Top.Mail.Ru

Ад медыцыны да транспарту: якія заяўкі на еўразійскі патэнт часцей за ўсё падаюць з Беларусі

Якія беларускія прадпрыемствы ў лідарах па падачы заявак на еўразійскі патэнт і ў якіх сферах, расказаў на прэс-канферэнцыі віцэ-прэзідэнт Еўразійскага патэнтнага ведамства Еўразійскай патэнтнай арганізацыі Уладзімір Рабаволаў, перадае БелТА.



Беларусь удзельнічае ў рабоце Еўразійскай патэнтнай арганізацыі больш за 30 гадоў. Сістэму рэгістрацыі патэнтаў на вынаходніцтвы і прамысловыя ўзоры адмініструе Еўразійскае патэнтнае ведамства. Найбольшая колькасць еўразійскіх заявак ад беларускіх заяўнікаў падаецца ў галіне медыцыны і ветэрынарыі, вымярэння і оптыкі, транспарту, будаўніцтва, электроннай тэхнікі і апрацоўкі матэрыялаў. Сярод найбольш актыўных заяўнікаў за апошнія пяць гадоў — БДУІР, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, ТАА «Індустрыяльны цэнтр» (вытворца пластмас), Аб’яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі, унітарнае прадпрыемства «НТЦ „ЛЭМТ“ БелОМА» і іншыя.

Па колькасці заявак на прамысловыя ўзоры беларускія заяўнікі займаюць другое месца, уступаючы толькі расійскім. Паводле слоў Уладзіміра Рабаволава, часцей за ўсё заяўкі падаюцца на транспартныя сродкі і пад’ёмныя ўстройствы, машыны, станкі, упакоўку, тару і кантэйнеры для транспарціроўкі і захоўвання тавараў. Сярод лідараў па падачы — МАЗ, «АМКАДОР», «Мінскі завод колавых цягачоў», ААТ «Белшына», Аб’яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі, БЕЛАЗ, ААТ «Брэсцкі мясакамбінат», ТАА «АСД-тэхніка» і ААТ «Беллакт».

Таксама Уладзімір Рабаволаў расказаў, што лідарамі па актыўнасці падачы заявак па вынаходніцтвах з’яўляюцца ЗША, Расія, Кітай, Швейцарыя і Германія. Заяўнікі з Беларусі займаюць сёмае месца па колькасці заявак на вынаходніцтвы сярод краін свету. З 1996 года з Беларусі паступіла 2457 заявак на вынаходніцтвы. Беларусь займае трэцяе месца па ступені запатрабаванасці еўразійскай патэнтнай сістэмы з улікам колькасці насельніцтва, уступаючы Швейцарыі і Даніі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю