Top.Mail.Ru
215

Ад праверкі ніхто не ўхіліцца. Як праводзяць вымярэнні выкідаў забруджвальных рэчываў на прадпрыемствах

Намеснік начальніка ДУ «Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя» Святлана Касцян расказала аб тым, як працуе кантроль за выкідамі забруджвальных рэчываў на прадпрыемствах, паведамляе БелТА.



Цэнтр аналітычнага кантролю праводзіць незалежныя вымярэнні ў кампанентах навакольнага асяроддзя — сцёкавай, паверхневай, пітной вадзе, выкідах ад стацыянарных крыніц прадпрыемстваў (дымавых трубах), глебагрунтах, донных адкладах. 

«Калі праводзіцца адбор проб на правядзенне вымярэнняў, па іх выдаюцца пратаколы, якія накіроўваюцца ў тэрытарыяльныя органы. Калі суб’ект гаспадарання працуе ў рамках дазволеных яму нарматываў, то да яго не прымяняюцца меры адміністрацыйнага спагнання. Таксама пратаколы дазваляюць убачыць, якія, напрыклад, ачышчальныя збудаванні сцёкавых вод працуюць эфектыўна, а якія — не. На падставе гэтых даных прымаюцца рашэнні, уключаючы рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў. Калі яны працуюць неэфектыўна, пастаянна ідзе перавышэнне па біягенных рэчывах, то закладваецца фінансаванне і пачынаецца іх рэканструкцыя», — расказала Святлана Касцян. 

Каб арганізаваць адбор проб, неабходна трапіць на прадпрыемства, а для гэтага патрэбна прычына, дадала яна, гаворачы аб рэгламенце правядзення праверак на прадпрыемствах. «На сайтах цэнтральных органаў Мінпрыроды ёсць спецыяльны раздзел, дзе кожны суб’ект гаспадарання можа паглядзець, ці ўключаны ён у праверку, — растлумачыла намеснік начальніка. — У нас ёсць экалагічныя нормы і правілы, дзе ўстаноўлены парадак і перыядычнасць кантролю прадпрыемстваў».

Магчымасці абысці гэтыя праверкі ў прадпрыемстваў няма, таму што работа вядзецца комплексная. «Яе робім не толькі мы, але і тэрытарыяльныя органы, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, нават пільныя грамадзяне звяртаюцца», — заўважыла Святлана Касцян. Пры гэтым асноўная маса дадатковых праверак праводзіцца па зваротах грамадзян.

Начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Сазонава дадала, што ў Беларусі прымяняюцца санкцыі за шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю, — выкіды забруджвальных рэчываў, скіды адходаў, несанкцыянаванае размяшчэнне адходаў, выдаленне аб’ектаў расліннага свету.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю