Афарбоўка плоту, належнае захоўванне будматэрыялаў, пакос газона, пасадка дрэў і кустоў каля суседскага ўчастка — 18 мая ў Беларусі ўступілі ў сілу абноўленыя правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Цяпер гаспадары будуць абавязаны падтрымліваць свае падворкі ў належным стане. Мы даведаліся, каго будуць караць рублём за невыкананне гэтых норм. Новаўвядзенні датычацца кожнага ўладальніка зямельнага ўчастка, дома, дачы ў горадзе і сельскай мясцовасці.
Трава не вышэй за 20 см
На нядаўняй нарадзе па пытаннях кадравай палітыкі кіраўнік дзяржавы чарговы раз нагадаў, што ў краіне аб’яўлены Год добраўпарадкавання і запатрабаваў, каб на месцах больш актыўна працавалі з насельніцтвам, даводзячы да людзей, што парадак вакол сваіх дамоў трэба наводзіць абавязкова. Калі нехта не можа гэтага зрабіць самастойна (напрыклад, адзінокія пажылыя людзі), мясцовыя ўлады павінны аказаць дапамогу. «Добраўпарадкаванне — гэта захаванне і паляпшэнне таго, што ёсць у Беларусі», — дадаў Прэзідэнт.
Мабыць, найбольшы рэзананс выклікала змяненне, якое абавязвае рэгулярна скошваць на ўчастках і прылеглых тэрыторыях траву, сухую расліннасць, а таксама праводзіць высечку сухастою. У новых правілах дакладна прапісана дапушчальная вышыня зеляніны на газоне — да 20 см. Калі травяное покрыва перавышае ўказаную ў пастанове норму, яго неабходна касіць — на прыдамавой тэрыторыі, прыватным двары або землях агульнага карыстання. У выпадку адмовы ўладальніку будзе выпісана прадпісанне супрацоўнікамі аховы прыроды, санэпідстанцыі, УУС на ўстараненне заўвагі ў 10-дзённы тэрмін. Калі і пасля гэтага ніякай рэакцыі не было — выпісваецца штраф. Устараненне сухой расліннасці павінна праводзіцца не радзей двух разоў у год для забеспячэння пажарнай бяспекі і прадухілення распаўсюджвання шкоднікаў.
Удакладнены нормы па пасадцы дрэў і кустоў ля граніц з суседзямі. Так, высакарослыя насаджэнні трэба высаджваць не менш за тры метры ад плоту. Сярэднія і нізкія дрэвы і кустарнікі —двух і адзін метр адпаведна. Дарэчы, гэта не датычыцца культур, якія ўжо выраслі. Правілы актуальныя для новых пасадак, каб іх цень не падаў на двор і жылы дом. Калі ж хтосьці з суседзяў парушыў гэтыя нормы, можна папрасіць яго выправіць сітуацыю, перасадзіўшы яблыню ці грушу. Калі чалавек не ідзе на кантакт, то можна паскардзіцца на парушальніка.
Будаўнічыя матэрыялы павінны акуратна захоўвацца на паддонах і быць складзеныя ў адным месцы, а не раскіданыя па ўсім участку, нават нягледзячы на актыўную фазу ўзвядзення пабудоў.
Зразумела, што некаторым пенсіянерам цяжка справіцца самім, калі дзеці і ўнукі знаходзяцца далёка ці іх няма наогул. Таму ў спецарганізацыі і ЖКГ можна звярнуцца на дагаворнай аснове за паслугай па пакосе травы, рамонце гаспадарчай пабудовы або плота. Работнікі абавязкова навядуць парадак.
А што з дамамі?
Акрамя ўтрымання двароў у належным выглядзе, новыя правілы таксама датычацца жылых дамоў. Зараз гаспадары павінны аднаўляць і падфарбоўваць па неабходнасці фасад будынка, а трухлявыя гаспадарчыя пабудовы, калі няма магчымасці іх адрамантаваць, — зносіць.

Што да пустых участкаў з закінутымі дамамі, то сельсавет, адшукаўшы ўласніка, просіць усё прывесці ў парадак. Калі ж уладальніка няма, то пасля адміністрацыйнага працэсу суд прызнае яго безгаспадарным. Аб’ект можа быць выстаўлены на продаж, у тым ліку і за адну базавую. Таксама тэрыторыя можа адысці ў карыстанне для сельгасугоддзяў, ляснога фонду, пасля зносу пабудоў.
Увесну і ўвосень прадпрыемствы ЖКГ праводзяць маніторынг дзіцячых пляцовак і рыхтуюць план мерапрыемстваў па ўхіленні выяўленых недахопаў. Цяпер, згодна з абноўленымі правіламі, жыхарам шматкватэрных дамоў трэба сачыць за станам альтанак, дзіцячага і спартыўнага інвентару. Пры неабходнасці нешта падфарбоўваць, рамантаваць.
У ЖЭС могуць даць неабходны інвентар і фарбу, каб абнавіць лаўку ля пад’езда або прыбраць смецце. Будзе арганізаваны падвоз пяску для пясочніцы ці пляцоўкі. Але трэба спадзявацца выключна на дзяржаву, бо прыгажосць і эстэтыку на свой густ можна стварыць уласнымі рукамі.

Кантроль за выкананнем норм і правіл па добраўпарадкаванні ўскладзены на ведамства па ахове прыроды, санэпідстанцыю, органы УУС, таксама прадпрыемствы ЖКГ. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці з пачатку года ўжо было выдадзена 6652 рэкамендацыі па ўстараненні недахопаў, прадпісанняў — 199. Сума штрафаў па ўсіх ведамствах склала Br163 тыс. Як зазначае спецыяліст, гэта не самы высокі паказчык па краіне.
Калі не пагасіць штраф, то справа можа дайсці да суда. Праўда, часцей за ўсё людзі, атрымліваючы рэкамендацыю або прадпісанне, наводзяць парадак на сваім участку.
Паводле матэрыялаў БелТА