ААТ «Баранавічхлебапрадукт» — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны па вырабе мукі і камбікармоў. Нехта, магчыма, уяўляе падобны камбінат у выглядзе вялікага млына, што перапрацоўвае за дзень 150 тон збожжа на муку ды фасуе яе ў розную тару. Насамрэч гэта не так. Камбінат хлебапрадуктаў — вялікае разгалінаванае прадпрыемства, у склад якога ўваходзяць нават вытворчыя сельскагаспадарчыя ўчасткі. Усяго на прадпрыемстве занята больш за 930 чалавек.
З айчыннага збожжа
Асноўная ж вытворчасць, прадукцыю якой добра ведаюць усе беларусы, размяшчаецца ў Баранавічах па вуліцы 50 гадоў БССР. Намеснік дырэктара прадпрыемства па якасці, начальнік вытворча-тэхнічнай лабараторыі Наталля Калядка прапанавала пачаць знаёмства менавіта з лабараторыі і растлумачыла, чаму яна і яе калегі ганарацца сваёй прадукцыяй:
— З поўным правам мы можам сказаць, што працуем па традыцыях нашых продкаў. Мы выпускаем натуральную муку, не дабаўляем у яе ні стабілізатараў, ні адбельвальнікаў, ні прадуктаў для паляпшэння клейкавіны, — гаворыць Наталля Іванаўна. — А яшчэ неабходна падкрэсліць, што мы на сто працэнтаў працуем на беларускім збожжы. Гэта вельмі важна, што нашы сельгаспрадпрыемствы навучыліся вырошчваць якаснае зерне. Сыравінай для нас служыць пшаніца, з якой атрымліваем муку высокай якасці.
Раней баранавіцкія вытворцы куплялі пэўную колькасць мукі за межамі нашай краіны. І выкарыстоўвалі яе як паляпшальнік. Імпартную — з высокім паказчыкам клейкавіны — змешвалі са сваёй і атрымлівалі патрэбны прадукт. А цяпер нашы гаспадаркі здолелі замясціць імпарт. Зерне вязуць з Баранавіцкага, Ляхавіцкага, Ганцавіцкага, Івацэвіцкага, Бярозаўскага, Пружанскага раёнаў. Асабліва ўдзячныя мукамолы пружанскім аграрыям. Яны вырошчваюць пшаніцу, якая адпавядае ўсім еўрапейскім стандартам, у іх паказчык клейкавіны не апускаецца ніжэй за 30-32 адзінкі. Апошняе азначае, што з гэтай мукі атрымаюцца цудоўныя караваі, пірагі, іншая выпечка.
На Пружаншчыне ёсць Аранчыцкае хлебапрыёмнае прадпрыемства, якое нарыхтоўвае пшаніцу. Некалькі гадоў таму прадпрыемства ўвайшло ў склад Баранавіцкага камбіната хлебапрадуктаў на правах філіяла, забяспечвае галоўную вытворчасць нязменна якаснай сыравінай.
Адказнасць лабараторыі
І калі натуральнасць прадукцыі — гэта частка стратэгіі прадпрыемства, то высокая яе якасць, у тым ліку, адказнасць лабараторыі. У збожжавай лабараторыі застаём інжынера-лабаранта па вызначэнні паказчыкаў бяспекі Вольгу Бойка за работай. Вольга Пятроўна праводзіць вывучэнне ўзораў прадукцыі на прадмет наяўнасці пестыцыдаў, соляў цяжкіх металаў, мікатаксінаў, нават радыеактыўных элементаў. І гаворыць, што да гонару нашых земляробаў падобных парушэнняў не выяўляецца. Але гэта не азначае, што лабараторыя прытупляе сваю пільнасць.
Калі на камбінат прыходзіць грузавік са збожжам, яго сустракае спецыяльны прыбор — пробаадборнік. Ён бярэ пробы аж з 12 пунктаў. Прыбор так запраграмаваны, што пакуль не возьме ўзоры з розных 12 месцаў, ён не спыніцца і не прыйдзе ў зыходнае становішча. Працэс тым часам адлюстроўваецца на дысплеі, чалавек сочыць за ім у рэжыме рэальнага часу. А далей пачынаюць сваю работу спецыялісты лабараторыі, якія маюць патрэбныя прыборы і рэактывы. Лабараторыя прадпрыемства акрэдытаваная ў адпаведнасці з усімі нарматыўнымі дакументамі. Да таго ж сельгасарганізацыі прадстаўляюць неабходныя дэкларацыі, пратаколы выпрабаванняў, якасныя пасведчанні — усё тое, чым яны пацвярджаюць якасць і бяспеку. І, як ужо гаварылася, ажыццяўляецца разгорнуты ўваходны кантроль прадукцыі. Затым збожжа паступае на элеватар, далей — у млын. І там кожныя дзве гадзіны праводзіцца кантроль якасці, і апошні раз — перад расфасоўкай у тару для спажыўца. «Пры неабходнасці мы звяртаемся да калег, у цэнтр стандартызацыі і іншыя падобныя арганізацыі», — удакладняе Наталля Калядка.
Цыкл зярнятка: ад глебы да прылаўка
Начальнік мукамольнай вытворчасці Людміла Цімафіевіч запрашае ў свой цэх. Тут занята няшмат людзей, асноўнае робяць машыны. Людзі сочаць за працэсам па маніторах і пры неабходнасці рэгулююць яго.
— Зерне паступае да нас проста з палёў, — расказвае Людміла Фёдараўна. — Найперш яно праходзіць ачыстку, а затым працэс вымочвання. Зярнятка змочваецца і некаторы час насычаецца вадой. Апошняе патрэбна для таго, каб яно лёгка размалолася і аддало ўсе пажыўныя рэчывы. Потым яно паступае на вальцовыя станкі. Гэта сучасны варыянт былых жорнаў, тут зерне мелецца, здрабняецца, а потым вентылятарам высокага ціску ўсмоктваецца ў спецыяльныя трубы і паступае на вышыню пятага паверха. Адтуль субстанцыя падаецца на рассевы, дзе рассейваецца на інгрэдыенты — абалонка, крупка, мука. Названае ў працэсе сартуецца, ідзе далей па шляху да сваёй кандыцыі. Увесь шлях, які праходзіць збожжа да таго, каб стаць мукой высокай якасці, займае 40 кіламетраў!
Ну а потым з прадуктаў, якія атрымліваюцца, фарміруюцца гатункі мукі: вышэйшы, першы і так далей. Яшчэ атрымліваецца прамежкавая прадукцыя — манныя крупы, тлумачыць гаспадыня мукамольнага цэха.
У цэху вытворчасці камбікармоў свая тэхналогія, сваё абсталяванне. Там выпускаюць каля 13 тысяч тон у месяц розных відаў кармоў для жывёлы.
Намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце, сацыяльных пытаннях і быце Кацярына Безік сказала, што ААТ «Баранавічхлебапрадукт» уяўляе сабой буйное інтэграванае прадпрыемства аграпрамысловага комплексу:
— Гісторыя нашага прадпрыемства вядзе свой адлік з кастрычніка 1945 года, калі ў горадзе з’явіўся млынзавод. А цяпер брэнд, пад якім мы выпускаем сваю прадукцыю і якім мы ганарымся, вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. «Баранавічхлебапрадукт» — гэта закончаны цыкл вытворчасці, які пачынаецца з вырошчвання збожжа, яго ўборкі, захавання, працягваецца перапрацоўкай на муку і камбікорм, завяршаецца пастаўкай у гандлёвыя сеткі. На падтрыманне высокай маркі прадукцыі накіраваны намаганні ўсяго калектыву.
Фота аўтара і з архіва прадпрыемства