Канкрэтныя прыклады інвестыцыйнага супрацоўніцтва Беларусі назвала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час сустрэчы з кіраўнікамі мясцовых органаў улады Рэспублікі Беларусь і органаў дзяржаўнай улады суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, перадае БелТА.
«Мы не абмяжоўваемся толькі ўзаемным гандлем. Я хацела б прывесці сёння тут шэраг канкрэтных прыкладаў інвестыцыйнага супрацоўніцтва», — сказала Наталля Качанава.
Так, сумесна з расійскімі калегамі ў Гродзенскай вобласці пабудаваны магутны завод па перапрацоўцы насення рапсу. У гэтым жа рэгіёне заканчваецца стварэнне вытворчасці па перапрацоўцы насення сланечніку для выпуску прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. У вытворчасці электробусаў у Мінску і Ніжагародскай вобласці задзейнічаны беларускія і расійскія прадпрыемствы.
«Мінскае метро перавозіць нашых грамадзян у камфортных і сучасных вагонах, вытворчасць якіх ажыццяўляецца з выкарыстаннем беларускіх станкоў у горадзе Мыцішчы Маскоўскай вобласці на заводзе з больш як векавой гісторыяй», — дадала Наталля Качанава.
У мінулым годзе ў расійскім Васкрасенску з удзелам беларускага боку пачаў работу завод кабельнай прадукцыі з поўным цыклам вытворчасці. Сёння разглядаецца пытанне аб пашырэнні яго магутнасці.
«Такіх прыкладаў можна прыводзіць даволі шмат, і мы вельмі рады, што яны з’яўляюцца, ствараюцца новыя прадпрыемствы, вытворчасці, і гэта ўсё, безумоўна, на карысць нашых народаў і нашых краін», — падкрэсліла спікер.