Кожную сераду, з 17:00 да 20:00 гадзін, у грамадскіх пунктах аховы правапарадку сталіцы праходзяць прыёмы грамадзян. Для мінчан гэта самая простая і эфектыўная магчымасць задаць хвалюючае пытанне свайму ўчастковаму, вырашыць працяглую суседскую спрэчку або атрымаць кваліфікаваную дапамогу. Гэтым разам прыём грамадзян праводзіла ўчастковы інспектар міліцыі Партызанскага РУУС г. Мінска Анастасія ГОРБЕЛЬ.
Падарунак з інструкцыяй па бяспецы
Першымі ў кабінет да ўчастковага інспектара зайшлі муж і жонка. Яны расказалі, што купілі свайму 15-гадоваму сыну сродак персанальнай мабільнасці — электрасамакат. Бацькі хочуць, каб летні адпачынак дзіцяці быў бяспечны, таму вырашылі асабіста ўдакладніць у міліцыянера правілы бяспечнага выкарыстання гэтай катэгорыі транспарту.
— Згодна з новымі правіламі, вадзіцелі СПМ абавязаны спешвацца на пешаходных пераходах, дзе няма транспартнага святлафора з сілуэтам веласіпедыста або аналагічнай таблічкі, якая яго замяняе, — звярнула ўвагу на ключавыя патрабаванні ў ПДР Анастасія Горбель. — Правілы забараняюць самакатчыкам ехаць у населеных пунктах хутчэй за 10 км/г (за выключэннем руху па веласіпедных дарожках), абавязваюць спешыцца перад скрыжаваннем праезнай часткі і пераходзіць яе з захаваннем усіх мер асцярожнасці.
Спыняцца, як удакладніла афіцэр, не трэба, калі рух на веласіпедным пераездзе рэгулюе транспартны святлафор з сілуэтам веласіпедыста, пры гэтым пераход праезнай часткі павінна ажыццяўляцца з хуткасцю ідучага крокам пешахода, пераканаўшыся, што вадзіцель яго бачыць і саступае дарогу. Не спешвацца, па яе словах, можна і пры праездзе скрыжавання па веладарожцы ўздоўж праезнай часткі ці не далей метра ад яе правага краю, калі гэта дапускаецца правіламі. Кіраваць СПМ на дарозе без суправаджэння дарослых дазваляецца з 14 гадоў. Да дасягнення гэтага ўзросту рухацца без суправаджэння магчыма толькі на тэрыторыі жылых зон.
«Бабуля ўвесь час з кімсьці шэпчацца...»
Наступнай на прыём прыйшла маладая дзяўчына, якая выказала занепакоенасць за пажылую сваячку.
«Мая бабуля ў апошні час паводзіць сябе вельмі дзіўна, — падзялілася мінчанка. — Пастаянна размаўляе з кімсьці па тэлефоне за зачыненымі дзвярыма, а пра што — расказваць наадрэз адмаўляецца. Я спрабавала праверыць яе тэлефон, растлумачыць, што зараз шмат ашуканцаў, але яна мне проста не верыць. Ведаю, што ёй прапаноўвалі „замяніць дамафон“ і прасілі прадыктаваць нейкія коды з СМС. Баюся, што яна пад чужым уплывам перавядзе ім усе свае грошы. Калі ласка, пагаварыце з ёй».
Анастасія Горбель уважліва выслухала наведвальніцу, запісала адрас пражывання пенсіянеркі і паабяцала наведаць яе ў найбліжэйшы час.
«Пажылыя людзі — любімая „мішэнь“ для кібермахляроў, — канстатавала ўчастковы інспектар міліцыі. — Яны выкарыстоўваюць метады псіхалагічнага ціску, забараняючы ахвярам мець зносіны са сваякамі. У такіх выпадках асабістая сустрэча супрацоўніка міліцыі ў форме часта становіцца адзіным спосабам вярнуць чалавека ў рэальнасць і засцерагчы ад страты маёмасці».
Шум пад вокнамі першага паверха
Са скаргай на парушэнне цішыні звярнулася пажылая мінчанка, якая пражывае на першым паверсе шматпавярховіка. Паводле яе слоў, з прыходам цёплых вечароў пад яе вокнамі стала рэгулярна збірацца шумная кампанія. Маладыя людзі не проста гучна размаўляюць, але і распіваюць піва.
«Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскіх месцах — гэта адміністрацыйнае правапарушэнне, — нагадала Анастасія Горбель і палумачыла алгарытм дзеянняў у такіх сітуацыях: — У падобных выпадках неабходна неадкладна выклікаць міліцыю па тэлефоне „102“. Парушальнікам пагражае штраф у памеры да 8 базавых велічыняў. Нарад прыбудзе аператыўна і разбярэцца ў сітуацыі».
Лесвічная пляцоўка — не прыватны гараж
Апошняй у кабінет зайшла жыхарка Партызанскага раёна, у якой узнік канфлікт з суседзямі па пад’ездзе.
«Узімку ў нас усё было спакойна, суседзі захоўвалі веласіпеды на лецішчы або ў гаражы, — расказала жанчына. — Але зараз пачаўся сезон, дзеці сталі катацца кожны дзень, і ўсе веласіпеды зараз стаяць на нашай лесвічнай клетцы. З-за гэтага літаральна немагчыма прайсці да дзвярэй. Мае просьбы вызваліць праход суседзі проста ігнаруюць».
Праваахоўнік пагадзілася з тым, што дзеянні суседзяў неправамерныя. «Лесвічныя пляцоўкі і тамбуры пад’ездаў з’яўляюцца месцамі агульнага карыстання і шляхамі эвакуацыі, — патлумачыла Анастасія Горбель. — Захоўванне там асабістай маёмасці, уключаючы веласіпеды і каляскі, катэгарычна забаронена. Гэта з’яўляецца прамым парушэннем Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, а таксама патрабаванняў пажарнай бяспекі. Акрамя таго, пакідаючы веласіпед без нагляду ў пад’ездзе, гаспадары самі правакуюць злодзеяў на ўчыненне крадзяжу».
Участковы інспектар зафіксавала кантакты жыхароў і паабяцала правесці з уладальнікамі двухколавага транспарту прафілактычную гутарку, нагадаўшы ім аб правілах добрасуседства і мерах адказнасці.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Партызанскага РУУС г. Мінска