Шахматныя фігуры розных перыядаў, матэрыялаў і тэхнік прадстаўлены на выставе «ШАХ у гісторыю» ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі, паведамілі БелТА.
Экспазіцыя аб’яднала не толькі прадметы, але і музейную супольнасць: на выставе можна ўбачыць экспанаты з фондаў лідскага музея, з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Замкавага комплексу «Мір», Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, мастоўскага музея «Лес і чалавек», дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
«Першапачаткова мы планавалі паказаць шахматы, якія захоўваюцца ў нашым музеі, — расказалі арганізатары выставы. — Па меры падрыхтоўкі прыйшла ідэя звярнуцца да калег, у іншыя музеі, і многія, у каго ў фондах ёсць шахматы, адгукнуліся. Такім чынам у нашай часовай экспазіцыі „ШАХ у гісторыю“ прадстаўлены шахматныя фігуры і камплекты розных стагоддзяў, якія прыналежалі ў свой час вядомым людзям».
Цэнтральным экспанатам арыгінальнай выставы стала шахматная ладдзя XIV-XV стагодзяў, знойдзеная ў час археалагічных даследаванняў у Лідскім замку. Тут жа — старадаўнія шахматы 1830-х гадоў.
«Шахматы ручной работы, зробленыя ў 1941-1942 гадах, якія прыналежалі мастаку Аскару Марыксу, прадаставіў для выставы Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, — падзяліліся арганізатары выставы. — Камплект шахмат Якуба Коласа, які быў аматарам гэтай гульні, перадала на часовае экспанаванне ўнучка беларускага літаратара Марыя Міхайлаўна Міцкевіч».
У экспазіцыі можна ўбачыць шахматы і дыпломы, якія прыналежалі лідскаму шахматысту Вацлаву Гебельту, майстру спорту па шахматных кампазіцыях, міжнароднаму майстру і міжнароднаму арбітру па шахматных кампазіцыях. І, вядома, шахматы з хрусталю з фондаў лідскага музея, зробленыя на знакамітым шклозаводзе «Нёман».
На выставе можна сапраўды акунуцца ў свет гэтай старажытнай гульні: на інтэрактыўнай пляцоўцы з роставымі шахматамі кожны мае шанц прадэманстраваць сваё майстэрства.
Выстава «ШАХ у гісторыю» прадоўжыцца ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі да 30 верасня.