Top.Mail.Ru

Ад поля да палатна — фестываль «Ільняная карусель» у Карме пазнаёміць з унікальнымі традыцыямі льнаводства

Гарадскі пасёлак Карма Гомельскай вобласці ўжо заўтра, 1 жніўня, на дзень стане льняной сталіцай Беларусі. Дзявяты раз тут пройдзе рэгіянальны фестываль «Ільняная карусель», які аб’яднае сотні ўдзельнікаў і гасцей раённага цэнтра, піша SB.by.


Сесці за ткацкі станок, вырабіць бранзалет, сплесці вянок — і ўсё гэта з выкарыстаннем лёну — зможа кожны ахвочы. Цэнтральная плошча гарадскога пасёлка і паркавыя лакацыі ператворацца ў адзіную фестывальную пляцоўку. Начальнік аддзела культуры Кармянскага райвыканкама Святлана Казлова расказала пра філасофію свята і ключавыя падзеі гэтага дня:

— Для нашага рэгіёна «Льняная карусель» — гэта не проста свята. Гэта, перш за ўсё, спосаб захаваць і прымножыць гісторыка-культурную спадчыну продкаў, прыцягнуць моладзь да гісторыі роднага краю і краіны, пазнаёміць з традыцыямі і звычаямі льнаводства, якія на Кармяншчыне складаліся на працягу многіх стагоддзяў. У праграме фестывалю традыцыйнае касцюміраванае шэсце і карагод на цэнтральнай плошчы Кармы. Поўны цыкл вырошчвання і апрацоўкі лёну — ад сяўбы да гатовага палатна — мы пакажам на пляцоўцы «Ад збожжа да ручнiка». У лакацыі «Льняная вёска» разгорнуцца традыцыйныя беларускія падворкі з майстар-класамі: «Хлебнае», «Буйное», «Бульбяное», «Капуснае» і «Травяное». Упершыню ў рамках фестывалю пройдзе абрад «Ільняное вяселле» для пар, якія пражылі ў шлюбе 4 гады.

У час фестывалю можна будзе пабываць на лакацыі «Ронае. Моднае», дзе пакажуць традыцыйныя льняныя ўзоры, для прыхільнікаў здаровай актыўнасці будзе адкрыта пляцоўка «СпортЛён-Style», а для аматараў сучасных танцаў — маладзёжная зона «Льна Дэнс». На свяце будзе працаваць горад майстроў і музей лёну пад адкрытым небам. Фестывальныя мерапрыемствы працягнуцца да глыбокай ночы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю