Top.Mail.Ru

«Ад нас сёе-тое залежыць». Лукашэнка выказаўся пра ролю Беларусі ў структуры еўрапейскай бяспекі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point 17 лістапада выказаўся пра ролю Беларусі ў структуры еўрапейскай бяспекі, якая можа быць сфарміраваная ў будучыні, паведамляе БелТА.



Адной з тэм інтэрв’ю стаў канфлікт ва Украіне, а таксама перспектывы яго ўрэгулявання, і гаворка зайшла пра тое, што Расія настойвае на новай структуры бяспекі ў Еўропе. Пры гэтым, як адзначыла журналіст французскага выдання, самі еўрапейцы прытрымліваюцца наступнай пазіцыі: маўляў, калі Расія не можа атрымаць ваенную перамогу над Украінай, чаму яна дыктуе еўрапейцам, як ім будаваць сваю бяспеку. 

«Я ад вас упершыню чую, што еўрапейцы на падставе гэтага тэзіса, пра які вы сказалі, не хочуць размаўляць пра будучыню нашага еўрапейскага кантынента, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Аб структуры (бяспекі. — Заўв. БелТА) у тым ліку. Структура бяспекі — гэта і ёсць у будучыні галоўнае. Я чаму кажу «нашага кантынента», таму што Беларусь з’яўляецца цэнтрам Еўропы. Гэта не мы прыдумалі, гэта агульнапрызнана».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што геаграфія адыгрывае немалаважную ролю ў палітыцы. Геаграфічны цэнтр Еўропы знаходзіцца на поўначы Беларусі, у горадзе Полацку, і, як перакананы беларускі лідар, еўрапейцы не могуць проста адмахнуцца ад гэтага факту. «Вы мне назвалі прычыну, па якой Еўропа не хоча размаўляць з намі, з Расіяй. Ад Беларусі сёе-тое залежыць у гэтай сістэме бяспекі», — дадаў ён.


Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуўся да гісторыі. З улікам геаграфічнага становішча праз беларускія землі не раз праходзілі буйныя ваенныя канфлікты. «Мы гэта ўсё памятаем. Я як гісторык добра ведаю гісторыю сваёй дзяржавы. Таму я буду казаць пра тое, што не толькі ад Расіі, але і ад нашага народа, ад нашай Беларусі сёе-тое залежыць», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

«Сведчаннем гэтаму з’яўляецца тое, што мы ў кантакце пастаянна з вашым Прэзідэнтам (гаворка пра Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. — Заўв. БелТА), няхай апасродкавана. Мы размаўляем з ім па тэлефоне, людзі сустракаюцца яго і нашы», — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб тым, якія падзеі і працэсы паслужылі пачаткам канфлікту ва Украіне.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў аснове супрацьстаяння — комплекс праблем і фактараў. Але ў значнай ступені да гэтага падштурхнулі трагічныя падзеі ў Адэсе ў 2014 годзе і палітыка дзяржавы ў адносінах да рускай мовы. «Не трэба было ўкраінцам спальваць рускіх людзей у Адэсе, як гэта было ў свой час, і забараняць рускую мову», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта было вельмі важна для рускага чалавека... Яны на рускай мове там размаўлялі — на ўсходзе (Украіны. — Заўвага БелТА). Што ў гэтым дрэннага? Вы — францужанка — выдатна размаўляеце на рускай мове. Бацька ваш быў славістам, ён выдатна ведаў і любіў Расію. Але не менш і Францыю. Што, нельга было гэтай палітыкі прытрымлівацца?» — слушна заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«Гэта я называю, што на паверхні было. Дайшлі да таго, што пачалі забіваць, спальваць людзей. Гэта што, нармальна было? Ненармальна», — працягнуў ён.

Нагадаў Аляксандр Лукашэнка і аб тым, як быў атакаваны Данбас, калі адтуль пачыналася эвакуацыя ахвотных пакінуць рэгіён. А потым былі перагаворы «нармандскай чацвёркі» ў Мінску, і Беларусь са свайго боку зрабіла ўсё, каб урэгуляваць сітуацыю мірным шляхам. Аднак, як паказаў час, да гэтага імкнуліся не ўсе ўдзельнікі перагавораў.


«Ну навошта ты ядзерную краіну, навошта ты гэтага „мядзведзя“ разбудзіў у бярлозе і пачынаеш тузаць? Ну навошта? — вобразна выказаўся Прэзідэнт аб тым, што папярэднічала гарачай фазе канфлікту. — Тым больш у Мінску сабраліся, дамовіліся. Францыя і Германія (лідары гэтых краін. — Заўвага БелТА) былі ў Мінску, я тут арганізаваў гэтыя ўсе сустрэчы. Вы навошта?.. Ну падманулі ж. Меркель жа аб гэтым сказала (хоць я не веру)».

Журналіст звярнула ўвагу, што на IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы беларускі лідар заявіў, што вайна ва Украіне ў бліжэйшыя месяцы будзе скончана. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ад гэтага канфлікту стаміліся ўсе. У сувязі з гэтым журналіст пацікавілася, ці адчувае кіраўнік беларускай дзяржавы гэту стомленасць у прадстаўнікоў расійскай эліты.

«Я гэта не адчуваю, я ведаю, што стаміліся не толькі ва Украіне і Расіі, але і ў вас, у Еўропе, і ў нас. Ад гэтага ўсе стаміліся. Любая вайна — гэта галава людзей. Калі ў галаве склалася, што заўтра будзем ваяваць, то пытанне, вобразна кажучы, куды танкі пойдуць, — гэта справа часу, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вайна доўжыцца ўжо амаль пяць гадоў. Кровапралітная папярэдняя вайна скончылася за чатыры гады».

Ён падкрэсліў, што гэта стомленасць ёсць не толькі ў эліт, але і ў простага народа па абодва бакі канфлікту. Гэта ж датычыцца і беларусаў з еўрапейцамі. «У нас таксама стомленасць ад гэтага. Гэта значыць, у галаве ўжо склаўся пэўны алгарытм. Справа часу. Я лічу, што ў бліжэйшы час трэба вызначыцца», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Тым больш, як адзначыў беларускі лідар, у час вайны заўсёды могуць скласціся тыя ці іншыя нечаканыя сітуацыі. «Не трэба думаць, што сёння ўкраінцы або расіяне перамагаюць на фронце і заўтра так будзе. Вайна — гэта востры канфлікт, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Заўтра сітуацыя можа павярнуцца радыкальна».


Прэзідэнт не выключыў варыянта, пры якім у канфлікт можа ўвязацца Паўночнаатлантычны альянс: «І не наёмнікамі, як цяпер. З вашага боку наёмнікаў там хапае. І беларусаў там хапае па абодва бакі».

Журналіст пацікавілася, ці сапраўды беларускі лідар лічыць такое развіццё падзей магчымым. «Гэта магчымая эскалацыя. На вайне ўсё магчыма. Таму я вам і гавару, што разлічваць на тое, што будзе заўтра так, як сёння, ні ў якім разе нельга. Не будзе, як сёння. Гэта мой аналіз, і не толькі мой. Спецыялісты ў гэтым перакананы. Таму трэба сёння дамовіцца», — адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Журналіст адзначыла, што Аляксандр Лукашэнка добра ведае свайго расійскага калегу Уладзіміра Пуціна і яго акружэнне. Яна пацікавілася, на якія кампрамісы можа пайсці Расія, каб спыніць канфлікт ва Украіне. 

«На якія кампрамісы магла б пайсці Расія, трэба ў расіян пытацца, — заўважыў Прэзідэнт. — Там кавалак зямлі гэтай застаўся, не заваяваны Расіяй у Данбасе — гэтыя дзевяць або 11 працэнтаў».

«Яны (расійскія войскі. — Заўвага БелТА) усё роўна, калі будзе прадаўжацца вайна, выйдуць на граніцы Данбаса. З гэтага трэба зыходзіць. Калі не будзе той эскалацыі, аб якой я гаварыў», — дадаў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе сцэнарый з прамым уцягваннем Паўночнаатлантычнага альянсу.


Прэзідэнт звярнуў увагу, што раней разглядаўся варыянт стварэння дэмілітарызаванай зоны на тэрыторыі Украіны, на які пагадзіліся амерыканцы, расіяне і ўкраінцы. «І на гэтым па фронце, як патрабуюць амерыканцы (і згодны ўкраінцы), спыніць вайну», — нагадаў кіраўнік дзяржавы.

Аднак пасля гэтага адбылася атака беспілотнікаў на адну з рэзідэнцый Уладзіміра Пуціна, і такі сцэнарый не ўдалося рэалізаваць. «Пуцін зразумеў, гэта я ведаю дакладна, што давяраць тут украінцам (чытай — Захаду) нельга. Не думаю, што Зяленскі вырашыўся б нанесці ўдар па рэзідэнцыі Пуціна, калі б гэта не адобрылі ў Еўропе. Такое ў яго (Уладзіміра Пуціна. — Заўвага БелТА) меркаванне. І гэта ўсё (план спынення вайны. — Заўвага БелТА) было разбурана. А так ужо вайна спынілася б па лініі судакранання, калі б гэтага акта не было. І можна было б далей дамаўляцца аб тым, дзе гэта будзе мяжа, як там, што там... У працэсе перагавораў усё магчыма», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Журналіст адзначыла, што і прадстаўнікі Украіны таксама не давяраюць Прэзідэнту Расіі. «Цяпер не давяраюць. Таму трэба дамаўляцца. Эліты Украіны разумеюць, што трэба дамаўляцца. Эліты Расіі, у тым ліку Прэзідэнт Пуцін, таксама за мір», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю