Субяседніца падкрэсліла, што падыходзіць да выбару рэкламных інтэграцый вельмі выбарачна, абапіраючыся на прафесійныя веды ў сферы харчавання і асабістыя маральныя прынцыпы. Паводле яе слоў, яна адмаўляе прыкладна ў 60% выпадкаў ад прапаноў аб супрацоўніцтве.
Ксенія Вяцкая адзначыла, што яна не рэкламуе фаст-фуду, салодкіх газіраваных напіткаў, чыпсаў і ўвогуле ўсяго таго, чаго не хацела б, каб елі яе дзеці. Яна таксама прынцыпова не ўдзельнічае ў рэкламах, звязаных з азартнымі гульнямі.
Блогер растлумачыла сваю пазіцыю высокімі сацыяльнымі патрэбамі: яе мэта — садзейнічаць фарміраванню здаровага пакалення, якое будзе развівацца разам з краінай.
Ксенія Вяцкая таксама звярнула ўвагу на пазітыўныя змены ў адносінах паміж буйнымі вытворцамі, асабліва дзяржаўнымі, і блогасферай. Калі раней яе запыты на супрацоўніцтва часта заставаліся без адказу ці атрымлівалі адмову, то за апошнія тры гады сітуацыя змянілася. «Раней дзяржпрадпрыемствы баяліся супрацоўнічаць з блогерамі, лічылі, што лепш заставацца ў цені. Цяпер яны пачалі праяўляць інтарэс. Мне падабаецца фармат супрацоўніцтва пад назвай „амбасадорства“. Вось калі мне падабаецца прадукт, прадпрыемства, я знаёмлюся з камандай, езджу на завод. Гэта дае магчымасць паказаць увесь цыкл узаемадзеяння вытворцы і канчатковага спажыўца», — сказала яна.
На думку спікера, блогеры становяцца важным сувязным звяном, таму што могуць аператыўна і шматгранна асвятляць працэс стварэння прадукта.
Разам з тым Ксенія Вяцкая звярнула ўвагу на не вельмі прыемную тэндэнцыю на рынку. «Нашы вытворцы „падселі“ на ажыятаж ад навінак. Мне гэта як чалавеку, які за традыцыі, не падабаецца. Нашы вытворцы кожны тыдзень робяць нешта новае, падаюць навіну толькі ў такім фармаце — „навінка“. Усе хуценька „агледзелі“ і забылі. Атрымліваецца, на наступным тыдні трэба рабіць зноў новы глазураваны сырок?» — растлумачыла блогер.
Яна выказала занепакоенасць тым, што рэтэйл і вытворцы стымулююць пастаяннае жаданне спажыўцоў купляць новае, з-за гэтага страчваецца каштоўнасць базавых, якасных прадуктаў. «Гэта, мне здаецца, трагічна для грамадства. Усё ж такі трэба больш традыцыйныя прадукты развіваць», — рэзюмавала Ксенія Вяцкая.-0-