Top.Mail.Ru

Ад беларуска-ўзбекскага міжпарламенцкага форуму і ІV Беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму чакаюць практычных вынікаў

Узбекістан уваходзіць у дзясятку асноўных замежных партнёраў Беларусі, а сярод дзяржаў СНД займае трэцяе месца. Высокі ўзровень узаемадзеяння дзвюх краін дасягнуты найперш дзякуючы сяброўству прэзідэнтаў Беларусі і Узбекістана Аляксандра Лукашэнкі і Шаўката Мірзіёева. Узаемная зацікаўленасць Мінска і Ташкента ў пашырэнні стратэгічнага супрацоўніцтва ў пачатку ліпеня была пацверджана падчас афіцыйнага візіту ўзбекскага лідара ў нашу краіну.



Кіраўнікамі дзяржаў падпісана Дэкларацыя аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Узбекістанам, вызначаны прынцыпова новыя падыходы да сумеснай работы, а падпісаная Дарожная карта супрацоўніцтва на 2026 — 2030 гады будзе садзейнічаць галоўнай амбіцыйнай мэце — давядзенню тавараабароту да двух мільярдаў долараў. Усе гэтыя крокі накіраваны на забеспячэнне ўстойлівага развіцця краін, павышэнне дабрабыту грамадзян.

Не ў баку ад задач па пашырэнні і ўзмацненні двухбаковага ўзаемадзеяння знаходзяцца і парламентарыі. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчыць правядзенне беларуска-ўзбекскага міжпарламенцкага форуму, які 28–29 верасня пройдзе ў горадзе Хіве (Узбекістан). 

У рамках мерапрыемства, арганізаванага Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Сенатам Олій Мажліса Узбекістана, адбудзецца ІV Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум. Ініцыятыву спікераў верхніх палат парламентаў падтрымліваюць прэзідэнты.

Даверлівы дыялог і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва

Вектар стратэгічнага партнёрства і даверлівага дыялогу паміж дзяржавамі, зададзены кіраўнікамі дзвюх краін, у розных фарматах падтрымліваецца парламентарыямі. У прыватнасці, на мінулым тыдні беларуская дэлегацыя ўзяла ўдзел у мерапрыемствах да 35-годдзя незалежнасці Узбекістана. Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя» Людміла САПЕГА выступіла падчас Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Незалежны Узбекістан — 35-гадовы шлях развіцця: рэформы, вынікі і перспектывы».

У сваім выступленні парламентарый падкрэсліла, што Рэспубліка Узбекістан, як і Рэспубліка Беларусь, праводзіць незалежную знешнюю палітыку, цвёрда адстойвае нацыянальныя інтарэсы і суверэнітэт.

«Сфарміраваная мадэль кіравання забяспечыла не толькі доўгатэрміновую палітычную стабільнасць і кансалідацыю грамадства, але і заклала базу для ўстойлівага развіцця эканомікі і сацыяльнай сістэмы ва ўмовах глабальнай турбулентнасці, — звярнула ўвагу Людміла Сапега. — Паслядоўны рост аўтарытэту краіны на міжнароднай арэне грунтуецца на прынцыпах шматвектарнасці і ўзаемнай павагі. Пры гэтым ключавой умовай паступальнага руху наперад застаецца захаванне нацыянальнай самасвядомасці, самабытнасці і духоўных традыцый».

Сенатар адзначыла, што Узбекістан з’яўляецца для Беларусі сяброўскай і блізкай па духу краінай. «Паміж дзяржавамі склаліся асаблівыя адносіны даверлівага дыялогу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, — канстатавала парламентарый. — Гэта стала магчымым перш за ўсё дзякуючы мудрай палітыцы лідараў нашых дзяржаў».

Ад гандлю да навукі

Асаблівы акцэнт падчас свайго выступлення член Савета Рэспублікі зрабіла на міжпарламенцкім супрацоўніцтве дзвюх краін. «У дадатак да груп сяброўства створана Міжпарламенцкая камісія верхніх палат парламентаў Беларусі і Узбекістана, — канкрэтызавала яна. — Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум стаў не проста візітнай карткай Савета Рэспублікі і Сената, але і важным драйверам гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі. Актуальным кірункам з’яўляецца супрацоўніцтва па лініі моладзі і маладзёжных парламентаў».

Людміла Сапега адзначыла і культурна-адукацыйнае супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана. Папулярнымі сярод школьнікаў дзвюх краін сталі праект «Цягнік Памяці» і форум «Дзеці Садружнасці».

«Паміж нашымі краінамі значна актывізавалася супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і навукі, — звярнула ўвагу парламентарый. — У 2025–2026 навучальным годзе 3500 узбекскіх студэнтаў навучалася ў беларускіх ВНУ, у тым ліку ў рамках сумесных адукацыйных праграм. Разлічваем, што колькасць маладых людзей, якія будуць набываць спецыяльнасці ў Беларусі, павялічыцца».

Беларусь і Узбекістан актыўна ўзаемадзейнічаюць на міжнародных парламенцкіх пляцоўках: Міжпарламенцкай Асамблеі СНД, Міжпарламенцкім саюзе, Парламенцкай сетцы Руху недалучэння, Азіяцкай парламенцкай асамблеі. Па меркаванні парламентарыя, з атрыманнем Беларуссю паўнапраўнага членства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, а таксама статусу краіны-партнёра ў БРІКС значна пашыраюцца перспектывы беларуска-ўзбекскага шматбаковага супрацоўніцтва.

Прадметны характар форумаў

Гаворачы аб беларуска-ўзбекскім міжпарламенцкім форуме і ІV Беларуска-ўзбекскім жаночым бізнес-форуме, якія ў канцы верасня пройдуць на пляцоўках Узбекістана, Людміла Сапега звярнула ўвагу на тое, што практычная аддача ад такіх маштабных мерапрыемстваў выяўляецца ў падпісанні прадметных пакетаў дакументаў, кантрактаў і пагадненняў, якія садзейнічаюць росту нацыянальных эканомік і, як вынік, павышэнню якасці жыцця грамадзян абедзвюх краін.

«Пасля кожнага такога мерапрыемства заключаецца вельмі шмат дамоўленасцяў, кантрактаў і дакументаў, якія дазваляюць развіваць эканоміку абедзвюх краін, — падкрэсліла сенатар. — А развіццё эканомікі, безумоўна, цягне за сабой развіццё ўсіх астатніх сфер: у першую чаргу сацыяльнай, аховы здароўя і адукацыі — для таго, каб паляпшаўся ўзровень жыцця кожнага чалавека».

Вераніка КАНЮТА
Фота з архіва Людмілы САПЕГІ


ДАРЭЧЫ

Беларуска-ўзбекскі міжпарламенцкі форум 28–29 верасня пройдзе ў горадзе Хіве (Узбекістан). У яго рамках адбудзецца ІV Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум. У першы дзень плануецца правесці тэматычныя сесіі, на якіх будуць разгледжаны найбольш актуальныя кірункі міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Сярод традыцыйных тэм эканомікі, турызму і сацыяльнай сферы будуць разгледжаны пытанні вытворчай кааперацыі і імпартазамяшчэння, лагістыкі, меліярацыі і водакарыстання, а таксама прафесійнай падрыхтоўкі кадраў.

У рамках форуму адбудзецца пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве паміж Саветам Рэспублікі і Сенатам Олій Мажліса Узбекістана. Акрамя таго, праграма форуму прадугледжвае сустрэчу кіраўнікоў органаў мясцовага самакіравання, а таксама сумеснае мерапрыемства маладзёжных саветаў. На другі дзень форуму запланавана пленарнае пасяджэнне. Будзе арганізавана культурная праграма, а таксама выстава прадукцыі дзвюх краін.

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргея АЛЕЙНІКА, форумы даказалі сваю рэзультатыўнасць, важнасць і запатрабаванасць для ўмацавання і паглыблення беларуска-ўзбекскіх адносін. «Вынікам першых трох форумаў стала падпісанне каля 60 кантрактаў на агульную суму каля 500 млн рублёў і саліднага пакета двухбаковых пагадненняў і мемарандумаў аб узаемадзеянні як на рэгіянальным узроўні, так і па лініі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя і грамадскіх арганізацый», — канкрэтызаваў ён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю