Top.Mail.Ru

Ад гісторыі парламентарызму да сучасных ініцыятыў. У Гродне ўпершыню праходзіць жаночы абласны дэпутацкі форум

Гродзенскі абласны дэпутацкі жаночы форум «Жаночы твар Саветаў дэпутатаў» сабраў больш за 70 удзельніц з усёй Гродзенскай вобласці. Парламентарыі сабраліся ў такім фармаце ўпершыню. Пляцоўкай для сустрэчы стаў Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну. 


Як расказала старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, роля жанчыны заўсёды была важная як у рамках краіны, так і вобласці. Але аб’яўлены Год беларускай жанчыны пашырыў прастору для ідэй і дазваляе ўвасабляць эксперыментальныя праекты. Такім стаў форум, які адкрыўся ў Гродне. Ён спалучае ў сабе афіцыйны фармат і лёгкія, нязмушаныя зносіны.

— У складзе абласнога Савета дэпутатаў 30% жанчын, а ў органах мясцовага самакіравання — 43%. І ідэя сабраць нашых унікальных жанчын разам напрасілася сама сабой. Бо кожная з нас не толькі парламентарый і дзяржслужачы, у кожнай ёсць свае захапленні, пункты росту, цікавыя думкі. Канешне, хацелася б, каб у мерапрыемства быў карысны інфармацыйны падтэкст. Таму ў рамках форуму адбылася канферэнцыя, дзе мы пагаварылі аб моцных жанчынах мінулых гадоў і аб тым, які ўклад яны ўнеслі ў развіццё парламентарызму.

Дарэчы, выбіраць у парламент жанчын сталі ўсяго крыху больш за 100 гадоў таму. У 1922 годзе на З’ездзе Саветаў СССР былі выбраны жанчыны, якія склалі ўсяго 3,5%. У чэрвені 1938 года адбыліся першыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР, які паводле Канстытуцыі 1937 года замяніў ранейшы Цэнтральны Выканаўчы Камітэт. 25 ліпеня 1938 года на першай сесіі дэпутаты аднагалосна выбралі Надзею Грэкаву старшынёй вышэйшага заканадаўчага органа рэспублікі, ёй было ўсяго 28 гадоў.

Асаблівую ўвагу дэпутацкі корпус удзяляе жыхаркам сельскай мясцовасці. Паводле слоў Алены Пасюты, важна падтрымліваць сельскіх жанчын, дапамагаць ім раскрыць свой патэнцыял і адчуць сябе часткай вялікай супольнасці паспяховых і прыгожых беларусак. Як адзначыла старшыня, пры вывучэнні біяграфій жанчын-кіраўнікоў высветлілася, што за строгімі пасадамі хаваюцца дзіўна рознабаковыя асобы. Сярод кіраўнікоў мясцовых Саветаў ёсць аматаркі фларыстыкі, спартсменкі, тэнісісткі, першакласныя вадзіцелі і нават захопленыя байкеры.

Значную частку праграмы ўдзялілі пераемнасці пакаленняў і гістарычнай памяці. Сярод удзельніц — дэлегаты Усебеларускіх народных сходаў розных гадоў. Яны дзеляцца ўспамінамі аб тым, як закладваўся фундамент сучаснай беларускай дзяржаўнасці на працягу апошніх 30 гадоў і якія задачы ім даводзілася вырашаць у розныя перыяды.

Апроч сур’ёзных дыскусій, арганізатары падрыхтавалі для ўдзельніц насычаную культурную праграму: творчыя майстар-класы, экскурсіі і наведванне тэатра. Патрэба ў такіх жывых, нефармальных зносінах каласальная, таму ў форуму ёсць усе шанцы стаць традыцыйным. На думку Алены Пасюты, жанчынам-дэпутатам неабходна рэгулярна сустракацца, каб абмяркоўваць не толькі пытанні дзяржаўнага маштабу, але і надзённыя сацыяльныя тэмы:

— Ёсць пытанні, якія ляжаць на паверхні. Гэта нашы паўсядзённыя цяжкасці, якія не менш значныя. Важна, каб нашы дзяўчаты і жанчыны бачылі розныя шляхі развіцця, маглі пераарыентавацца, раскрыць свае таленты і проста атрымліваць асалоду ад жыцця і тых падзей, якія адбываюцца вакол, — падкрэсліла старшыня абласнога Савета дэпутатаў.


Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота «Гродзенскай праўды»


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю