Top.Mail.Ru

Адбыўся ІІІ Рэспубліканскі турыстычны злёт МУС

У ім прынялі ўдзел міліцыянеры з усёй краіны.


Супрацоўнікі органаў унутраных спраў і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў разам з сем’ямі прыбылі ў Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС, каб паспаборнічаць не толькі ў спрыце і сіле, але і ў крэатыве. Спартыўная праграма ўключала спаборніцтвы па пляжным валейболе, перацягванні каната, лазертагу, а таксама сямейную эстафету.

5282882715965846221.jpg

На старт выйшлі дружыны цэнтральнага апарата і цэнтральнага падпарадкавання, дэпартаментаў аховы, выканання пакаранняў, ГУУС Мінгарвыканкама і абласных УУС. Па традыцыі побач з міліцыянерамі і іх сем’ямі былі курсанты і ліцэісты, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў, ветэраны ведамства. Гэта найлепшае сведчанне карпаратыўнасці і пераемнасці пакаленняў праваахоўнікаў.

Усе ўдзельнікі прадэманстравалі высокае майстэрства, зайздросную волю да перамогі, згуртаванасць і сілу духу. Міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ прымаў удзел у марш-кідку кіраўнікоў ведамства, уласным прыкладам паказаўшы, наколькі важна быць камандай. 

5282882715965846113.jpg

У размове з журналістамі ён потым адзначыў, што кожны турыстычны злёт МУС адрозніваецца ад папярэдніх. «Цяперашні прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі, — падкрэсліў міністр. — Ён сабраў міліцыянераў з усіх куткоў краіны — і кіруючы склад, і радавых супрацоўнікаў. Любое наша спартыўнае мерапрыемства ў першую чаргу працята патрыятызмам, крэпасцю духу, адзінствам калектываў. Тут нашы сем’і, дзеці. Да моманту ўрачыстага адкрыцця ў Гаранях было каля пяці тысяч чалавек — рэкордная лічба!»

Міністр унутраных спраў акцэнтаваў увагу на тым, што гэтае свята праводзіцца не па загадзе кіраўніцтва МУС, а менавіта па жаданні саміх супрацоўнікаў і іх блізкіх, якія кожны раз з нецярпеннем яго чакаюць.

5282882715965846019.jpg

Па словах міністра, упершыню ў рамках злёту арганізавалі міліцэйскую эстафету сярод кіраўнікоў рознага ўзроўню — ад тэрытарыяльных органаў унутраных спраў да міністра. «Кожны начальнік павінен разумець, што ўсё робіцца калегамі „на зямлі“, — сказаў Іван Кубракоў. — А падначаленым у сваю чаргу важна ведаць, што камандзір заўсёды разам з імі. Тады яны павераць і пойдуць за ім. Міністэрства ўнутраных спраў — гэта згуртаваная каманда, якая гатова выканаць любыя пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы. Упэўнены, так было і будзе заўжды!»

Кульмінацыяй ведамаснага турзлёту стала цырымонія закрыцця і аб’яўлення пераможцаў. Тытул чэмпіёнаў у агульнакамандным заліку заваявала дружына Дэпартамента аховы. Другое месца занялі прадстаўнікі УУС Віцебскага аблвыканкама. Бронзу павезлі дадому гродзенцы. Намеснікі міністра ўручылі ўзнагароды пераможцам і прызёрам у асобных відах праграмы.

Вераніка КАНЮТА.

Фота прэс-службы МУС.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю