Top.Mail.Ru
111

Ад колькасці зарэгістраваных хатніх жывёл у краіне будзе вызначацца патрэба ў развіцці інфраструктуры

Навошта Тузіку «прапіска»?

У TіkTok не сціхаюць «сабачыя» пытанні. Сёння аматары віртуальных скаргаў спрабуюць прадбачыць праблемы, якія могуць усплыць у сувязі з новымі правіламі ўтрымання жывёл. Ёсць і тыя, хто прадказвае, што кінутых сабак стане больш з-за таго, што асобныя гаспадары не захочуць плаціць падатак на іх. У той жа час некаторыя каментатары заўважаюць, што не варта праблему з беспрытульнымі хвосцікамі ўвязваць з «сабачым» падаткам, які, дарэчы, быў і раней. Натуральна, куды прасцей абвінаваціць гарадскія службы, чым ушчуваць на людзей, якія выкідаюць жывёл на вуліцу. Магчыма менавіта «рублём», хоць той падатак і невялікі, як раз удасца знайсці ўправу на такіх гора-гаспадароў. «Калі яны не гатовыя несці адказнасць, можа не стануць заводзіць жывёл», — выказваюць спадзяванні некаторыя карыстальнікі TіkTok. Акрамя таго, асобныя каментатары ўпэўнены, што «сабачы» падатак павінен ісці на забеспячэнне пунктаў часовага ўтрымання жывёл. З аднаго боку, як службы, куды можна звяртацца па дапамогу, калі гадаванец згубіўся, з другога — як расплата за «наступствы бескантрольнага размнажэння».

Таксама «ціктокеры» паспрабавалі падлічыць, колькі ж сабак прыпадае на кожную пляцоўку для іх выгулу. Пры гэтым ёсць тыя, хто перакананы, што займацца такімі падлікамі зарана,пакуль не вядома, колькі жывёл пражывае ў кватэрах. «Пры будаўніцтве абсталяваных пляцовак зыходзяць з колькасці менавіта зарэгістраваных сабак на мікрараён, і добра, каб з дзесяці хаця б тры мелі месца прапіскі», — пішуць яны ў каментарыях.

На адну сям’ю ў кватэры — не больш за дзве жывёлы

Спрэчкі, звязаныя з рэгістрацыяй сабак і падаткам на іх, якія так усхвалявалі сацыяльныя сеткі, ускрылі шэраг пытанняў, звязаных не толькі з утрыманнем жывёл і стварэннем інфраструктуры для іх выгулу, але і камфортным пражываннем у горадзе. Легалізацыя гадаванцаў — аснова адказнага стаўлення да жывёл і залог падтрымання чысціні і парадку ў жылых памяшканнях і дварах.

Як расказала начальнік аддзела землеўпарадкавання і капітальнага рамонту дваравой тэрыторыі Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Алена Бандарук, падчас гарачых ліній, выязных прыёмаў, рэгістрацыі электронных пісьмовых зваротаў скаргі, звязаныя з братамі меншымі, часцей за ўсё тычацца колькасці жывёл у суседзяў, шуму, санітарнага стану памяшканняў, калі нядбайныя гаспадары даводзяць іх да такога стану, што смурод адчуваецца на агульных пляцоўках, а таксама своечасовай уборкі за сабакамі ў месцах агульнага карыстання. На жаль, некаторым гаспадарам сёння яшчэ трэба нагадваць, што іх гадаванцы не павінны дастаўляць дыскамфорт іншым людзям.

Закон «Аб адказным стаўленні да жывёл» павінен папярэджваць падобныя праблемы ў далейшым. Перш чым завесці сабаку, сёння ўладальніку давядзецца ацаніць, якія абавязкі на яго ўскладаюцца. Падумаць не толькі пра тое, якім павінен быць догляд за пэўнай пародай, але і паклапаціцца, каб патрэбы яго выхаванца не станавіліся праблемай для іншых. Гаспадары абавязаны прыбіраць за сваімі гадаванцамі, а таксама сачыць за тым, каб не было непажаданага прыплоду. Правіламі ўтрымання жывёл прапісана, што ў кватэрах на адну сям’ю дазваляецца мець не больш як дзве жывёлы. Абавязковая рэгістрацыя — якраз адзін з інструментаў рэгулявання колькасці жывёл, ад чаго ўскосна залежыць і санітарны стан памяшканняў, і спакой суседзяў, і чысціня ў дварах.

Утойваць гадаванцаў больш не атрымаецца

Як паведаміла Алена Бандарук, на першае студзеня ў Мінску налічвалася ўсяго 13,8 тысячы сабак і 1,5 тысячы кошак (зарэгістраваных). Па папярэдніх разліках гэтая лічба ў 4-5 разоў меншая за рэальную. Толькі ўтойваць жывёл больш не атрымаецца. Інфармацыя аб пушыстых «нелегалах» можа паступаць ад суседзяў, камунальных, ветэрынарных і іншых службаў. Акрамя таго, падчас рэйдаў, якія камунальнікі планава праводзяць з супрацоўнікамі РУУС, яны могуць на вуліцы запытацца ў гаспадара, ці зарэгістраваны яго сабака. За парушэнне заканадаўства (якім прапісана і тое, што жывёлы павінны быць зарэгістраваны і што гаспадар абавязаны прыбіраць за гадаванцам) пагражае штраф ад 1 да 15 базавых велічынь.

Алена Бандарук заўважыла, што ад колькасці «ўлічаных» жывёл будзе вызначацца патрэба ў развіцці інфраструктуры. А пры выбары для іх размяшчэння ўлічваецца нарматыўная аддаленасць ад жылых дамоў. Утрыманне і ўборка месцаў выгулу, як і любых зялёных зон, у горадзе ажыццяўляецца арганізацыямі, на абслугоўванні якіх знаходзіцца пэўная тэрыторыя. А гэта не толькі жыллёва-камунальныя службы, але і зелянгасы, іншыя арганізацыі. І грамадзянам не варта забывацца, што чысты і камфортны горад мы ствараем разам, у тым ліку і калі выконваем пэўныя правілы, а не проста спадзяёмся, што хтосьці прыйдзе і прыбярэ.

Ніхто не адмяняе магчымасці грамадзян звяртацца з той жа прапановай аб паляпшэнні ці дадатковым абсталяванні сабачых пляцовак, у тым ліку ўдзельнічаць у гэтай справе фінансава. Больш за тое заўважана, што да тых пляцовак, якія будаваліся за кошт гаспадароў жывёл, людзі ставяцца больш адказна. Праўда, «прысвоіць» такую пляцоўку толькі тым, хто ў яе ўклаўся грашыма, не атрымаецца, тут нельга вешаць замкі ці іншым чынам абмяжоўваць уваход «чужым».

Час яшчэ ёсць — да 1 ліпеня

Да першага ліпеня ў сталіцы ўладальнікі павінны паспець зарэгістраваць сваіх жывёл. Працэдура гэта бясплатная і максімальна спрошчаная — дастаткова падаць заяву ў службу «адно акно» па месцы рэгістрацыі. Уладальніку пры гэтым трэба мець пашпарт ці любы іншы дакумент, які пацвярджае яго асобу. Алена Аляксандраўна заўважыла, што з ростам інфармаванасці колькасць жадаючых «прапісаць» гадаванцаў значна павялічылася.

Згодна з законам, чалавек, які абзаводзіцца катом ці сабакам, павінен свайго пушыстага сябра зарэгістраваць на працягу трох дзён (шчанюкоў і кацянят — ва ўзросце 3 — 3,5 месяцаў). Гэтае правіла дазваляе ў тым ліку і паклапаціцца пра бяспеку жывёлы: калі раптам яна згубіцца, яе прасцей будзе вярнуць. Пры гэтым важна, каб гаспадар не забываўся, што на ашыйніку гадаванца павінен быць жэтон, атрыманы пры рэгістрацыі. Акрамя таго, закон можа прадухіліць інцыдэнты з кінутымі жывёламі ці звязаныя з жорсткім абыходжаннем, прывіць людзям стаўленне да гадаванцаў як да верных спадарожнікаў, а не часовай «цацкі».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю