Усяго за некалькі гадоў гэтая крохкая дзяўчына з моцным голасам прайшла шлях ад удзельніцы дзіцячых конкурсаў да пераможцы нацыянальнага адбору «Славянскага базару». І сёлета яна прадставіць Беларусь на ХХІV Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск 2025». Пра ўласную творчасць, дуэт з Арцёмам Скаролем і падрыхтоўку да галоўнага музычнага конкурсу краіны расказвае Лера Бернатовіч.
Пра старт творчай кар’еры
— Лера, якімі былі першыя крокі ў музыцы?
— Я нарадзілася і вырасла ў Мінску, з маленства займалася танцамі, і толькі ў 9 гадоў папрасіла бабулю адвесці мяне на вакал. Цікава, што зрабіла яна гэта тайком ад мамы. Трапіла да выдатнага выкладчыка, у якога займалася каля 10 гадоў. Даныя ў мяне былі нядрэнныя, таму хутка пачаліся розныя конкурсы. Пасталеўшы, вырашыла паступаць у Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Цяпер вучуся ўжо на трэцім курсе спецыяльнасці «Мастацтва эстрады», па якой я, дарэчы, не толькі артыст, але і педагог па вакале. Ужо цяпер працую з дзецьмі, і мне гэта таксама вельмі падабаецца. Магчыма, пазней буду сумяшчаць выступленні на сцэне і выкладанне — адно другому не перашкаджае.
— Якая парада першага педагога запомнілася на ўсё жыццё?
— «Нельга ленавацца. Трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць». Да гэтага часу жыву з такім дэвізам, і ўсё, чаго дабілася, — вынік упартай працы.
— А калі б не музыка, чым заняліся б?
— Я чалавек творчы. Магчыма, працягнула б займацца танцамі ці паспрабавала акцёрскае майстэрства. У дзяцінстве ў мяне была мара стаць тэлевядучай — не выключана, што звязала б сваё жыццё з гэтым. Але лёс распарадзіўся інакш. Пакуль што маё жыццё — выключна музыка.
— Памятаеце сваё першае выступленне?
— Мне тады было 9 гадоў, і я стала лаўрэатам другой ступені на міжнародным конкурсе. Выконвала песню «Мар», з якой Даяна Кірылава выступала на «Дзіцячым Еўрабачанні — 2013». Усе вельмі перажывалі, асабліва мама. Дрыготкімі ад хвалявання рукамі яна здымала маё выступленне на відэа. Здаецца, яно да гэтага часу недзе захавалася. Я там такая маленькая на вялікай сцэне... Наогул, мама ездзіла са мной на ўсе канцэрты і конкурсы, заўжды знаходзілася побач, дапамагала. Без яе падтрымкі было б значна цяжэй.

Кампраміс дзеля выніку
— Калі да вас прыйшла першая папулярнасць?
— Напэўна, калі трапіла ў музычную медыякампанію. Я тады вучылася на першым курсе каледжа, і да нас прыехалі з кастынгам — шукалі дзяўчыну ў дуэт. З некалькіх прэтэндэнтак выбралі мяне. Так пазнаёмілася з Арцёмам Скаролем. Мы пасябравалі і пачалі шмат працаваць разам: запісваць песні, здымаць кліпы, выступаць на буйных пляцоўках па ўсёй краіне. Цяпер у нашым рэпертуары прыкладна 5-6 песень, а яшчэ вялікая колькасць кавераў — іх можна паслухаць у нашых сацыяльных сетках.
— У якіх жанрах працуе ваш дуэт?
— У асноўным выконваем поп-музыку, шмат патрыятычных кампазіцый. Напрыклад, песню «Што ты зрабіў для Радзімы» кожны раз неверагодна цёпла прымаюць слухачы. Гэта, напэўна, наш галоўны хіт — яго любяць і моладзь, і дарослыя. А яшчэ Арцём сам піша музыку. Магчыма, калі-небудзь мы выпусцім што-небудзь у яго аўтарскім стылі. Я таксама спрабавала нешта ствараць, але пакуль гэта хутчэй накіды, яшчэ не планую іх публікаваць.
— У вас з Арцёмам бываюць творчыя рознагалоссі?
— У любым дуэце часам бываюць спрэчкі. Мы з Арцёмам вельмі розныя: я энергічная, эмацыянальная, а ён — спакойны і ўраўнаважаны. Але, як мне здаецца, у гэтым і ёсць наша сіла, бо мы дапаўняем адно аднаго. Часам Арцём, як сапраўдны джэнтльмен, саступае. Але ў асноўным заўсёды знаходзім кампраміс.
— Як праходзілі здымкі вашага сумеснага кліпа?
— Яны доўжыліся тры дні, што даволі мала. Пачыналі ў 6 гадзін раніцы з грыму (дзве гадзіны ішло толькі на гэта), а заканчвалі глыбокай ноччу. Здымалі на розных лакацыях: аэрадром Ліпкі, парк Дразды, праспект Пераможцаў... Было няпроста: пастаянныя пераезды, пякучае сонца, недасыпанне. Але вынік адназначна таго варты.
— Ці плануеце працаваць з Арцёмам і далей?
— Канешне! У нас шмат планаў: новыя песні, магчыма, яшчэ адзін кліп. Гэта будзе нешта зусім новае, не падобнае на нашы папярэднія работы. Пакуль не магу раскрываць дэталі, але хутка ўсё аб’явім.

«Марафон адзінства» і «Славянскі базар»
— Ваш дуэт удзельнічаў у «Марафоне адзінства». Чым запомніўся гэты перыяд?
— З кастрычніка да студзеня мы практычна жылі ў раз’ездах — кожны тыдзень па тры дні ў розных гарадах. Усяго наведалі, калі не памыляюся, 17 населеных пунктаў. Паралельна былі спікерамі на «НЯсумных НЯлекцыях», правялі 41 сустрэчу, дзе расказвалі навучэнцам каледжаў пра свой творчы шлях, раілі выбіраць тое, да чаго ляжыць душа, слухаць сваё сэрца. А яшчэ падчас «Марафону» мы пазнаёміліся з рознымі таленавітымі артыстамі і да гэтага часу падтрымліваем з імі сувязь.
— І атрымлівалася сумяшчаць такую актыўную дзейнасць з вучобай?
— Не заўсёды. Напрыклад, быў такі выпадак. Арцём вучыцца ў БДУКМ, і яго сесія трапіла якраз на дні правядзення «Марафону адзінства» ў Мінску. Ён тады мне сказаў: «Лера, магчыма, я не паспею. Не ведаю, як доўга будзе ісці экзамен». І вось я сяджу перад пачаткам чарговай сустрэчы і разумею: давядзецца весці гэтую адной. А мы ўжо прывыклі ўсё рабіць удваіх. Але, дзякуй богу, ён прыехаў-такі — паспеў літаральна за 5 хвілін да пачатку. Была і адваротная сітуацыя. Іншая «Нялекцыя» зацягнулася, а мне трэба было тэрмінова ехаць на адборачны тур «Славянскага базару».
— А як вы надумалі ў ім удзельнічаць?
— Шчыра кажучы, гэта было вельмі спантаннае рашэнне. Мне проста хацелася паспрабаваць свае сілы, паглядзець, на што здольная. Да гэтага ўдзельнічала ў асноўным у дзіцячых конкурсах, а ў дарослых — ніколі. Убачыла інфармацыю пра падачу заявак на «Славянскі базар» і падумала: «А чаму б і не?» Прайшла першы тур, потым — другі... На гэтым этапе далучылася мая каманда.
— Як праходзіла падрыхтоўка да фіналу?
— На першым і другім турах у мяне быў адзін рэпертуар, але да фінальнага адбору ўжо рыхтавалі дзве новыя песні, спецыяльна пад фармат «Славянскага базару». Таксама перапрацавалі аранжыроўкі, каб максімальна паказаць мае вакальныя магчымасці. А яшчэ аддалі шмат увагі харэаграфіі: працавалі над стойкай, сцэнічнымі рухамі.

Тры тыдні перад адборам сталі сапраўдным выпрабаваннем: вакальныя і танцавальныя рэпетыцыі, прымеркі касцюмаў. Спатрэбілася шмат сіл, часу, веры ў сябе і свае здольнасці. І, канешне, падтрымка блізкіх і маёй каманды. Менавіта таму ў мяне ўсё і атрымалася.
Галоўнае — дарыць творчасць і радасць
— Вам вядомы страх сцэны?
— Лічу, што ў любога артыста павінна быць здаровае хваляванне перад выступленнем. У дзяцінстве, праўда, мяне магло трэсці так, што знікаў голас. З гадамі гэта прайшло, перад звычайным канцэртам я хвалююся менш — беларускі глядач надзвычайна цёплы і спагадлівы. А вось конкурсы — зусім іншая рэч. Нават цяпер, маючы сцэнічны досвед, перад кожным выступленнем на тым жа адборы на «Славянскі базар» я моцна хвалявалася.
— Што для вас важней: любоў гледачоў або прызнанне прафесіяналаў?
— Складанае пытанне. Калі б прыйшлося, я выбрала б першае. Мне здаецца, што мы, артысты, ідзём у гэтую прафесію не па рэгаліі, а каб дарыць людзям эмоцыі, энергію, часцінку сваёй творчасці.
Аміна НАЗАРАВА
Фота дадзены гераіняй