Top.Mail.Ru

Абяцанні лёгкага прыбытку і імгненнага ўзбагачэння заканчваюцца прадказальна сумна

Усё часцей кіберзлачынцы адыходзяць ад звычайных тэлефонных званкоў і ствараюць цэлыя шматступеньчатыя схемы падману. У інтэрнэт-прасторы, сацсетках «ліпа» квітнее на поўную моц — у любы момант можна натрапіць, як на падводныя камяні, на падробленыя сайты і асабістыя кабінеты. Што ўжо казаць пра фэйкавых супрацоўнікаў міліцыі і прадстаўнікоў розных фінансавых устаноў.


Небяспечныя інструкцыі

Пра чарговы выпадак махлярства расказалі ў ГУУС Мінгарвыканкама: жыхар сталіцы страціў амаль 10 тысяч рублёў, стварыўшы крыптакашалёк пад дыктоўку аферыстаў.

21-гадовы юнак стаў ахвярай шматступеньчатай схемы. Спачатку яго падлавілі на схеме «Белпошты» — паведамілі па тэлефоне пра заказное пісьмо і папрасілі назваць код з СМС. Пасля гэтага званок быў ужо ад другога злачынцы, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ і пераканаў маладога чалавека ў тым, што ён стаў ахвярай махляроў і міжволі перадаў ім доступ да сваіх асабістых звестак.

— Каб аферысты не змаглі здзейсніць ад яго імя незаконныя пераводы, «памочнік» параіў юнаку прытрымлівацца інструкцый, — расказалі дэталі махлярства ў ГУУС.

У выніку хлопец стварыў крыптакашалёк і пералічыў туды ўсе свае грошы. Літаральна праз сем хвілін яго віртуальны баланс быў ужо нулявым, а сувязь з «дабрадзеямі» абарвалася. Зламыснікаў шукаюць — узбуджана крымінальная справа.

Пастка для «інвестара»

Але небяспечныя сёння не толькі тэлефонныя званкі.

— Сёлета ў структуры махлярстваў пераважаюць такія спосабы авалодання грашыма пацярпелых, як вішынг ад імя службовых асоб, продаж неіснуючага тавару на розных інтэрнэт-рэсурсах, падман грамадзян на падставе ўкладання сродкаў у крыптавалюту або здзелак з ёю на неіснуючых біржах. У большасці выпадкаў зносіны адбываюцца ў месенджарах, — канстатаваў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС Аляксандр РЫНГЕВІЧ.

Таксама на змену класічным схемам ашуканцаў актыўна прыходзяць «інвестыцыйныя». Гэта выглядае так. Спачатку зламыснікі дэманструюць магчымасці лёгкага заробку, бонусы і нават абгаворваюць вывад сродкаў. Ствараюць сайты-двайнікі, якія знешне цяжка адрозніць ад адпаведных рэсурсаў сапраўдных банкаў або брокерскіх фірм. Прадстаўляюцца эканамістамі, брокерамі і, зразумела, абяцаюць высокі прыбытак. Што для гэтага патрэбна? Зарэгістравацца на сайце і папоўніць віртуальны рахунак.

Спачатку «даход» на ім можа нават расці — «дзякуючы ўдалым інвестыцыям». Але радавацца рана: рэальныя грошы ўжо знаходзяцца ў кібермахляроў. А «плюсы» да вашых нібыта інвестыцый — звычайная падробка, малюнак, створаны аферыстамі, каб прытупіць вашу пільнасць. Потым, калі грошы ў імгненне вока знікаюць, ахвяра нават не заўсёды ўсведамляе факт падману, лічачы, што прайграла ў здзелках на фінансавым рынку.

— Патэнцыяльным ахвярам прапануюць не заходзіць на платформу самастойна — маўляў, у вас будзе персанальны брокер, ён будзе ўсё рабіць за вас. І вось аднойчы гэты «брокер» робіць буйную стаўку — і ўсе грошы «згараюць». Чалавеку кажуць: «Мы гатовы былі вам усё аддаць, але вы ж самі рызыкнулі і ўсё прайгралі», — растлумачыў Аляксандр Рынгевіч.

Відавочныя прыкметы махлярства

Сапраўдныя пасрэднікі на фінансавых рынках ніколі не бяруць сродкі на асабістыя банкаўскія карткі ці ананімныя крыптакашалькі. Калі для атрымання грошай трэба спачатку аплаціць «падатак», «камісію», «страхоўку» ці «актывацыю» — гэта таксама дакладная прыкмета махлярства.

Да такіх прыкмет супрацоўнікі МУС адносяць і абяцанні высокага даходу — часам аж да 250 працэнтаў гадавых! «Персанальныя аналітыкі», што працуюць у месенджарах, таксама павінны выклікаць падазронасць, як і іх просьбы ўстанавіць такія мабільныя дадаткі, як AnyDesk або RustDesk. З іх дапамогай ашуканцы могуць атрымаць поўны кантроль над вашым мабільным банкам.

Галоўнае — памятаць: легальнасць кампаніі можна заўсёды праверыць у афіцыйных рэестрах Нацыянальнага банка. Калі вашы грошы ўсё ж такі апынуліся ў лапах аферыстаў, захавайце перапіску з ашуканцамі і плацежныя дакументы, а затым звярніцеся з імі ў праваахоўныя органы.

Аміна НАЗАРАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю