Першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер ДВА «Белэнерга» Міхаіл Шавалдзін расказаў, як у Беларусі эканомяць цяпло і электрычнасць. Пры гэтым ён падкрэсліў, што за дынамікай тэхналагічных страт цеплавой і электрычнай энергіі вядзецца пастаянны кантроль.
«Работа па мадэрнізацыі і рэканструкцыі сетак, якую мы праводзім як па электрычных, так і па цеплавых сетках, дае адчувальны эфект. Па цеплавых сетках дасягнулі ўжо дастаткова высокага паказчыка. У нас знізіліся страты, якія ў 2010 годзе складалі больш як 10%. У 2026 годзе фіксуем па выніках першага паўгоддзя менш як 6% і прадаўжаем работу па іх зніжэнні», — падзяліўся вынікамі работы Міхаіл Шавалдзін.
Аднак тут шмат залежыць ад комплексу фактараў: рэжымных мерапрыемстваў, загрузкі сетак і цеплакрыніц, а таксама ад умоў надвор’я. Ён звярнуў увагу, што ў халоднае надвор’е цеплатэхнічнае абсталяванне працуе больш эфектыўна.
Сур’ёзнага прагрэсу спецыялісты дасягнулі і па электрычных сетках. Калі ў пачатку 2010-х гадоў узровень тэхналагічных страт перавышаў 11%, то сёння гэты паказчык блізіцца да лічбы ніжэй за 8%. Зніжэнне страт даведзена ў якасці ключавога паказчыка эфектыўнасці (KPI) кіраўнікам усіх 139 раёнаў электрычных сетак (РЭС) краіны.
«Гэта не толькі мадэрнізацыя і рэканструкцыя сетак, але і адрасная работа са спажыўцамі, выяўленне безуліковага спажывання, укараненне энергаэфектыўнага абсталявання. Напрыклад, калі ў невялікага спажыўца ўстаноўлены неапраўдана магутны трансфарматар, узнікаюць значныя страты халастога ходу. У такіх выпадках мы замяняем абсталяванне на менш магутнае. Таксама сочым за балансам загрузкі па фазах, каб не дапускаць перакосаў, і імкнёмся аптымальна суадносіць крыніцы генерацыі з пунктамі спажывання. Гэта карпатлівы і бесперапынны працэс. Мы ставім перад падведамнымі прадпрыемствамі такія ж амбіцыйныя мэты, якія перад усёй галіной ставіць кіраўнік дзяржавы», — рэзюмаваў галоўны інжынер ДВА «Белэнерга».