Top.Mail.Ru
82

Ад расады і саджанцаў да гародніны і мясных далікатэсаў: у Мінску стартаваў сезон вясновых сельгаскірмашоў

Сезон вясновых кірмашоў стартаваў у Мінску, паведаміла БелТА.


Першы ў гэтым годзе вясновы кірмаш праходзіць 28 і 29 сакавіка. Асноўнай пляцоўкай выступае тэрыторыя ля «Чыжоўка-Арэны». Пакупнікі могуць набыць усё неабходнае ў адным месцы — не толькі плодаагароднінную прадукцыю, нарыхтаваную вытворцамі з ураджаю 2025 года, але і саджанцы ды расаду.

«Сёлета Мінскі гарвыканкам упершыню праводзіць менавіта вясновыя сельскагаспадарчыя кірмашы. Сёння на пляцоўцы „Чыжоўка-Арэны“ прысутнічаюць крыху больш за 80 прадаўцоў, уключаючы і вытворцаў, і прадпрыемствы сістэмы Белкаапсаюза. Як паказаў гандаль, найбольш запатрабаваныя насенная бульба, расада і цыбуля-сеянка. Таксама актыўна купляюць рыбу ад рыбгасаў, мясную прадукцыю прадпрыемстваў Белкаапсаюза — яна заўсёды карыстаецца павышаным попытам. Спадзяемся, што на наступныя выхадныя да нас далучыцца яшчэ большая колькасць удзельнікаў», — адзначыла начальнік Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная.

Гарадскія ўлады запрашаюць вытворцаў з усёй рэспублікі, каб яны маглі прывезці разнастайныя тавары, у першую чаргу тыя, што патрэбныя для працы на прысядзібных участках.

Як паведамілі ў Мінгарвыканкаме, акрамя гэтых выхадных, кірмашы адбудуцца 4 і 11 красавіка, а затым 18, 19 і 25, 26 красавіка. Час працы кірмашоў — з 8:00 да 16:00.

Інфармацыя для вытворцаў пра тое, як стаць удзельнікамі кірмашоў, размешчана на сайце Мінгарвыканкама.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю