Ідэя стварэння гэтых цэнтраў была агучана Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 10 лютага на сустрэчы з кіраўнікамі традыцыйных канфесій нашай краіны. Кожны з іх павінен стаць той кропкай прыцяжэння, якая будзе знаёміць з культурай, традыцыямі, гісторыяй нашага народа, садзейнічаць умацаванню міжканфесійнага міру.
У праваслаўных гэта Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр і Спаса-Еўфрасінеўскі манастыр у Полацку. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Веніямін заўважыў, што ў кожным рэгіёне Беларусі ёсць важныя святыні, але бясспрэчнай перавагай рэлігійных цэнтраў Полацка і Жыровічаў стала тое, што менавіта гэтыя месцы штогод наведвае вялікая колькасць людзей. Ён падзякаваў Прэзідэнту за дзяржаўную падтрымку -- з яе дапамогай гэтыя рэлігійныя комплексы адрэстаўраваныя, добраўпарадкавана тэрыторыя, што дазваляе ім далей развівацца і прыцягваць яшчэ большую колькасць наведвальнікаў.
Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр
Спаса-Еўфрасінеўскі манастыр
Для стварэння каталіцкага духоўнага цэнтра абраны Будслаў. Штогод, каб пакланіцца абразу Будслаўскай Божай Маці і паўдзельнічаць у фэсце, які ўвайшоў у рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, сюды прыязджаюць тысячы гасцей з Беларусі і замежжа.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Будслаў)
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Іосіф Станеўскі заўважыў, што сёння ўздымаюцца пытанні аб развіцці інфраструктуры горада, каб людзі тут маглі спыняцца на больш працяглы час, знаёміцца з гісторыяй.Прадстаўнікі іўдзейскай канфесіі вызначылі, што Бабруйск, які сёння вельмі запатрабаваны ў турыстаў, заслугоўвае таго, каб стаць духоўным цэнтрам. Адноўленая гарадская сінагога прымае не толькі вернікаў, але і гасцей, якія хочуць больш даведацца пра гісторыю і культуру беларускіх яўрэяў. У адрэстаўраваным яўрэйскім дворыку праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, узведзена Сцяна плачу, дзе згадваюць пра ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Вернікі тут пакідаюць запіскі, якія пасля перадаюцца ў Іерусалім.
Пры выбары месца для стварэння мусульманскага духоўнага цэнтра разглядаліся Навагрудак, Смілавічы, Смаргоншчына. Выбар жа быў зроблены на карысць Іўя, дзе татары жывуць на працягу 625 гадоў. Тут захавалася не толькі мячэць, якая не зачынялася нават у час ваеннага ліхалецця, але і вялікія татарскія могілкі. Самае ж галоўнае, на думку кіраўніка Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі муфція Абу-Бекір Шабановіча, тое, што ў Іўі заўсёды прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і веравызнання жылі ў міры і ўзаемападтрымцы, гэта вельмі цэняць кіраўнікі і жыхары горада — у цэнтры стаіць помнік «У гонар сяброўства і згоды канфесій». Муфцмй адзначыў важнасць стварэння духоўных цэнтраў: «Узаемапавага, сяброўства, міласэрнасць, якія характэрныя для ўсіх рэлігій, вельмі значныя і добра кладуцца ў палітыку нашай дзяржавы, накіраванай на захаванне міралюбства».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ.