Top.Mail.Ru

«Абсалютны прыярытэт — гэта забеспячэнне бяспекі і захаванне міру на прасторы Садружнасці»

Аб чым Аляксандр Лукашэнка гаварыў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое праходзіла ў Душанбэ

Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД праходзіла спачатку ў вузкім, пасля ў шырокім складзе. На разгляд лідараў Садружнасці было вынесена каля двух дзясяткаў пытанняў. Яны датычыліся стварэння фармату «СНД плюс», энергетычнай бяспекі, супрацоўніцтва ў ваеннай сферы, у галіне пагранічнай бяспекі, барацьбы з транснацыянальнай злачыннасцю, іншых надзённых для Садружнасці тэм.

У сваім выступленні Прэзідэнт Беларусі закрануў самыя актуальныя з іх, як заўсёды, не толькі ўзняўшы праблемы, але і прапанаваўшы шляхі іх вырашэння. 

«Не толькі канстатацыя рызык і аналіз магчымасцяў, а выпрацоўка канкрэтных механізмаў узаемадзеяння»

STA_8758_result.jpg

Выступаючы на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у вузкім фармаце, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што процідзеянне тэрарызму, умацаванне надзейнасці граніц, барацьба з транснацыянальнай злачыннасцю даўно перастала быць задачамі асобных ведамстваў, стаўшы кампанентамі нацыянальнай бяспекі кожнай з дзяржаў СНД. Паводле слоў Прэзідэнта, шырокі парадак дня пасяджэння — прамое пацвярджэнне таго, што сучасныя пагрозы датычацца ўсіх.

«Мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі тэктанічных геапалітычных працэсаў, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Для кагосьці яны азначаюць цяжкае і крыўднае прывядзенне амбіцый у адпаведнасць з рэальнымі магчымасцямі. Для нашай жа Еўразіі яны — неабходны, хоць і балючы этап на шляху да росту глабальнай ролі і ўмацавання статусу аднаго з найважнейшых палітыка-эканамічных цэнтраў шматпалярнага свету».

Беларускі лідар выказаў упэўненасць, што агульныя выклікі патрабуюць максімальнай скаардынаванасці і выкарыстання ўсяго патэнцыялу СНД. «Таму наша сённяшняя мэта — не толькі канстатацыя рызык і аналіз магчымасцяў, а выпрацоўка канкрэтных механізмаў узаемадзеяння, якія практычна рэалізуюцца», — канкрэтызаваў ён.

«Мы не павінны дапусціць, каб дзяржавы СНД аказаліся ўцягнуты ў небяспечныя авантуры»

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на некалькіх ключавых стратэгічных кірунках у дзейнасці СНД. 

«Першы: абсалютны прыярытэт — гэта забеспячэнне бяспекі і захаванне міру на прасторы Садружнасці, — заявіў Прэзідэнт. — Мы не павінны дапусціць, каб дзяржавы СНД аказаліся ўцягнутымі ў небяспечныя авантуры, якія пагражаюць як нашаму рэгіёну, так і ўсяму чалавецтву». 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галіновыя саветы СНД, якія дзейнічаюць у сферы бяспекі, аператыўна рэагуюць на выклікі і пагрозы, што ўзнікаюць. «З іх падачы мы сёння прымем вельмі важныя рашэнні і дакументы: праграмы супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму на 2026 — 2028 гады, у сферы ўмацавання пагранічнай бяспекі на знешніх граніцах на 2026 — 2030 гады, Канцэпцыю ваеннага супрацоўніцтва да 2030 года», — удакладніў ён.

  • Прэзідэнт дадаў, што Беларусь чакае актыўнага ўдзелу прадстаўнікоў Садружнасці ў трэцяй Мінскай канферэнцыі высокага ўзроўню па еўразійскай бяспецы, якая запланавана на канец кастрычніка. Звяртаючыся да калег, Аляксандр Лукашэнка папрасіў даслаць прадстаўнікоў высокага ўзроўню на гэту канферэнцыю.

«Мы вельмі шмат гаворым, што ў нас ёсць Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, — канстатаваў ён. — Але на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў калі мы збіраліся? Калі мы абмяркоўвалі пытанні бяспекі? Калі мы, гледзячы адзін аднаму ў вочы, маглі сказаць тое, пра што мы думаем?».

Па словах беларускага лідара, Мінская канферэнцыя высокага ўзроўню па еўразійскай бяспецы якраз можа садзейнічаць такому адкрытаму дыялогу.

«Давайце бачыць партнёраў у першую чаргу адзін у адным»

«Другі: у аснове многіх, калі не ўсіх, сучасных канфліктаў ляжаць эканоміка і канкурэнцыя», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён упэўнены, што, каб выстаяць у гэтай барацьбе, забяспечыць устойлівае развіццё і павышэнне дабрабыту ўсіх нашых краін, трэба ўмацоўваць эканамічны фундамент і паглыбляць гандлёвае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, вытворчую кааперацыю.

«Давайце не страцім тое, што напрацавана пакаленнямі нашых людзей, — заклікаў беларускі лідар. — Давайце бачыць партнёраў у першую чаргу адзін у адным, максімальна пашыраць узаемадзеянне без усялякіх закрытых тэм».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, нягледзячы на «шалёны санкцыйны ціск Захаду», спробы ўбіць клін паміж краінамі СНД пагрозамі другасных санкцый, у Садружнасці ў бягучым годзе захоўваюцца станоўчыя тэмпы эканамічнага росту — 2,2 % за студзень — ліпень.

MGUK6108_001_01992_result.jpg

Тым не менш, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, трэба нарошчваць запас трываласці эканомік. Ён нагадаў свой тэзіс аб тым, што галоўнае — гэта эканоміка. «Мы так ці інакш упіраемся ў пытанне нашай сумеснай дзейнасці ў эканоміцы ў рамках (былога. — „Зв.“) Савецкага Саюза, агульнага рынку, — канстатаваў ён. — Размова тут не ідзе аб вяртанні да таго парадку, які быў у Савецкім Саюзе. Але агульны рынак быў глабальны, вялізны. Можа, нам адкінуць усялякія незразумелыя развагі-разважанні і заняцца нарэшце пытаннямі эканомікі, улічваючы тое, што патрэбна кожнаму з нас?»

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ў выпадку выпрацоўкі агульнай стратэгіі ўдасца аднавіць эканамічную прастору з улікам пажаданняў усіх дзяржаў і выбудаваць скаардынаваныя дзеянні на міжнароднай арэне ў галіне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Пры гэтым, падкрэсліў ён, ні ў якім разе не трэба закранаць амбіцыі кожнай з дзяржаў СНД. «Але гэта трэба пачынаць рабіць зараз», — заявіў беларускі лідар.

Акрамя таго, Прэзідэнт прывітаў прыняцце на пасяджэнні дэкларацыі аб супрацоўніцтве ў сферы забеспячэння рэгіянальнай энергетычнай бяспекі. Ён таксама нагадаў, што 29 верасня ў Мінску зацверджаны План мерапрыемстваў па рэалізацыі стратэгіі эканамічнага развіцця СНД да 2030 года.

«Рост цікавасці да супрацоўніцтва з нашымі агульнымі структурамі з боку трэціх краін набывае характар устойлівай тэндэнцыі»

Трэцім стратэгічным кірункам у дзейнасці Садружнасці Аляксандр Лукашэнка назваў умацаванне аўтарытэту і пазіцыянаванне СНД на міжнароднай арэне. «Актывізацыя інтэграцыйнага ўзаемадзеяння дзяржаў Еўразіі, рост цікавасці да супрацоўніцтва з нашымі агульнымі структурамі з боку трэціх краін набываюць характар устойлівай тэндэнцыі», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Беларускі лідар прапанаваў паглядзець, як у гэтым плане рушыла наперад Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, якія вынікі ёсць у ЕАЭС. «Садружнасці Незалежных Дзяржаў таксама неабходна ўмацоўваць узаемадзеянне з краінамі і арганізацыямі-аднадумцамі для прасоўвання ўзгодненага міжнароднага парадку дня, адстойвання нашых падыходаў і каштоўнасцяў», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым, па яго словах, агульным інтарэсам адпавядае надзяленне ШАС статусам назіральніка ў Садружнасці. Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі цалкам падтрымаў ініцыятыву Прэзідэнта Казахстана аб заснаванні фармату «СНД плюс».

  • Беларускі лідар выказаўся аб неабходнасці захавання традыцый міжкультурнай камунікацыі і гуманітарнага супрацоўніцтва — чацвёртым стратэгічным кірунку. Ён выказаў меркаванне, што ў бягучым годзе ўдалося годна правесці мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю Перамогі над фашызмам, у тым ліку заснаваўшы ганаровае званне СНД «Горад працоўнай славы. 1941 — 1945 гады». «У Беларусі цяпер яго з гонарам носяць Баранавічы і Орша», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ў 2026-м споўніцца 40 гадоў з дня адной з найбуйнейшых тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва — аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэтай тэме прысвечаны заява ў рамках СНД, а таксама прапанаваная на 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН рэзалюцыя па тэме Чарнобыля.

На заканчэнне кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь высока ацэньвае старшынства Таджыкістана ў органах СНД у 2025 годзе. Карыстаючыся выпадкам, Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Прэзідэнту Таджыкістана Эмамалі Рахмону за гасціннасць, а Выканкаму СНД — за высокі ўзровень падрыхтоўкі сёлетніх мерапрыемстваў.

Беларускі лідар павіншаваў Прэзідэнта Туркменістана з прыняццем Ашхабадам старшынства ў СНД. Аляксандр Лукашэнка запэўніў Сердара Бердымухамедава, што Туркменістан можа разлічваць на садзейнічанне Беларусі.

Дакументы з задзелам на будучыню 

5628_result.jpg

Па выніках саміту Садружнасці ў Душанбэ лідары дзяржаў — удзельніц СНД падпісалі пакет дакументаў. Кіраўнікі дзяржаў Садружнасці прынялі рашэнні аб заснаванні новага фармату — «СНД плюс» — і надзяленні ШАС статусам назіральніка пры СНД. «СНД плюс» стане платформай для супрацоўніцтва краін Садружнасці з іншымі дзяржавамі, іх аб’яднаннямі і міжнароднымі арганізацыямі, зацікаўленымі ва ўстанаўленні ўзаемадзеяння з СНД па кірунках, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.

Сярод дакументаў, прынятых па выніках саміту, — Дэкларацыя аб супрацоўніцтве ў сферы забеспячэння рэгіянальнай энергетычнай бяспекі. Дакумент з’яўляецца стратэгічнай асновай для развіцця ўзаемаадносін паміж дзяржавамі па забеспячэнні рэгіянальнай энергетычнай бяспекі.

Акрамя таго, на саміце зацверджаны Канцэпцыя ваеннага супрацоўніцтва дзяржаў СНД да 2030 года, праграма супрацоўніцтва дзяржаў Садружнасці ва ўмацаванні пагранічнай бяспекі на знешніх граніцах на 2026 — 2030 гады, праграма супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму, шэраг іншых дакументаў.

Сярод іншых рашэнняў і заяў, прынятых па выніках саміту, — сумесныя заявы ў гонар 80-й гадавіны стварэння ААН і ў сувязі з 40-й гадавінай аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Рашэннем лідараў краін Садружнасці Сяргей Лебедзеў прызначаны генеральным сакратаром СНД на наступныя тры гады.

Кіраўнікі дзяржаў таксама прынялі рашэнні аб спыненні шэрагу шматбаковых дагавораў, заключаных у рамках СНД.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

Падрабязнасці міжнародных кантактаў на палях саміту СНД

Адказваючы на пытанні журналіста тэлеканала «Першы інфармацыйны», прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля ЭЙСМАНТ раскрыла некаторыя падрабязнасці міжнародных кантактаў Аляксандра Лукашэнкі на палях саміту СНД у Таджыкістане.

Напярэдадні асноўнага дня саміту ў Душанбэ адбылася нефармальная вячэра лідараў краін СНД, якая праходзіла ў закрытым фармаце. «Пакуль нейкіх канкрэтных падрабязнасцяў я вам не раскажу, на тое яна і кулуарная частка, закрытая частка», — заўважыла прэс-сакратар у адказ на просьбу прыадкрыць дэталі праведзеных перагавораў. Яна патлумачыла, што на такіх мерапрыемствах прэзідэнты размаўляюць адзін з адным тэт-а-тэт, але ў шырокім складзе. 

«Размаўлялі доўга, вельмі даверліва і з вельмі добрым настроем. Вось гэта я ведаю дакладна», — удакладніла прэс-сакратар.

Размовы лідараў працягнуліся непасрэдна ў асноўны дзень саміту. Да яго пачатку адбылася размова прэзідэнтаў Беларусі і Таджыкістана Аляксандра Лукашэнкі і Эмамалі Рахмона. «Наш Прэзідэнт і Прэзідэнт Таджыкістана абмеркавалі ўвесь комплекс асноўных беларуска-таджыкскіх адносін, пытанняў, якія ў нас ёсць», — адзначыла Наталля Эйсмант.

На палях саміту СНД Аляксандр Лукашэнка размаўляў і з усімі астатнімі прэзідэнтамі, з прэм’ер-міністрам Арменіі. «Як гэта звычайна бывае на буйных міжнародных пляцоўках, усе выкарыстоўваюць гэты час для таго, каб паміж сабой паразмаўляць і канструктыўна паўзаемадзейнічаць», — патлумачыла прэс-сакратар.

На палях саміту СНД Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў

Прадстаўнікі расійскіх СМІ пацікавіліся ў беларускага лідара падрабязнасцямі закрытай размовы кіраўнікоў дзяржаў (пасля саміту яны гадзіну гаварылі за зачыненымі дзвярыма), у прыватнасці, словамі Уладзіміра Пуціна.

«Ён падрабязна праінфармаваў у тым ліку і аб Алясцы, аб дамоўленасцях, сітуацыі да Аляскі, аб сітуацыі пасля Аляскі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Журналісты ўдакладнілі, ці ёсць новая інфармацыя, якой Аляксандр Лукашэнка можа падзяліцца.

«Напэўна, вы ўсё ведаеце, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Наколькі я праінфармаваны, размова ішла аб прапановах саміх Злучаных Штатаў Амерыкі ў свой час, і Пуцін гэта пацвердзіў. Аб прапановах аб Украіне. ЗША, а не Расіі».

Прадстаўнікі медыя спыталі, ці актуальныя яшчэ гэтыя прапановы.

«Яно заўсёды будзе актуальна, — падкрэсліў беларускі лідар. — Калі б гэта было прынята сёння, сёння спынілася б вайна. Калі заўтра — заўтра».

У Аляксандра Лукашэнкі пацікавіліся, ці згодны ён з рашэннем Нобелеўскага камітэта аб прысуджэнні Нобелеўскай прэміі міру апазіцыйнаму палітыку з Венесуэлы. «Глупства поўнае, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Трамп заслужыў гэту Нобелеўскую прэмію, і яму трэба было аддаваць. Па ўсіх прычынах. Асабліва па тых прычынах, па якіх апошнім часам Нобелеўская прэмія прысуджалася ўвогуле абы-каму. Вы згадайце справы мінулыя, Прэзідэнту ЗША (Барак Абама. — „Зв.“), які ўвогуле нічога не зрабіў: стаў Прэзідэнтам — атрымаў гэту прэмію. А Трамп нямала зрабіў для міру. Яны вельмі дрэнную паслугу аказалі самому мірнаму працэсу ва ўсіх кропках. Трамп можа пакрыўдзіцца».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Нобелеўскі камітэт не міру прэмію прысудзіў, а прысудзіў прэмію тым, хто не зацікаўлены ў міры. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што ён нічога не мае супраць лаўрэата з Венесуэлы, ён яе не ведае.

«Абсалютна перакананы, што з усіх пазіцый, і асабліва на перспектыву, каб Трампа прывязаць гэтай Нобелеўскай прэміяй да мірнага працэсу, трэба было даваць яму гэту прэмію, — лічыць беларускі лідар. — Блізарукае рашэнне, увогуле не зразумела якое рашэнне. Гэта так, экспромтам...»

Гавораць удзельнікі

Уладзімір ПУЦІН, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі:

«Дзверы Садружнасці адкрытыя для ўсіх. На мой погляд, гэта выгадна — эканамічныя выгоды дае, большыя рынкі адкрывае, стварае лепшыя ўмовы для кааперацыі. У рэшце рэшт гэта проста карысна. У рамках СНД ідуць працэсы імпартазамяшчэння. Мяркую, гэта важна і для ўсіх нас: важна не замясціць штосьці, а быць лідарамі дзесьці, і не проста дзесьці, на нейкай перыферыі развіцця, а па ключавых кірунках. Нашымі краінамі выбудоўваецца ўстойлівая і незалежная ад знешняга ўплыву фінансавая інфраструктура. Практычна ўсе ўзаемаразлікі цяпер выконваюцца ў нацыянальных валютах. Іх доля ў камерцыйных аперацыях паміж удзельнікамі СНД у першым паўгоддзі 2025 года склала 96 %. Гэта не значыць, што краіны адмаўляюцца ад выкарыстання іншых плацежных інструментаў і валют. Гэта павышае нашы незалежнасць і суверэнітэт. Гэта рэч відавочная, у сучасным свеце асабліва. Гэта дае магчымасць незалежна ад міжнароднай кан’юнктуры пашыраць таварныя абмены, ажыццяўляць сустрэчныя інвестыцыі, развіваць уласны рынак капіталу. Самае галоўнае заключаецца ў тым, што нам удалося захаваць такую пляцоўку не проста для адносін, а стварыць і агульны рынак, і агульную гуманітарную прастору ў вядомай ступені захаваць».

Эмамалі РАХМОН, Прэзідэнт Таджыкістана:

«Таджыкістан у год свайго старшынства ў СНД у цесным супрацоўніцтве з дзяржавамі-ўдзельніцамі і Выканаўчым камітэтам працягнуў комплексную работу па рэалізацыі намечаных мэт. Прыярытэтная ўвага была ўдзелена працэсу ўдасканалення дзейнасці арганізацыі, пры гэтым прадоўжана работа па пашырэнні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, развіцця транспартна-лагістычных узаемазвязанасці і лічбавай інтэграцыі. У полі зроку пастаянна знаходзіліся пытанні ўмацавання бяспекі. Актыўна рухалася гуманітарнае вымярэнне. Заўсёды рады прымаць у нашай краіне сяброў і партнёраў, з якімі нас аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы і імкненні ў развіцці супрацоўніцтва».

Сердар БЕРДЫМУХАМЕДАЎ, Прэзідэнт Туркменістана:

«СНД павінна і ў далейшым служыць важным інструментам супрацоўніцтва, заснаванага на добрай волі ўдзельнікаў, раўнапраўі і ўзаемапавазе, суаднясенні з нацыянальнымі інтарэсамі кожнай краіны. Менавіта гэта забяспечвала і будзе ў далейшым забяспечваць Садружнасці Незалежных Дзяржаў жыццяздольнасць і гнуткасць, раскрываць новыя грані і перспектывы партнёрства, абумоўліваць існаванне СНД у якасці аднаго з фактараў устойлівасці сістэмы міжнароднай стабільнасці і бяспекі. Прынятае рашэнне аб старшынстве Ашхабада ў СНД у2026 годзе туркменскі бок разглядае як сведчанне павагі і даверу з боку ўсіх дзяржаў — удзельніц Садружнасці. Туркменістан з усёй адказнасцю падыдзе да старшынства, у поўнай меры ўсведамляе маштаб і ўзровень задач, якія трэба будзе вырашаць. Сваёй мэтай на перыяд старшынства мы бачым усялякае садзейнічанне ўмацаванню супрацоўніцтва і партнёрскага ўзаемадзеяння дзяржаў-удзельніц для максімальнай рэалізацыі патэнцыялу СНД, эфектыўнага развіцця дзяржаў Садружнасці, росту дабрабыту і якасці жыцця народаў нашых краін. СНД з’яўляецца адным з фактараў устойлівасці міжнароднай сістэмы бяспекі».

Касым-Жамарт ТАКАЕЎ, Прэзідэнт Казахстана: 

«Для поўнага раскрыцця транспартнага патэнцыялу ўсіх нашых краін перад намі стаіць задача стварэння сучаснай інфраструктуры. Прапаную разгледзець магчымасць падрыхтоўкі адзінай лічбавай транспартна-лагістычнай карты Садружнасці. Яна дасць магчымасць аб’яднаць нацыянальныя інфраструктурныя планы і стварыць цэласную прастору транспартнай узаемазвязанасці, што забяспечыць умовы для прыцягнення вялікага аб’ёму інвестыцый. Блізкая да завяршэння падрыхтоўка канцэпцыі спалучэння галоўных транспартных артэрый, якія праходзяць па тэрыторыях дзяржаў СНД. Для эфектыўнага кіравання грузапатокамі, зніжэння выдаткаў і мінімізацыі рызык трэба было б дапоўніць гэты дакумент палажэннямі, якія прадугледжваюць укараненне тэхналогій штучнага інтэлекту. Прадуктыўнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва магчыма толькі пры наяўнасці транспартных калідораў, якія актыўна функцыянуюць. Шырокі рэгіён СНД традыцыйна выступае сувязным звяном паміж Еўропай і Азіяй, адыгрываючы асаблівую ролю ў глабальнай транспартна-лагістычнай сістэме. Казахстан гатовы дапамагчы членам СНД у падрыхтоўцы спецыялістаў па рабоце са штучным інтэлектам, здольных працаваць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на глабальным рынку.

Шаўкат МІРЗІЁЕЎ, Прэзідэнт Узбекістана:

«Дзякуючы наладжаным за дзесяцігоддзі механізмам і кантактам вядзецца цесная сумесная работа па ўсім спектры эканамічных, сацыяльных і гуманітарных пытанняў. Мы зацікаўлены ў далейшым умацаванні супрацоўніцтва ў рамках СНД, а таксама павышэнні рэзультатыўнасці практычнага ўзаемадзеяння з краінамі, якія з’яўляюцца нашымі сапраўднымі партнёрамі. Безумоўным прыярытэтам з’яўляецца нарошчванне

эканамічнага партнёрства з улікам сітуацыі, якая пагаршаецца ў сусветнай эканоміцы, узмацнення пратэкцыянізму і з’яўлення новых выклікаў устойліваму развіццю. У мэтах захавання набраных тэмпаў і дынамікі супрацоўніцтва ў рамках СНД варта засяродзіць сумесныя намаганні ў такіх кірунках, як нарошчванне тавараабароту, паглыбленне ўзаемадзеяння ў галіне транспарту, стымуляванне росту ўзаемных інвестыцый, развіццё супрацоўніцтва ў сферах лічбавізацыі і энергетыкі. Важна пашыраць сумесныя праекты і праграмы ў сферы навукі, адукацыі, культуры і мастацтва, працягваць сістэмныя, цесныя кантакты па лініі знешнепалітычных ведамстваў і спецслужбаў».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю