Top.Mail.Ru

Абноўлены завод па вытворчасці гідрацыліндраў адкрылі ў Кобрыне

«Салео-Кобрын» правёў маштабную мадэрнізацыю вытворчасцей і адкрыў абноўлены завод. У цырымоніі прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Матусевіч і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, перадае БелТА.


У Беларусі захавалі традыцыю адкрыцця важных прамысловых і сацыяльных аб’ектаў напярэдадні 7 лістапада. «Пакуль недзе нестабільна, наша краіна пад кіраўніцтвам Прэзідэнта развіваецца», — сказаў Дзмітрый Матусевіч. Ён падкрэсліў, што дзякуючы працы беларусаў паступова развіваюцца і рэгіёны, і рэспубліка ў цэлым.

Кобрынскае прадпрыемства з’яўляецца буйнейшым вытворцам гідрацыліндраў у Беларусі. За апошнія некалькі гадоў там рэалізавалі шэраг інвестыцыйных праектаў. У прыватнасці, укаранёна інавацыйная тэхналогія зваркі трэннем штокаў гідрацыліндраў. Новаўвядзенні далі магчымасць знізіць сабекошт выпускаемай прадукцыі, дасягнуць стабільнага і якаснага зварнога злучэння. Створаны новыя рабочыя месцы. Таксама арганізавана вытворчасць гідраўлічных размеркавальнікаў і пашырэнне мадэльнага рада гідрацыліндраў для павелічэння аб’ёмаў выпуску і нарошчвання экспартных паставак.

«Прэзідэнтам перад урадам пастаўлена задача — зрабіць беларускую гідраўліку. Мы бачым адзін з элементаў вырашэння гэтай задачы — вытворчасць гідрацыліндраў. Наша развітая машынабудаўнічая краіна ў вялікім аб’ёме спажывае такія вырабы. І гідрацыліндры павінны быць высокай якасці — гэта важнейшы элемент. Прэзідэнт звяртае ўвагу машынабудаўнікоў на тое, што якасць павінна расці як для ўнутранага рынку, так і для экспарту. Адпаведна, рэалізацыя гэтага праекта дае магчымасць забяспечыць прамысловасць прадукцыяй сусветнага ўзроўню», — адзначыў Дзмітрый Матусевіч. Ён назваў гэты праект паказальным з пункту гледжання рэгіянальнага развіцця: калектыў атрымаў мадэрнізаваныя рабочыя месцы, паступова ўкараняецца ў працэс аўтаматызацыя.


У цэлым на прадпрыемстве праведзена маштабная мадэрнізацыя, якая вялася без спынення асноўнай вытворчасці. Выкананы рамонтныя работы, пастаўлена сучаснае абсталяванне — ад апрацоўчых цэнтраў да рабатызаваных такарных комплексаў. Пашыраны тэхналагічныя магчымасці па выпуску высоканагружаных гідрацыліндраў для экскаватараў, бульдозераў, іншай тэхнікі з намінальным ціскам больш за 30 Мпа, а таксама буйнагабарытных тэлескапічных гідрацыліндраў, у тым ліку двухбаковага дзеяння. У гэтым годзе асартымент гідрацыліндраў пашыраны за кошт магутных навінак з ходам штока 5 м, распрацаваных спецыяльна для цяжкіх сельскагаспадарчых паўпрычэпаў.

«Завершаны этап па мадэрнізацыі прадпрыемства. Але нельга спыняцца на дасягнутым. Тэхналогіі так хутка мяняюцца, канкурэнтнае асяроддзе прымушае імкнуцца наперад. Гэта прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці складаных тэхнічных вырабаў, якія выкарыстоўваюць нашы буйныя машына- і аўтамабілебудаўнікі. Трэба думаць над дыверсіфікацыяй бізнесу, — нацэліў Пётр Пархомчык. — Завяршыўшы адзін інвестыцыйны праект, трэба мець у запасе яшчэ некалькі, каб павышаць вынікі, а людзі мелі дастойную зарплату».


У прадпрыемства ёсць планы на перспектыву. «Вядома, складана рэалізаваць праект на праекце, каб не наклаліся фінансавыя абавязацельствы. У нас ёсць ідэі па стварэнні на гэтай пляцоўцы гатовага прадукту, на які будзе ўстанаўлівацца наш гідрацыліндр, і ён паедзе да спажыўца. Падрабязнасці пакуль расказаць не можам, але над гэтым ужо сёння працуем», — падзяліўся першы намеснік генеральнага дырэктара ТАА «САЛЕО» — кіруючая кампанія холдынга» Аляксандр Дземідовіч.

Гісторыя прадпрыемства бярэ пачатак у 1940 годзе са стварэння майстэрняў па рамонце машын і сельскагаспадарчай тэхнікі, якія ў 1950 годзе былі рэарганізаваны ў Кобрынскі рамонтны завод. Паслядоўна пашыралася наменклатура, адбываліся пераўтварэнні. Цяпер ААТ з’яўляецца асноўным пастаўшчыком гідрацыліндраў на многія канвееры буйных машынабудаўнічых заводаў, у тым ліку за межамі Беларусі. Геаграфія экспарту пашыраецца: прадукцыя адгружаецца ў Расію, Казахстан, а ў складзе беларускай тэхнікі кобрынскія гідрацыліндры пастаўляюцца таксама ў краіны Афрыкі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю