Top.Mail.Ru
242

Ад Нарачы да Індыі: сотні сем’яў сабраліся на «Навагодняй кругаверці» ў Магілёве

У Магілёве ў парку Падніколле прайшло спартыўна-забаўляльнае сямейнае свята «Навагодняя кругаверць», у якім прынялі ўдзел сотні дзяцей і дарослых з Магілёва, іншых гарадоў Беларусі і нават замежжа, паведаміла БелТА.



Святочная праграма разгарнулася адразу на некалькіх пляцоўках парку. Гасцей чакалі конкурсныя зоны, анімацыя, зімовыя актыўнасці і сямейны квэст з 10 станцый. Першым 150 удзельнікам, якія прайшлі ўсе выпрабаванні, дасталіся навагоднія падарункі ад Дзеда Мароза.

«Гэта традыцыйнае мерапрыемства, якое мы праводзім не першы год, яно ўключае 10 станцый. Кожны ўдзельнік праходзіць усе этапы, выконвае заданні, уключаючы спартыўныя, і за кожнае атрымлівае флаер. Сабраўшы ўсе 10 флаераў, дзеці прыходзяць да Дзеда Мароза, здаюць іх і атрымліваюць навагодні падарунак. Першыя 150 чалавек атрымаюць падарункі», — расказаёў намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Магілёўскага гарадскога фізкультурна-спартыўнага клуба Дзмітрый Шчарбаты.

Не толькі жыхары Магілёва прыйшлі на свята: у парку сабраліся сем’і з розных куткоў краіны. З Нарачы спецыяльна прыехала Ганна Гарыфуліна з дочкамі і сябрамі. «Сёння прыехалі сюды з дзвюма дочкамі і сябрамі, якія таксама прывялі сваіх дзяцей. Спачатку хацелі проста пагуляць у джэнгу, але да нас падышлі арганізатары, патлумачылі правілы — калі прайсці ўсе 10 станцый, можна абмяняць маршрутны ліст на падарунак. Так што сабралі ўсіх дзяцей і пайшлі праходзіць заданні», — адзначыла яна.


Па словах Ганны, нават зімовы холад не стаў перашкодай: сям’я вырашыла зладзіць выхадны дзень па-святочнаму. «Новы год плануем адзначаць як усе — за святочным сталом з сям’ёй. А з сённяшняга дня ў нас ужо пачалася навагодняя традыцыя — будзем варажыць з сяброўкамі», — дадала яна.

Сярод гасцей аказаўся і Аншу Мехта з Індыі, які цяпер знаходзіцца ў Беларусі. «Гэта мой другі візіт у Беларусь. Тут вельмі прыгожа. Я сёння прыйшоў сюды са сваім сынам. Вельмі цікавае свята, і людзі выдатныя»,— падзяліўся ён.


Ён расказаў, што даведаўся пра мерапрыемства з інтэрнэту і адразу вырашыў прыйсці. Таксама Аншу растлумачыў, як адзначаюць Новы год у яго роднай краіне. «У нас усё інакш. У Індыі кожны рэгіён мае свае традыцыі. Новы год па нацыянальным календары пачынаецца 14 студзеня. А 1 студзеня адзначаюць у асноўным у буйных гарадах, напрыклад, у Дэлі або Мумбаі. Там ладзяць канцэрты, вечарыны і працуюць клубы», — сказаў ён. Сёлета Аншу правядзе свята ў Беларусі — з сям’ёй. А ўжо ў лютым плануе паехаць у Канаду, дзе будзе адзначаць дзень нараджэння сына.

У парку Падніколле панавала святочная атмасфера: госці весяліліся, удзельнічалі ў конкурсах і з задавальненнем бавілі час на свежым паветры, нягледзячы на мароз. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Магілёўскі гарадскі фізкультурна-спартыўны клуб і аддзел спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю