Top.Mail.Ru
95

Ад пасадкі лесу да дапамогі сельгасарганізацыям — на рэспубліканскім суботніку прафсаюзамі запланавана правядзенне работ на розных участках

Прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый па традыцыі прымаюць актыўны ўдзел у суботніку. Высадка лесу, навядзенне парадку на розных тэрыторыях, догляд памятных месцаў — запланаваны маштабны фронт работ па ўсёй краіне.


Напрыклад, прадстаўнікі нацыянальнага прафцэнтра, галіновых прафсаюзаў на чале са старшынёй ФПБ Юрыем Сянько будуць працаваць у Барысаўскім раёне на высадцы лесу. Гэта тэрыторыя і заяўленыя работы выбраны не выпадкова: на рэгіён прыпала немалая доля разгулу непагадзі.

Дарэчы, сёлета гэта ўжо далёка не першае мерапрыемства. З моманту аб’яўлення рэспубліканскай акцыі «Лес! Дабро! Парадак!» прафсаюзы Беларусі сістэмна працавалі па аднаўленні лясоў і добраўпарадкаванні прыродных тэрыторый, якія пацярпелі ў выніку неспрыяльных умоў надвор’я.

Практычна кожныя выхадныя і ў вольны ад работы час прафсаюзныя актывісты працавалі па ўсёй краіне. Толькі з сярэдзіны сакавіка ў акцыі прынялі ўдзел амаль 8 тысяч чалавек. Агульнымі намаганнямі высаджана каля 849,5 гектара лесу — гэта значны ўклад у падтрыманне экалагічнага балансу і захаванне прыроднай спадчыны. Акрамя таго, сёлета асаблівы акцэнт зроблены і на добраўпарадкаванні тэрыторый, разборы завалаў і смецця пасля зімы і ўмоў надвор’я. Як ужо адзначалі ў галіновым ведамстве, за мінулы год дзякуючы агульным намаганням многія тэрыторыі, якія пацярпелі ў выніку стыхій, ужо адноўлены. Таму зараз вельмі актуальная дапамога менавіта ў добраўпарадкаванні і навядзенні парадку ў лясных масівах.

Таксама падчас суботніка вялікая ўвага прафсаюзамі будзе нададзена далейшаму добраўпарадкаванню памятных мясцін. Напрыклад, прафсаюзная моладзь будзе працаваць на такіх аб’ектах, як помнік Герою Савецкага Саюза Джумашу Асаналіеву ў сталіцы, мемарыяльныя комплексы «Трасцянец», «Папова Града», «Доры» і інш.

Не застануцца без увагі і падшэфныя арганізацыі, у прыватнасці, сельскагаспадарчага профілю — у шэрагу гаспадарак ужо вызначаны аб’ём работ для прафсаюзнага актыву.

Акрамя таго, прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый розных галін па ўсёй краіне будуць таксама працаваць на аб’ектах адпачынку і аздараўлення грамадзян, у сацыяльных установах, дзіцячых спартыўных школах і гарадскіх парках.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю