Top.Mail.Ru

Ад дзіцячых эскізаў да палотнаў і вершаў. У Магілёве праходзіць выстава «Берагіня»

Выставачны праект «Берагіня», які аб’яднаў творчасць юных і прафесійнага мастака, праходзіць у арт-студыі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Аб гэтым БелТА расказалі ў тэатры.

Экспазіцыя прымеркавана да Года беларускай жанчыны. Яна будуецца як дыялог пакаленняў: на сценах суседнічаюць работы навучэнцаў узорнай арт-студыі «Бусел» Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 1 імя І.М.Лучанка і палотны кіраўніка студыі Дзіны Янчанка. Жывапісная частка экспазіцыі майстра дапоўнена вершамі паэтэсы Вольгі Бяловай.

У тэатры адзначаюць, што праект пазбаўлены спаборніцкага пачатку. Тут дзіцячая непасрэднасць сустракаецца з дарослай мудрасцю. Юныя аўтары паказваюць свет праз прызму чыстага ўспрымання, а Дзіна Янчанка раскрывае глыбіню жаночай душы ва ўнісон з паэтычнымі радкамі. Кожная работа — малюнак дзіцяці гэта або карціна мастачкі — становіцца часткай агульнай гісторыі аб сіле, пяшчотнасці і захавальніцах традыцый.

«Гэта выстава — цудоўны прыклад таго, як творчыя праекты не канкурыруюць, а дапаўняюць адзін аднаго. Дзіцячая непасрэднасць, дарослая глыбіня і паэзія сустрэліся ў адной прасторы і загучалі ва ўнісон. У Год беларускай жанчыны мы свядома выбралі менавіта такі фармат: паказаць жаночы свет ва ўсёй яго паўнаце — ад першых нясмелых фарбаў да прафесійных палотнаў і вершаў. Тут няма раздзялення на галоўнае і другараднае — кожная работа аб сіле, пяшчотнасці і мудрасці, якія жывуць у кожнай з нас», — сказала намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Вераніка Юргелас.

Паводле яе слоў, тэатр заўсёды адкрыты для шчырых дыялогаў. Арганізатары ўпэўнены, што выстава знойдзе водгук у гледачоў, паколькі вобраз берагіні як захавальніцы ачага і духоўнасці блізкі кожнаму.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю