Традыцыйна да Дня горада ў Мінску ўладкоўваюць новыя зоны адпачынку ў парках, скверах і лясных масівах, каб жыхары маглі актыўна праводзіць вольны час, дыхаць свежым паветрам, атрымліваць асалоду ад краявідаў. Цяпер у Мінску ўжо 100 такіх лакацый.
Начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Аляксандр Ракаўшчык падкрэсліў, што кожны год з 2021-га ва ўсіх раёнах сталіцы адкрываецца па дзве зоны. «Выбіраюцца месцы, максімальна набліжаныя да жылля, каб усе грамадзяне нашага горада — ад самых маленькіх да пенсіянераў — карысталіся гэтымі зонамі адпачынку. Яны напоўнены лакацыямі як для дзяцей і спартсменаў, так і для тых, хто аддае перавагу ціхаму адпачынку. Усе камунальныя прадпрыемствы раёнаў удзельнічаюць у іх будаўніцтве, укладваюць у гэта фінансавыя рэсурсы і сілы», — заўважыў ён.
Паводле слоў Аляксандра Ракаўшчыка, пры стварэнні зон адпачынку адміністрацыямі раёнаў і Мінгарвыканкамам аналізуюцца звароты жыхароў горада. Спыняцца на дасягнутым планаў няма, бо ў горадзе можна акультурыць яшчэ шмат патэнцыяльных мясцін.
«Качыны востраў» — экааазіс пасярод горада
Адна з новых зон адпачынку адкрылася ў Фрунзенскім раёне ў скверы на Брыкета. Уся тэрыторыя будуецца вакол маляўнічага вадаёма. Прагулачны кальцавы маршрут звязвае розныя зоны і адкрывае лепшыя краявіды на прыбярэжныя ўчасткі.
На востраве размясціліся лёгкія назіральныя пляцоўкі, пергалы і фотазоны, спецыяльныя домікі для качак, утульныя шпакоўні і домікі для вавёрак. Усе элементы спраектаваны так, каб людзі маглі назіраць за птушкамі і звярамі, не парушаючы іх звыклага жыцця. Каля вады размясціліся драўляныя насцілы і пляцоўкі з лежакамі і арэлямі. Гэта месца падыходзіць як для спакойнага, так і для актыўнага адпачынку, паколькі тут ёсць і дзіцячая гульнявая зона ў экастылі, і сучасная варкаўт-пляцоўка, і зручныя лаўкі.
Кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Арцём Шагідзевіч адзначыў, што ўсё атрымалася гарманічна з прыродай. Яны знайшлі месца, дзе збіраюцца качкі, прааналізавалі жаданні мясцовых жыхароў і зрабілі ўсё, каб людзям было зручна і камфортна.
«Але „Качыны востраў“ — гэта не толькі качкі. Там жывуць і чарапахі, і выдры. Можна паздымаць, паназіраць за імі. І вельмі прыемна прагуляцца тут у такія асеннія дзянькі. А яшчэ ў сажалцы водзіцца рыба, і ў вёдрах рыбакоў нярэдка сустракаецца сур’ёзны ўлоў», — дадаў ён.
Прагулка і знаёмства з гісторыяй
Паміж мікрараёнамі Малінаўка-8 і Малінаўка-9 можна трапіць у «Фотагалерэю пад адкрытым небам». Тут прадстаўлена дзесяць маштабных стэндаў з гістарычнымі фотавыявамі знакавых мясцін раёна ад 1970-1980-х гадоў да нашага часу.
Для памятных здымкаў устаноўлена яркая фотазона. На ўваходзе ў зону адпачынку гасцей сустракае птушка малінаўка. Таксама на тэрыторыі ёсць сучасны спартыўны комплекс з трэнажорамі для тых, хто любіць спорт і аддае перавагу актыўным заняткам ўвечары і ў выхадныя.
Акунуцца ў казку
Зона адпачынку «Любімыя казкі» ў Ленінскім раёне размясцілася насупраць 18-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі. Тэматычная лакацыя расцягнулася ўздоўж вуліцы Віктара Турава. У ёй ёсць усё для прагулак з дзецьмі і сямейнага адпачынку: дзіцячая пляцоўка, арэлі, лаўкі. Галоўная асаблівасць гэтай лакацыі — скульптуры казачных персанажаў з дрэва, металу, каменю.
«Пры арганізацыі зоны адпачынку „У гасцях у казкі“ была створана пешаходная дарожка працягласцю 565 м, устаноўлены альтанкі з мангальнымі зонамі, каб людзі маглі адпачыць, гульнявы комплекс, пяць інфармацыйных стэндаў і тэматычныя малыя архітэктурныя формы. Усё завязана на нашых старых добрых казках», — сказаў дырэктар КУП «Зелянбуд Ленінскага раёна г.Мінска» Аляксандр Васілеўскі.
Паводле яго слоў, зона арыентавана ў першую чаргу на юных наведвальнікаў, таму што Лошыца - новы мікрараён, дзе ў асноўным пражываюць шматдзетныя сем’і і моладзь з маленькімі дзецьмі.
Алена Жукава часта прыходзіць сюды з дачкой Ясеніяй. «Мне падабаецца, што зроблены вельмі прыгожыя скульптуры і зручныя лаўкі. Зручны спартыўны комплекс. Тут бяспечна і можна доўга гуляць», — падзялілася ўражаннямі мясцовая жыхарка.
Сам-насам з прыродай
Экалагічная сцежка, размешчаная ўздоўж берага Чыжоўскага вадасховішча на стыку жылой забудовы і ландшафтнай зоны паблізу вуліцы Карзюкі, стала працягам зоны адпачынку «Спякота». Цяпер тут ёсць утульная грамадская прастора, створаная з выкарыстаннем натуральных матэрыялаў.
Пешаходныя дарожкі, дзіцячыя гульнявыя зоны, сучасны шматфункцыянальны спартыўны комплекс са снарадамі — усё гэта могуць выкарыстоўваць мясцовыя жыхары. На ўсёй працягласці экалагічнай сцежкі ўстаноўлены лаўкі, альтанкі для адпачынку, інфармацыйныя стэнды, дэкаратыўныя малыя архітэктурныя формы, інтэрактыўнае абсталяванне, а таксама кругавая пляцоўка з вогнішчам у цэнтры.
Месца сустрэчы для маладых і пажылых
Зона адпачынку ў парку «Курасоўшчына» была створана яшчэ ў 2025 годзе, але ў 2026 тут добраўпарадкавалі цэнтральную частку берагавой лініі вадаёма парку. Гэта месца стала для жыхароў Кастрычніцкага раёна кутком, дзе можна адпачыць ад гарадской мітусні. Яны актыўна выкарыстоўваюць прастору для прабежак, прагулак і нават рыбалкі. Вялікую ўвагу ўдзяляюць і творчасці: сёння тут можна ўбачыць каля 30 арт-аб’ектаў, якія ўпрыгожваюць парк і ўздымаюць усім вакол настрой.
Тут таксама створаны ўсе ўмовы для актыўнага адпачынку: узведзена дзіцячая гульнявая пляцоўка, заменена пакрыццё на баскетбольным полі, арганізаваны варкаўт-комплекс, устаноўлены дзіцячыя арэлі. Можна знайсці і спецыяльныя стэнды для прапаганды здаровага ладу жыцця.
Часта мясцовы ФАЦ праводзіць заняткі на свежым паветры для людзей пажылога ўзросту, бо «Курасоўшчына» — не малады мікрараён. Для многіх пажылых людзей гэта месца стала магчымасцю выйсці з дому і сустрэцца з сябрамі.
Правесці час з карысцю
У парку ў межах вуліц Сталетава, Авангарднай і 2-га завулка Баграціёна была адкрыта зона адпачынку «Сямейны вольны час», дзе прадугледжана шмат месцаў для сумеснага правядзення часу бацькоў з дзецьмі.
Абсталявана вялікая яркая і бяспечная дзіцячая пляцоўка, побач устаноўлены лаўкі, каб бацькам было зручна назіраць, як гуляюць іх дзеці. На працягу ўсёй зоны адпачынку размешчаны дзіцячыя інтэрактыўныя стэнды, дзе дзеці змогуць азнаёміцца з планетамі сонечнай сістэмы, навучыцца правільна сартаваць смецце, прымерыць на сябе ролю вадзіцеля аўтамабіля, вывучыць алфавіт або лічбы, а яшчэ змераць свой рост на растамеры «Жырафа».
На другім боку ад пешаходнай дарожкі размешчаны інфармацыйныя стэнды, на якіх змешчана пазнавальная інфармацыя аб рыбах, птушках, жывёлах, раслінах і правілах паводзін ля вады. На працягу ўсёй зоны адпачынку ўстаноўлены лаўкі і лаўкі-арэлі, з якіх можна любавацца на люстраную роўнядзь вады. З’явілася альтанка, а ў дадатак да спартыўных трэнажораў — цэлая варкаўт-пляцоўка.
«У мясцовых жыхароў толькі станоўчыя эмоцыі, але хацелася б дадаць нешта яшчэ. У перспектыве будзем пашырацца, хочам пабудаваць яшчэ адну дзіцячую пляцоўку. Тут самы вялікі дом у Партызанскім раёне, таму паглядзім яшчэ лакацыі для пляцоўкі», — растлумачыў кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна Мікалай Строк.
Маладзёжная ініцыятыва
Канцэпцыю «Маладзёжнага сквера» ў Першамайскім раёне распрацавалі прадстаўнікі БРСМ. Першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Аляксей Пікус расказаў, што зона адпачынку была закладзена ў рамках цырымоніі адкрыцця рэспубліканскага праекта «Мінск — маладзёжная сталіца 2026».
«Да Дня горада моладзь сумесна з адміністрацыяй Першамайскага раёна поўнасцю абнавіла сквер на бульвары Талбухіна. Ён атрымаў шэраг новых тэматычных элементаў. Гэта і кінетычныя фігуры, і тэматычныя зоны, і гістарычная частка, дзе расказваецца пра гісторыю маладзёжнага руху горада Мінска. Цэнтральнай часткай стала сцэна, дзе моладзь зможа паказваць свае таленты, выступаць, праводзіць розныя мерапрыемствы. Акрамя таго, былі поўнасцю абноўлены лаўкі і іншыя элементы інфраструктуры, з’явіліся лозунгі», — дадаў ён.
Куток для самых актыўных
Зона адпачынку «Радасць у руху» размясцілася паміж дамамі № 83 і № 93 па вул.Куйбышава. Яна сапраўды спадабаецца тым, хто аддае перавагу прагулкам, гульням і заняткам фізічнай культурай.
Тут устаноўлены вялікі дзіцячы гульнявы комплекс, дзіцячыя арэлі і качалка-балансір, а таксама пясочны дворык. Для ціхага адпачынку ёсць паркавыя арэлі і лаўкі. У спартыўна-аздараўленчай зоне — вулічныя трэнажоры і варкаўт-пляцоўка. Устаноўлена «птушыная сталовая».
Сёння новыя сталічныя зоны адпачынку наведалі старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Мінску Наталля Качанава і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.