У асноўным конкурсе ігравога кіно ХХХII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прадставяць 17 фільмаў. Аб гэтым журналістам расказала праграмны дырэктар асноўнага конкурсу ігравога кіно Яніка Прасцінская, перадае БелТА.
XXХII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе з 30 кастрычніка па 6 лістапада пад слоганам «Глядзі. Жыві. Шануй». Удзельнікамі конкурсу стануць больш за 130 фільмаў з 55 краін. Паказы пройдуць на пяці ключавых пляцоўках Мінска: у кінатэатрах «Масква», «Перамога», «Цэнтральны», «Беларусь» і «Піянер».
Ігравое кіно
«Мы паказваем 17 фільмаў у кінатэатры „Цэнтральны“. У праграме ёсць кінастужкі, якія знойдуць водгук у гледачоў розных узростаў. У адной з іх можна прасачыць шлях станаўлення ад дзіцяці-падлетка да дзяўчыны, якая ўмее пераадольваць складанасці, у другой — убачыць, як узаемадзейнічаюць паміж сабой пары ў розны перыяд часу. Асобныя работы арыентаваны не на тое, каб пачуць шмат дыялогаў, а каб паназіраць за людзьмі і проста атрымаць асалоду ад прыроды і велічы розных краін, убачыць, як кінематограф з суседніх дзяржаў і кантынентаў аб’ядноўвае людзей і паказвае гісторыі, падобныя для людзей незалежна ад рэлігіі і веравызнання», — падкрэсліла Яніка Прасцінская.
Дакументалістыка
У праграме неігравога кіно 18 дакументальных фільмаў. Паводле слоў праграмнага дырэктара Марыны Белавокай, асноўнымі тэмамі сталі экалогія, этнічная разнастайнасць, пераўтварэнне жыцця вакол сябе ўласнымі сіламі, мастацтва. «Галоўная каштоўнасць дакументальнага кіно — чалавек. Вы зможаце ўбачыць шмат цудоўных, выдатных, неардынарных людзей, на першы погляд звычайных, але якія ажыццяўляюць абсалютна неверагодныя фантазіі», — дадала яна.
Нацыянальны конкурс
Праграмны дырэктар «Нацыянальнага конкурсу» Аляксандр Пятровіч падкрэсліў, што заявак у гэтым годзе паступіла значна больш у параўнанні з мінулым. Разам з прафесійнымі рэжысёрамі іх падавала і моладзь. Кінематаграфісты выбіралі тэмы, якія хвалююць кожнага беларуса: мужнасць, дабрыня і надзвычайны характар беларусаў, іх стойкасць і любоў да Радзімы, клопат пра блізкіх. Не абышлі і тэму Чарнобыля. Яна чырвонай лініяй прысутнічала ў пададзеных матэрыялах.
Праграма для дзяцей і юнацтва
Традыцыйна ў кінатэатры «Піянер» з 31 кастрычніка па 4 лістапада пройдзе конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік». «Адабрана 10 фільмаў, з іх дзве анімацыйныя поўнаметражныя карціны і восем ігравых фільмаў. Геаграфія краін самая розная: ад Мексікі і Фінляндыі да Турцыі і Казахстана. На конкурснай арэне шмат дэбютантаў. Адкрыццё будзе феерычнае. Мы заўсёды прыцягваем дзіцячую і сямейную аўдыторыю і спадзяёмся і ў гэтым годзе яе прыемна здзівіць», — сказала праграмны дырэктар «Лістападзіка» Кацярына Тамковіч-Латута.
Анімацыя для розных узростаў
«Конкурс анімацыйных фільмаў пройдзе ў кінатэатры „Беларусь“ з 31 кастрычніка па 3 лістапада, — расказаў праграмны дырэктар конкурсу анімацыйных фільмаў Канстанцін Андрушачкін. — Гледачы ўбачаць выдатныя ўзоры сусветнага анімацыйнага мастацтва. У конкурснай праграме — 50 аўтарскіх анімацыйных фільмаў хронаметражом ад 5 да 29 мінут з 23 краін. З іх 14 прызначаны для дзіцячай аўдыторыі і 36 — для дарослай. Праграма ўключае пяць зборнікаў кінасеансаў. Больш за ўсё фільмаў з Расіі, шмат з Францыі і Ірана, якія з’яўляюцца вядучыміі краінамі ў галіне анімацыі».
Кіно маладых
Праграмны дырэктар «Кіно маладых» Паліна Арцюкоўская адзначыла, што ў гэтым годзе апрацавана вялізная колькасць заявак, а ў праграму трапіла 11 фільмаў з Германіі, Аргенціны, Партугаліі, Кітая, М’янмы, Індыі і Расіі. Большасць фільмаў ужо ўдзельнічала ў міжнародных фестывалях і нават атрымала прэстыжныя ўзнагароды. Пры апрацоўцы заявак арганізатары заўважылі, што рэжысёры з розных краін, не знаёмыя адзін з адным, асвятлялі адны і тыя ж пытанні, напрыклад пошук свайго жыццёвага шляху. Кожны рабіў гэта па-свойму, але ўсе фільмы пераклікаюцца са слоганам фестывалю.
Кароткі метр
Запланаваны паказ 10 фільмаў у кінатэатры «Масква». За адзін сеанс можна будзе паглядзець два фільмы, акунуцца ў гісторыю, даведацца для сябе пра нешта новае і цікавае. Як заўважыла праграмны дырэктар конкурсу Вольга Котава, у гэтым годзе, акрамя традыцыйных фільмаў з Кітая, Ірана і Індыі, можна будзе ўбачыць кіно з Канады, В’етнама, Тайланда і Эстоніі.
Пазаконкурсная праграма
Традыцыйна запланаваны Дні кінематаграфій Беларусі, Казахстана, Пакістана, Расіі, Індыі і Кітая. У гэтым годзе яны будуць прысвечаны жанчынам. Пройдуць майстар-класы і творчыя сустрэчы ў БДАМ, БДУКМ, «Доме Масквы» і Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Генеральны дырэктар кінастудыі Дзмітрый Сямёнаў дадаў, што яны таксама арганізуюць у сябе экскурсіі, але колькасць месцаў будзе абмежавана па папярэднім запісе. У рамках пазаконкурснай праграмы адбудзецца сацыяльна-гуманітарная акцыя «Кіно без меж», арганізаваная разам з Рассупрацоўніцтвам.
Цэны
Генеральны дырэктар УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі падкрэсліў, што продажы білетаў на конкурсныя і пазаконкурсныя фільмы пачнуцца з наступнага тыдня. Цэны, паводле яго слоў, будуць дэмакратычнымі: самы дарагі білет на вячэрнія паказы ігравога кіно — 12 рублёў, самы танны на кароткі метр — 5 рублёў. Вопыт мінулага года паказвае, што білеты лепш купляць загадзя.
«Цэны даволі дэмакратычныя. Самая вялікая — на вячэрнія паказы ігравога кіно (12 рублёў), самая нізкая — на кароткі метр (5 рублёў). Ажыятаж на некаторыя фільмы даволі вялікі, таму лепш набываць білеты загадзя», — рэзюмаваў Уладзімір Карачэўскі.