, грамадскія арганізацыі і працоўныя калектывы рэгіёна.
Як звярнуў увагу кіраўнік Гомельскага рэгіёна, мемарыял ахвярам фашызму ў вёсцы Першамайск — знакавае месца памяці не толькі на карце вобласці, але і ў сэрцы кожнага яго жыхара.
— Захаванне гістарычнай памяці, гістарычнай праўды — наш агульны абавязак перад загінулымі, перад нашымі дзецьмі. Мы ніколі і нікому не дазволім перапісаць гэту праўду. Таму што ў нашым грамадстве асаблівая сіла — сіла памяці, якая захоўвае боль і пакуты беларускага народа ў гады фашысцкай акупацыі і глыбокую павагу да пакалення пераможцаў, якая стала маральным компасам, крыніцай гістарычнай пераемнасці і трывалым фундаментам суверэнітэту і незалежнасці нашай любімай Беларусі, — выказаў упэўненасць старшыня аблвыканкама.

Як нагадаў намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук, сёння матэрыялы крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа дазваляюць даведацца аб невядомых раней фактах трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны.
— Літаральна днямі генеральным пракурорам накіравана шостая крымінальная справа ў Вярхоўны Суд — у адносінах да афіцэра СС Ганса Зіглінга, які ўзначальваў 57-ы карны батальён. Ён быў сфарміраваны восенню 1941 года, на яго рахунку каля 2 тысяч знішчаных нашых суайчыннікаў таго перыяду, больш за дзясятак знішчаных населеных пунктаў. Справа ў бліжэйшы час будзе разгледжана Вярхоўным Судом, — звярнуў увагу Аляксей Стук. — Заходнія эліты замоўчваюць праўду аб гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Да гэтага часу многія карнікі, калабарацыяністы, нацысты ўзводзяцца ў ранг герояў, так званых барацьбітоў за нацыянальны вызваленчы рух. Але мы вось ведаем, што гэта былі бандыты, забойцы і звяры, якія проста забівалі безабароннае мірнае насельніцтва, — падкрэсліў намеснік генпракурора Беларусі.

Заслужаны работнік пракуратуры, ураджэнец Рэчыцкага раёна Віктар Марозаў — адзін з тых, хто вельмі актыўна падтрымаў ініцыятыву мясцовых жыхароў і супрацоўнікаў пракуратуры Гомельскай вобласці па абнаўленні мемарыяла ахвярам фашызму ў вёсцы Першамайск.
— Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе працягваецца. Мы ведаем прозвішчы тых карнікаў з ліку эсэсаўскіх афіцэраў, якія камандавалі знішчэннем вёскі і жыхароў. Таму задача цяперашняга пакалення пракурораў, следчых, архівістаў, краязнаўцаў — устанавіць асобы ўсіх. У кожным раёне ёсць свая Хатынь, і трэба, каб былі помнікі, месцы пакланення для маладога пакалення, каб людзі ведалі сваю гісторыю, — заклікаў Віктар Марозаў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»