Top.Mail.Ru

Абноўленыя масты, дарогі, стадыёны, дзіцячыя сады, амбулатурыі і паліклінікі: якія падарункі атрымалі беларусы да свята 7 лістапада

Традыцыйна да свята Кастрычніцкай рэвалюцыі ў краіне рэканструююць і ўводзяць у строй вялікую колькасць важных аб’ектаў, у тым ліку сацыяльных: паліклінікі, бальніцы, дзіцячыя сады, навучальныя ўстановы, спартыўныя комплексы, жылыя дамы, масты і дарогі. Пра тое, якія падарункі атрымалі беларусы да свята сёлета, раскажам у гэтым аглядзе.



Прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі заўсёды былі людзі, іх дабрабыт і здароўе. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця дзіцячай паліклінікі нумар 18 у Мінску ў мікрараёне Лошыца.


Агульная колькасць абслугоўваемага насельніцтва новай установы — больш за 15 тысяч дзяцей і падлеткаў да 18 гадоў. Паліклініка разлічана на 480 наведванняў за змену.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу адзначыла, што адкрыццё новых сацыяльна важных аб’ектаў у краіне напярэдадні святкавання 7 лістапада стала добрай традыцыяй. «Прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі, аб чым заўсёды гаворыць Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, з’яўляюцца нашы людзі. Гэта ўключае ў сябе здароўе, камфортныя ўмовы пражывання і ўсе тыя моманты, якія вызначаюць нармальнае жыццё. Вядома, для любога чалавека найвышэйшай каштоўнасцю з’яўляецца здароўе яго і яго блізкіх. А для нас галоўным прыярытэтам застаецца здароўе ўсіх беларусаў. Важна, каб мы ўсведамлялі і шанавалі ўсё тое, што зроблена. Калі мы будзем разумець, што разам павінны гэта ўсё захаваць, то і мы, і нашы дзеці, і нашы ўнукі будзем жыць у такой цудоўнай краіне, якой мы па праве ганарымся», — сказала Наталля Качанава.

Старшыня Савета Рэспублікі дадала, што да канца года будуць адкрыты яшчэ паліклінікі ў Мінску.

Таксама ў сталіцы напярэдадні свята быў адкрыты рух па пуцеправодзе паміж вуліцай Маскоўскай і праспектам Незалежнасці. На гэтым пуцеправодзе была праведзена вельмі сур’ёзная і маштабная работа. Усяго на работы па капрамонце моста спатрэбілася 9 месяцаў. Але да таго, як адкрыць пуцеправод, ён прайшоў этап строгіх выпрабаванняў, якія завяршыліся паспяхова.


Сапраўдным святам для жыхароў аграгарадка Юзуфава Мінскага раёна і навакольных населеных пунктаў стала адкрыццё ўрачэбнай амбулаторыі. Атрымаўшы магчымасць упершыню пабываць у сучасным, прыгожым і ўтульным будынку ўстановы аховы здароўя, вяскоўцы не хавалі сваіх захапленняў. Старэйшыя радаваліся добра абсталяваным кабінетам, дзятва — новаму гарадку ў добраўпарадкаваным двары.


Як расказала загадчыца амбулаторыі, урач агульнай практыкі Вікторыя Нічунова, абслугоўвае гэтая ўстанова аховы здароўя амаль 1,8 тыс. чалавек, з іх 273 — дзеці, уключаючы дзесяць малых да года. 

«З увядзеннем новага аб’екта змяніліся не толькі ўмовы працы медперсаналу, якасць дапамогі значна вырасла. Бо асноўная частка насельніцтва, у тым ліку дзяцей, сканцэнтраваная менавіта ў аграгарадку. Цяпер мамам з малымі не давядзецца пераадольваць пешшу некалькі кіламетраў на візіт да ўрача», — адзначыла Вікторыя Нічунова.

Таксама ў Мінскім раёне 6 лістапада адкрыўся новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Імпульс Драйв». Значны аб’ект з’явіўся ў вёсцы Ляскоўка Бараўлянскага сельсавета, які з’яўляецца адным з найбуйнейшых на тэрыторыі прысталічча. Сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс урачыста расчыніў свае дзверы для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і прафесійных спартсменаў.


Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка адзначыў, што адкрыццё ФАКу прадаўжае добрую традыцыю напярэдадні дзяржаўных свят уводзіць у строй важныя сацыяльныя аб’екты, што пацвярджае і сацыяльную арыентаванасць палітыкі нашай дзяржавы.

«Гэта перш за ўсё клопат аб людзях, павышэнне ўзроўню іх жыцця. У гэтым шматфункцыянальным збудаванні створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам і актыўнага адпачынку. Плаванне, гандбол, валейбол, міні-футбол, настольны тэніс, трэнажорная зала і зала для ўсходніх адзінаборстваў — кожны знойдзе для сябе адзін са спартыўных напрамкаў», рэалізацыю праекта.

На тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны «Брэст» 5 лістапада адкрылі завод па вытворчасці экструдаванага алюмініевага профіля. Інвестыцыйны праект рэалізаваў рэзідэнт СЭЗ — ТАА «Арлайт ПРА». У раёне брэсцкага аэрапорта і было пабудавана гэтае прадпрыемства па вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі.


Створана 67 працоўных месцаў. Калі прадпрыемства выйдзе на поўную магутнасць, там змогуць працаваць 350 чалавек. Пры адназменным графіку работы за месяц на заводзе плануецца вырабляць 70-80 т профілю.

«Новыя прадпрыемствы даюць імпульс для развіцця эканомікі, ствараюць дадатковыя рабочыя месцы, паляпшаюць умовы жыцця грамадзян, якія жывуць на тэрыторыі раёна», — звярнуў увагу старшыня Брэсцкага райвыканкама Рыгор Панасюк. Ён дадаў, што на тэрыторыі Брэсцкага раёна інвестыцыі ўкладваюць, у прыватнасці, у стварэнне прыгранічнай інфраструктуры, будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў, гандлёвых аб’ектаў.

У Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы адкрылі абноўлены рэнтген-кабінет. Ранейшы рэнтгенаўскі апарат быў плёнкавым, наспела неабходнасць у больш сучасным — лічбавым. За кошт рэспубліканскага бюджэту для Столінскай ЦРБ быў набыты рэнтген-апарат «Уніэксперт 2+» коштам Br174,2 тыс. Для яго ўстаноўкі ў бальніцы за некалькі месяцаў зрабілі капітальны рамонт кабінета. На гэтыя мэты з мясцовага бюджэту накіравалі больш як Br450 тыс.


Напярэдадні свята ў Гродзенскай вобласці расчыніла свае дзверы мноства новых аб’ектаў, якія сёння сталі неад’емнай часткай жыцця мясцовых жыхароў. У пачатку тыдня ў Ашмянскім раёне ўрачыста адкрылі мадэрнізаваны комплекс памежнай заставы «Крэйванцы». Гэта падзея стала сімвалам умацавання бяспекі і стабільнасці. У Смаргонскім раёне адбылося адкрыццё навучальнага комплексу «Пагранічная застава» навучальнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, што падкрэслівае важнасць падрыхтоўкі кадраў для абароны нашай краіны.

Асаблівую ўвагу гродзецаў прыцягнуў доўгачаканы запуск новай дарогі да мікрараёна Альшанка. Траса Н-6038 Гродна — Старадубавая — Адэльск была поўнасцю мадэрнізавана і пераўтворана ў сучасную гарадскую магістраль. Гэта падзея стала сапраўдным святам для жыхароў, якія зараз могуць больш камфортна і хутка дабірацца да сваіх дамоў і працы. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў адзначыў, што дзякуючы намаганням будаўнікоў цэнтральная частка горада стала менш загружанай, а новая дарога адпавядае ўсім тэхнічным стандартам. Прадугледжана якаснае пакрыццё праезнай часткі, тактыльныя элементы для людзей з парушэннямі зроку, сучасныя святлафорныя сістэмы.

У абласным цэнтры адбылася яшчэ адна важная падзея — адкрыццё Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра «Фтызіятрыя». Таксама былі адкрыты палатны хірургічны корпус і лабараторна-дыягнастычны корпус, размешчаныя ў абласным клінічным анкалагічным дыспансеры. Гэтыя аб’екты забяспечаць высокі ўзровень медыцынскай дапамогі і палепшаць якасць жыцця пацыентаў. А ў Слонімскім раёне адкрыўся кабінет МРТ у раённай цэнтральнай бальніцы, які значна павысіць даступнасць якаснай медыцынскай дыягностыкі для мясцовых жыхароў.


У Астравецкім раёне адбылося адкрыццё малочнатаварнага комплексу «Дравенікі» КСУП «Гудагай». Гэта першы з 10 інвестыцыйных праектаў, накіраваных на будаўніцтва сучасных вытворчых аб’ектаў. Праекты рэалізуюцца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у рамках маштабнай праграмы мадэрнізацыі і будаўніцтва малочнатаварных комплексаў. У Іўеўскім раёне пасля рэканструкцыі адкрыўся МТК на 900 галоў, што таксама сведчыць аб імкненні да развіцця сельскай гаспадаркі і павышэнні яе эфектыўнасці.

У Шаркаўшчыне адкрылася прадпрыемства па ініцыятыве «Адзін раён — адзін праект». 

Рэалізацыя інвестпраекта «Шматпрофільная харчовая плодаагароднінная перапрацоўчая вытворчасць» пачалася ў 2022 годзе. Пры будаўніцтве была ўцягнута ў гаспадарчы абарот маёмасць, якая не выкарыстоўваецца. На прадпрыемстве створаны 20 новых працоўных месцаў, а ў перспектыве дабавіцца яшчэ 30.

Тут вырабляюць сокі прамога адціскання. Прадукцыя экспартна арыентаваная, 65 працэнтаў яе плануецца пастаўляць у Расію, а астатняе пойдзе на рэалізацыю на ўнутраны рынак. Сок пакуюць у пачкі аб’ёмам 1,5, 3 і 5 л, на будучыню распрацоўваюць шкляную тару. Пакуль у перапрацоўку ідуць яблыкі, але ў наступным годзе прадпрыемства будзе выкарыстоўваць ягады, а вясной — бярозавы сок. У перспектыве тут будуць вырабляць яшчэ сухафрукты, карысныя прадукты з садавіны з мёдам.

Што дае невялікім гарадам з’яўленне падобных прадпрыемстваў? Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, які прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця, адзначыў: «Новыя працоўныя месцы, паступленні ў бюджэт, самае галоўнае — гэта развіццё раёна, кадры захоўваем. Сёння ў Шаркаўшчыне пражывае каля 6 тысяч чалавек. Цалкам невялікі гарадскі пасёлак, які набывае новае аблічча — два гады таму тут прайшлі „Дажынкі“, з’яўляюцца новыя аб’екты. Хацелася б, каб іх было больш і ў іншых рэгіёнах нашай краіны», — зазначыў ён.

Ігар Сергяенка падкрэсліў, што ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект» спрыяльна адбіваецца на эканамічным развіцці раёнаў. «Дзякуючы рэалізацыі гэтай праграмы мяняецца эканамічны ландшафт нашай краіны. Відавочна, сёння можна гаварыць аб тым, што ў такім неспакойным свеце захаваць краіну можа толькі моцная ўлада, якая дзейнічае ў інтарэсах народа і абапіраецца на эканоміку, што моцна стаіць на нагах, і айчынны бізнес. Сёння па цаглінцы з такіх аб’ектаў складваецца эканоміка нашай краіны», — дадаў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Ігар Сергяенка таксама прыняў удзел у адкрыцці абноўленай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці ў Шаркаўшчыне, наведаў некалькі прадпрыемстваў АПК раёна. 

Паводле БелТА

Новы будынак ЗАГСа адкрыты ў горадзе Чашнікі. Першай урачыстасцю, якая ў ім адбылася, стала цырымонія ўшанавання шлюбнай пары Святланы і Андрэя Сушковых у сувязі з Каралавым вяселлем, 35-годдзем сумеснага жыцця. 

Гэта сімвалічная падзея падкрэсліла галоўнае пажаданне, якое лейтматывам праходзіла праз усё свята з нагоды адкрыцця доўгачаканага ЗАГСа ў Чашніках, — пажаданне рэгістрацыі большай колькасці шчаслівых і доўгіх сямейных саюзаў.

На працягу некалькіх апошніх гадоў ЗАГС размяшчаўся ў будынку тутэйшай гасцініцы. Сціплыя ўмовы не адпавядалі значнасці такой падзеі, як шлюб. Маладыя аддавалі перавагу таму, каб праводзіць урачысты абрад у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. 

Разам з тым у Чашніках пуставаў прыдатны будынак, у якім раней размяшчалася раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Было прынята рашэнне аб яго капітальным рамонце і рэканструкцыі. Аб’ём работ меўся быць вялікі — ад перапланіроўкі, замены інжынерных сетак, аконных блокаў і міжпакаёвых дзвярэй, уваходных груп галоўнага і службовага ўваходаў да рамонту фасада і ўнутранага чыставога аздаблення. Выкананне работ ПУП «Лукомльрамбуд» пачало летам, усё задуманае ўдалося ўвасобіць у жыццё практычна за тры месяцы. 

Галоўная перавага новага ЗАГСа — вялікая сучасная зала ўрачыстых абрадаў, напоўненая святлом і ўтульнасцю. З’явілася зала чакання для жаніха, нявесты і іх гасцей, зручныя кабінеты для супрацоўнікаў, а таксама архіўны пакой. 


— Зарэгістраваць шлюб у нашым ЗАГСе могуць усе жыхары Чашніцкага раёна незалежна ад фактычнага месца пражывання, — растлумачыла загадчык аддзела ЗАГС Чашніцкага райвыканкама Наталля Папялкова. — З пачатку года ў раёне зарэгістравана больш за 100 шлюбаў, амаль 90 фактаў нараджэння дзяцей, звыш 450 іншых актаў грамадзянскага стану. Хочацца, каб у нашай установе, якую па праве можна назваць домам нараджэння сям’і, фіксавалася больш шчаслівых падзей. Умовы для гэтага створаны дастойныя, нават уся мэбля і гукавая апаратура новыя. 

Да зручнасці наведвальнікаў добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, уключаючы аўтастаянку і ўнутраны дворык. Тут з’явілася скульптурная кампазіцыя ў выглядзе чары з парай галубоў над ёй — сімвал Чашнік і чыстага кахання. Гэтае месца абяцае стаць упадабанай лакацыяй для тэматычных фотасесій.

Абноўлены сквер Энергетыкаў адкрылі ў Хойніках Гомельскай вобласці. За час маштабнай мадэрнізацыі ў скверы, які быў узведзены ў Хойніках у знак прызнання заслуг многіх пакаленняў работнікаў энергетычнай галіны і іх укладу ў развіццё раёна, з’явіліся гранітныя ўваходныя групы, камфортныя лаўкі, малыя архітэктурныя формы, сучаснае асвятленне, абноўлены пешаходныя дарожкі, пашырана дзіцячая пляцоўка. «Мы тут збіраліся штогод ушанаваць памяць нашых энергетыкаў, якія ахвяравалі сваім здароўем, а некаторыя нават сваім жыццём, каб выратаваць свет ад радыяцыйнай небяспекі, — адзначыў генеральны дырэктар РУП „Гомельэнерга“ Міхаіл Каваленка. — І нарадзілася ідэя стварыць такое месца прыцягнення, каб людзі прыходзілі, памяталі пра тую трагедыю нароўні з вайскоўцамі, якія дапамагалі нашай краіне аднаўляць жыццё на забруджанай у выніку аварыі тэрыторыі». Ён звярнуў увагу: укладзеныя пры маштабным абнаўленні аб’екта сродкі — гэта інвестыцыі і ў здароўе людзей, і эстэтыку горада. «І, вядома, гэта памяць аб нашых ветэранах-энергетыках», — падкрэсліў генеральны дырэктар. 


Сапраўднай падзеяй для Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці стала адкрыццё басейна, якое адбылося з удзелам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Аб’ект размясціўся па суседству з першай школай, на тэрыторыі яго былога сада. Новы басейн мае 4 дарожкі, даўжыня якіх складае 25 м. Ёсць таксама маленькі басейн, дзе змогуць асвойваць азы плавання зусім маленькія жыхары раёна. Як адзначыў падчас адкрыцця Анатоль Ісачанка, аб’ект вельмі важны і патрэбны для раёна і перадаў на набыццё спартыўнага абсталявання сертыфікат на 10 тысяч рублёў. 



Магчымасць адзначыць свята на ўласных метрах атрымалі жыхары Асіповіч і Касцюковіч. Тут ўведзены ў эксплуатацыю жылыя дамы на 72 і 20 кватэр, адпаведна. 

У Магілёўскім раёне жыхароў аграгарадка Буйнічы павіншавалі з адкрыццём цалкам абноўленага дзіцячага садка. Падчас капрамонту пасвяжэў яго фасад, заменены дах, сантэхніка, электраправодка і ўсё астатняе, набытая новая мэбля. 

У Круглянскім раёне пасля пераезду ў новы мадэрнізаваны будынак запрацаваў Кручанскі ФАП. На яго абслугоўванні занходзіцца 13 населеных пунктаў. Яны атрымалі магчымасць не толькі скарыстацца своечасовай меддапамогай, але і звярнуцца да вузкіх спецыялістаў, якія будуць прыязджаць сюды па графіку. У Чэрыкаўскім раёне з удзелам прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі і Беларускай партыі «Белая Русь» .абноўлены помнік на брацкай магіле «Змагарам за Савецкую ўладу», а ў Краснапольскім раёне — помнік воінам-інтэрнацыяналістам.

Паводле паведамленняў карэспандэнтаў «Звязды» і БелТА
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю