Над якімі праектамі цяпер вядзе работу Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», журналістам расказаў генеральны дырэктар кінастудыі Дзмітрый Сямёнаў, перадае БелТА.
«Цяпер у нас актыўна праходзяць этапы здымак ігравых карцін. Кірыл Халецкі здымае фільм для падлеткаў „19.91“, Агата Мацко — серыял „Слова афіцэраў“. Таксама хачу запрасіць усіх на прэм’еру анімацыйнага фільма „Ваўчок“, якая адбудзецца заўтра ва ўсіх кінатэатрах нашай краіны. Адна серыя мультфільма ўжо была паказана на фестывалі „Анімаёўка-2026“ і адзначана міжнародным журы», — сказаў Дзмітрый Сямёнаў.
Сярод іншых работ, якія заваявалі міжнародную ўвагу, — беларускі фільм «Адно на дваіх». Ён атрымаў галоўную ўзнагароду ў намінацыі «Лепшы мантаж» на Міжнародным кінафестывалі краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, які праходзіў у Кыргызстане.
Паводле слоў генеральнага дырэктара, студыя сёння працуе па трох важных напрамках: ігравое, дакументальнае кіно і анімацыя. «Мы шукаем новых аўтараў, працуем са сцэнарыстамі і рэжысёрамі. Тут варта адзначыць і наша ўзаемадзеянне ў капрадукцыі. Велізарная работа праведзена над стварэннем фільма „Бацька Мінай. Партызанская легенда“. У гэтым годзе з гэтым фільмам мы прымаем удзел у Мінскім міжнародным кінафестывалі „Лістапад“, таму чакаем водгук гледачоў і ацэнкі міжнароднага журы», — дадаў ён.
Таксама ў гэтым годзе кінематаграфісты з краін СНД аб’ядналіся ў сумесным праекце «Вышыня». Асноўныя здымкі праходзілі на натурнай пляцоўцы ў Смалявічах. Цяпер ідзе мантажны перыяд, а пасля гэты праект змогуць прэзентаваць шырокаму гледачу.
«Кіно аб’ядноўвае і літаратуру, і музыку, і акцёрскае майстэрства. Безумоўна, гэта шматгранная праца вялізнай каманды. Праекты ствараюцца даволі працяглы перыяд часу. І, вядома, мы заўсёды чакаем сустрэч з гледачамі і іх ацэнак», — рэзюмаваў Дзмітрый Сямёнаў.