Top.Mail.Ru

Ад ягуараў і гарыл да медуз і чарапах. Якія жывёлы ў заапарках адносяцца да небяспечных

Правілы па ахове працы ў заапарках зацверджаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства культуры ад 28 красавіка 2026 года № 32/44. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведаміла БелТА.


Правіламі ўстаноўлены патрабаванні па ахове працы пры арганізацыі і выкананні работ па ўтрыманні дзікіх жывёл у заапарках. Яны прызначаны забяспечыць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы работнікаў.

Дакументам устанаўліваюцца патрабаванні да абсталявання месцаў утрымання жывёл. Яны павінны адпавядаць тэхнічным нарматыўным прававым актам, праектнай дакументацыі, эксплуатацыйным дакументам вытворцы, забяспечваць бяспеку працуючых пры выкананні работ па ўтрыманні жывёл, быць спраўнымі і выкарыстоўвацца па прызначэнні. У прыватнасці, іх неабходна зачыняць, запоры, засаўкі, замкі, страховачныя ланцугі, аўтаматычныя зачыняльныя ўстройствы павінны захоўвацца ў спраўным стане і чысціні і быць недасягальнымі для жывёл. А каля месцаў утрымання небяспечных жывёл заўсёды ў наяўнасці павінен быць неабходны аварыйны інвентар, ахоўныя сродкі і прылады адлову.

Прыведзены ў дакуменце і пералік небяспечных жывёл, якія ўтрымліваюцца ў заапарках. Так, на першых пазіцыях у ім драпежнікі: барсы, гепарды, леапарды, ільвы, пумы, каракалы, рысі, тыгры, ягуары, расамахі, ваўкі, дынга, медаеды, гіены і мядзведзі, а таксама капытныя: антылопы, бегемоты, быкі і дзікія казлы, жырафы, ласі, алені, зебры, насарогі і тапіры. Затым ідуць хобатныя і сумчатыя — сланы і кенгуру, а таксама малпы, якія многім здаюцца пацешнымі, — гамадрылы, гібоны, гарылы, макакі, мартышкі, арангутаны, шымпанзэ, сабакагаловыя.

Непаўназубыя і грызуны таксама ў гэтым спісе, уключаючы браняносцаў, ляніўцаў, мурашкаедаў, баброў, вадасвінак і дзікабразаў.

Распаўсюджваюцца характарыстыкі небяспечных і на драпежных птушак, да якіх адносяцца грыфы, кондары, каршуны, арланы, арлы, совы, сокалы, пугачы і ястрабы, а таксама страусавых — казуары, эму, нанду, афрыканскі страус плюс вялікіх памераў папугаі.

Да небяспечных адносяцца і паўзуны: кракадзілы даўжынёй звыш аднаго метра, кайманавая і грыфавая чарапахі, вараны, удавы, пітоны і іншыя ядавітыя змеі і яшчаркі. Пералік дапаўняюць і ластаногія: сівучы, дарослыя самцы астатніх відаў вушастых цюленяў, маржы, марскія сланы, марскія леапарды, шэрыя цюлені.

Небяспеку могуць несці і ўсе смяротна ядавітыя рыбы, а таксама электрычныя, вялікага памеру віды акул. Сярод небяспечных ёсць і беспазваночныя — ядавітыя і колючыя віды насякомых, чарвякі, медузы і інш.

Таксама работадавец можа аднесці да катэгорыі небяспечных і іншых жывёл, якія ўтрымліваюцца ў заапарку, з улікам іх памераў, узросту і іншых умоў.

Дакумент уступіў у сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю