Грамадзянскія ініцыятывы ў Беларусі сталі ўжо добрай традыцыяй — сведчаннем таму публікацыі з усіх рэгіёнаў на чацвёртай старонцы «МС». Людзі самі прапануюць, што палепшыць у сваім двары, уносяць частку сродкаў, а дзяржава дапамагае рэалізаваць задуму. Пра тое, як працуе гэтая сістэма ў сталіцы, адкуль яна ўзнікла і што плануецца на будучыню, карэспандэнт «Звязды» пагаварыла са старшынёй Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцёмам ЦУРАНАМ.
«Гэта сістэма — працяг добрай традыцыі»
— Арцём Мікалаевіч, давайце пачнём з гісторыі. Калі ў Беларусі пачала актыўна дзейнічаць сістэма грамадзянскіх ініцыятыў? З чаго ўсё пачалося?
— Калі казаць пра дзяржаўна-прыватнае партнёрства і ўзаемадзеянне насельніцтва з уладай, то гэта, зразумела, сыходзіць глыбока ў гісторыю. Добры вопыт быў яшчэ пры Савецкім Саюзе, калі людзі выходзілі на суботнікі, наводзілі парадак у сваіх дварах, высаджвалі дрэвы. З цягам часу сітуацыя змянілася: жыллёва-камунальная служба ўзяла на сябе шэраг задач. Але людзі пачалі выказваць жаданне нешта дадаць ад сябе — навесці парадак каля клумбы, добраўпарадкаваць тэрыторыю. Першы такі вопыт можна назваць папярэднікам грамадзянскіх ініцыятыў.
З 2016 года ў горадзе з’явілася магчымасць выйграць у конкурсе сярод камітэтаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання і атрымаць фінансаванне на праект унутры двара. Але гэта быў конкурс — з раённым і гарадскім этапам, і ўдзел насельніцтва быў дастаткова абмежаваны. А з пачатку 2020-х гадоў упершыню гэтая форма — калі частку аплачвае насельніцтва, а асноўную частку — дзяржава — была ўкаранёная ў Гродзенскай вобласці. Гэты вопыт пад кіраўніцтвам Наталлі Качанавай, Старшыні Савета Рэспублікі, быў распаўсюджаны на ўсю краіну. Такім чынам былі ўнесены змяненні, замацаваныя на заканадаўчым узроўні, і мы атрымалі магчымасць мэтавага расходавання сродкаў на грамадзянскія ініцыятывы.

«Уносіцца не менш за 10 % ад кошту аб’екта»
— Як фарміруецца бюджэт і як гэта працуе на практыцы?
— Першы вопыт быў у пачатку 2024 года. У 2025 годзе рэалізавалі 14 грамадзянскіх ініцыятыў. Першапачаткова было замацавана: што датычыцца дзяржаўнага ўдзелу, 50 % накіроўваецца з рэспубліканскага бюджэту, 50 % — з гарадскога. Насельніцтва павінна ўносіць не менш за 10 % ад кошту аб’екта. Потым па ініцыятыве Савета Рэспублікі верхняя мяжа ўдзелу мясцовага бюджэту была знятая. Зараз можам выдаткаваць значна больш. Мы прынялі рашэнне на сесіі, што сёлета гэта амаль 1,5 мільёна рублёў, накіраваных на рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў.
— А як змянілася сістэма за апошнія гады?
— Самае галоўнае змяненне — мы атрымалі магчымасць накіроўваць сродкі з мясцовага бюджэту практычна без абмежаванняў. Суму вызначае мясцовы Савет дэпутатаў разам з выканкамам. Гэта дазваляе пашырыць конкурс: калі ініцыятыва пададзена і яе мэтазгоднасць пацверджана, можам рэалізаваць не дзясятак, а значна больш.
«Любы грамадзянін можа стаць ініцыятарам»
— Хто можа стаць ініцыятарам, і як выглядае працэс ад падачы да рэалізацыі?
— Абсалютна любы грамадзянін. На любым этапе чалавек можа знайсці свайго кансультанта па месцы жыхарства — гэта дэпутат гарадскога Савета і яго памочнік. У нашых тэрытарыяльных акруговых саветах, якія створаны ў кожнай акрузе Мінска (іх 60) практычна пастаянна знаходзіцца памочнік. Ён распіша ўвесь шлях рэалізацыі ініцыятывы. Узнікае шмат пытанняў нават пасля таго, як сума сабрана і пералічана ў бюджэт. Як толькі ініцыятар пералічвае сродкі, гарадское фінансавае ўпраўленне тут жа пералічвае астатнія 90 % адміністрацыі раёна для рэалізацыі. Пасля гэтага пачынаецца практычная работа — устаноўка. Уся інфармацыя ёсць на сайце Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ва ўкладцы гарадскога Савета дэпутатаў. Але ўсім раю: ідзіце па месцы жыхарства, дзе знаходзіцца офіс дэпутата і яго памочнік. Мы дапаможам у рэалізацыі любога пачынання.
— Што, калі грамадзянская ініцыятыва не праходзіць?
— Па вопыце 2025 года каля 30 % ініцыятыў, якія не прайшлі конкурс летась, сёлета прайшлі — пашырыліся фінансавыя магчымасці. У мінулым годзе ў сувязі з абмежаваннямі конкурсная камісія прыняла рашэнне ўключыць дзіцячыя пляцоўкі. Было 50 ініцыятыў, 14 сталі пераможцамі. Сёлета пераадолелі гэтую мяжу: да Дня горада рэалізавалі каля 30, да канца года рэалізуем і астатнія 20.

«Самае каштоўнае — гэта людзі»
— Якія ініцыятывы запомніліся больш за ўсё?
— Мне больш запомніліся людзі, якія былі ініцыятарамі. У размовах з імі разумееш, наколькі нашы жыхары любяць свой горад. Напрыклад, у Фрунзенскім раёне — гэта мая акруга — рэалізавалі ініцыятыву з жыхарамі інтэрнатаў, дзе не было нармальнай дзіцячай пляцоўкі. Правялі цудоўнае свята двара з запрашэннем аніматараў і пачастункамі. Галоўнае, што мяняюцца адносіны людзей паміж сабой і да таго, што яны зрабілі.
— Калі падаецца заяўка, і колькі даводзіцца чакаць?
— З 25 верасня аб’явілі конкурс і да 1 лістапада прымалі заяўкі на 2027 год. На працягу ўсяго года на сесіях разглядаем новыя грамадзянскія ініцыятывы, і калі яны адпавядаюць усім параметрам, уключаем у спіс пераможцаў.
— Як ацэньваеце ўзровень даверу грамадзян да гэтага інструмента?
— Мне складана зрабіць сацыялагічны зрэз. Гэта дастаткова лакальныя пераўтварэнні. Але я скажу адназначна: меркаванне людзей падчас рэалізацыі ініцыятывы кардынальна мяняецца.
— Якія планы на найбліжэйшую перспектыву?
— Хацелася б, каб было больш прапаноў менавіта па відазмяненні гарадской прасторы, не звязаныя толькі з дварамі. Такія ёсць сёлета, але нямнога. Цікава было б папрацаваць па дадатковым прыцягненні сродкаў і абсталявання сквераў і паркаў, якія знаходзяцца побач з жыллём. Каб людзі прапаноўвалі ствараць прасторы з пунктамі прыцягнення, з малымі архітэктурнымі формамі і нават мастацкімі аб’ектамі.
Надзея ЗУЕВА