Шырокiя магчымасцi
Сёння нямала спосабаў знайсцi работу: ад дапамогi службы занятасцi да непасрэднага самастойнага звароту да наймальнiкаў па размешчаных аб’явах. У чым жа перавагi кiрмашу вакансiй? Найперш, наведаць можна адначасова некалькi наймальнiкаў i разам з гэтым прайсцi сумоўе, запiсацца на паўторную гутарку, а таксама атрымаць адказы на ўсе пытаннi: якi ўзровень аплаты i рэжым работы, умовы працы на прадпрыемстве, сацыяльны пакет i што прапануе наймальнiк, якiя прапановы кар’ернага росту i iнш. I калi вы займаецеся пошукам работы, на кiрмашы сапраўды можна атрымаць шэраг прапаноў i на працягу 1,5-2 тыдняў працаўладкавацца.Як адзначыла намеснiк старшынi Камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Таццяна Кудзевiч, сёння на рынку працы сталiцы маюцца ўсе магчымасцi для працаўладкавання грамадзян. Прапаноўваюцца розныя варыянты, штотыднёва праводзяцца розныя адрасныя мерапрыемствы, у тым лiку для мэтавых груп — моладзi, людзей з iнвалiднасцю, грамадзян, якiя працяглы час не працуюць, асоб, якiя вызвалiлiся з месцаў адбывання пакарання i iнш.
— Гарадскi кiрмаш вакансiй мы праводзiм двойчы на год, гэта маштабнае мерапрыемства. Асаблiвасць цяперашняга — секцыi для маладзёжнай занятасцi ў рамках рэспублiканскай акцыi. Для моладзi вакансii прапануюць больш за 30 наймальнiкаў, ёсць розныя варыянты працаўладкавання ў вольны ад вучобы час. Юнакам i дзяўчатам мы прапануем прайсцi прафкансультацыю, каб зарыентавацца на рынку працы, а таксама розныя прафарыентацыйныя мерапрыемствы, магчымасцi занятасцi для падлеткаў 14–16 i 16–18 гадоў. Разам з намi ў кiрмашы ўдзельнічае БРСМ, якi прапануе занятасць у студэнцкiх атрадах. Ёсць розныя прыцягальныя для моладзi варыянты, — адзначыла Таццяна Кудзевiч.
Больш за 60 % вакансiй у сталiцы — па рабочых прафесiях. У попыце пераважаюць наладчыкi i аператары станкоў з праграмным кiраваннем, слесары механазборачных работ, токары, фрэзероўшчыкi, электраманцёры, швачкi, муляры, тынкоўшчыкi, электрагазазваршчыкi, прадаўцы, повары, кантралёры-касiры, афiцыянты.
— Безумоўна, наймальнiкам патрэбны квалiфiкаваныя кадры. На кiрмашы вакансiй ёсць асобная секцыя прафарыентацыi для дарослых. Сёння такi час, што неабходна пастаянна павышаць свой прафесiйны ўзровень i квалiфiкацыю, — кажа Таццяна Кудзевiч. — А тых, хто не мае квалiфiкацыi, чакаем у службе занятасцi, дзе дапаможам прайсцi навучанне i перанавучанне, павысiць сваю квалiфiкацыю.
Як хутка можна знайсцi працу?
Як паказваюць падлiкi, у сярэднiм кiрмаш наведвае ад 3,5 да 5 тысяч чалавек. Апошнiм часам сярод наведвальнiкаў шмат моладзi. Пасля кожнага кiрмашу каля 2 тысяч чалавек у сярэднiм на працягу двух тыдняў знаходзяць работу.— На аўтобуснай вытворчасцi мы чакаем слесараў механазборачных работ, муляраў, электрагазазваршчыкаў, слесараў-электрамантажнiкаў, электраманцёраў, — кажа Вольга Шаўчэнка, намеснiк начальнiка аддзела кадраў ААТ «Мiнскi аўтамабiльны завод». — Зарплата здзельна-прэмiяльная, ад тысячы да трохтысяч рублёў i нават вышэй. Даецца iнтэрнат, ёсць бонусы для маладых спецыялiстаў. Калi пасля адпрацоўкi ён заключае на максiмальны тэрмiн кантракт, за кожны год атрымлiвае па тысячы рублёў.
РНПЦ траўматалогii шукае медсясцёр, санiтарак, юрысконсультаў, iнжынера па ахове працы. Заработная плата залежыць ад спецыяльнасцi, напрыклад iнжынеру па ахове працы прапануюць 1800–2000 рублёў, санiтарцы — 1000–1200, распавяла Надзея ЯЎСЕЙ, спецыялiст па кадрах РНПЦ траўматалогii i артапедыi.
Прадпрыемства «Мiнсктранс» шукае маладых спецыялiстаў па рабочых спецыяльнасцях: слесараў па рамонце аўтамабiляў, слесараў па рамонце рухомага саставу i нават iнжынераў-праграмiстаў. Любому выпускнiку незалежна ад наяўнасцi размеркавання на прадпрыемстве прысвойваюць статус маладога спецыялiста з гарантыямi па калектыўным дагаворы i выплачваюць бонусы пры працаўладкаваннi. Акрамя таго, забяспечваюць iнтэрнатам. Заработная плата — ад 1,5 да 3 тысяч рублёў. Дарэчы, каля 30 % работнiкаў прадпрыемства — моладзь.
22-гадовая мiнчанка Ганна прыйшла на кiрмаш вакансiй па рэкамендацыi сталiчнай службы занятасцi. Яна iнвалiд 3-й групы i мае медыцынскае абмежаванне на работу — можа працаваць не больш за 6 гадзiн. Па прафесii дзяўчына — прадавец-таваразнаўца, раней працавала ў ЦУМе i магазiне «Мiла». Аднак, атрымаўшы абмежаваннi па стане здароўя, вымушана шукаць новую работу.
— Бачу, што прадстаўлена шмат арганiзацый, у тым лiку i ў сферы гандлю, ужо з некалькiмi наймальнiкамi паразмаўляла, — кажа мiнчанка. — Спадзяюся, знайду тое, што мне падыдзе.
Алена КРАВЕЦ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА