У Цэнтральным дзіцячым парку імя М.Горкага ў Мінску прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню пажарнай службы Беларусі, перадае БелТА.
Свята ў сталічным парку пачалося з пляц-канцэрта і дэфіле зводнага духавога аркестра МНС. Узвод ганаровай варты прадэманстраваў узорны строй і бездакорную выпраўку. Зводны аркестр МНС выканаў святочнае папуры з беларускіх мелодый.
Таксама арганізатары падрыхтавалі для гасцей парад плавальных сродкаў выратавальнага ведамства ў акваторыі ракі Свіслач. Выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Адзінства» прадэманстравалі гледачам навыкі пераадолення воднай перашкоды па вяровачнай пераправе, выратавання пацярпелага з задымленай камеры, а таксама карыстанне зброяй і пажарным аварыйна-выратавальным абсталяваннем.
Госці свята маглі азнаёміцца з рарытэтнай тэхнікай ратавальнікаў. У парку можна было даведацца ўсё пра асноўныя віды тэхнікі, якія сёння выкарыстоўваюць ва ўсіх падраздзяленнях МНС Беларусі. Гледачам былі прадстаўлены аўталесвіцы вышынёй пад’ёму 52 м і 42 м, аўтакаленчаты пад’ёмнік вышынёй 50 м, аўтамабіль хуткага рэагавання, аўтамабіль хімічнай абароны, квадрацыклы, багі, матацыклы, аўтамабіль пошукава-выратавальных работ. У кожным з узораў тэхнікі можна было пасядзець і даведацца аб тым, як ён прымяняецца на практыцы.
Таксама гледачам паказалі беспілотныя лятальныя апараты, якія выкарыстоўваюцца для пошуку людзей, маніторынгу пажаранебяспечнай сітуацыі і акваторый. Дзякуючы дрону за кароткі час можна абследаваць вялікую плошчу адкрытай мясцовасці, а таксама цяжкадаступныя месцы, напрыклад балоты. У парку быў прадстаўлены рабатызаваны комплекс, які дае магчымасць работніку, знаходзячыся на бяспечнай адлегласці, выконваць задачы з радыеактыўнымі элементамі або ў цяжкадаступных месцах.
Непадалёк ад набярэжнай працаваў скаладром, дзе кожны мог паспрабаваць свае сілы ў альпінізме. Жадаючыя таксама маглі паглыбіцца ў работу пажарнага: у спецыяльнай палатцы ім выдавалі дыхальныя апараты са сціснутым паветрам для адпрацоўкі дзеянняў ва ўмовах моцнага задымлення. Карыстаўся папулярнасцю і трэнажор аўтамабіль-пярэкрут, які імітуе перакульванне машыны ў час аварыі. Усяго ў парку для дзяцей працавалі 33 інтэрактыўныя навучальныя пляцоўкі.
Святочную атмасферу ў парку дапамагаў ствараць канцэрт, які праходзіў на сцэне побач з галоўным уваходам. Працавала палявая кухня, у якой госці мерапрыемства маглі пачаставацца салдацкай кашай.
Акрамя таго, на стадыёне ў парку прайшоў таварыскі футбольны матч паміж камандамі МНС Беларусі і Расіі.