Перад пасяджэннем другой сесіі ў Савеце Рэспублікі прэзентавалі чарговы праект сенатарскага корпусу, прымеркаваны да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Экспазіцыя «Хлеб — нябачная сіла Перамогі» сведчыць аб подзвігу супрацоўнікаў хлебазаводаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны кармілі краіну. Студэнты Дзяржаўнага каледжа хлебапячэння прэзентавалі пяць відаў хлеба, прыгатаванага па рэцэптурах ваеннага часу, а спецыялісты КУП «Мінскхлебпрам» прадставілі разнастайныя гатункі сучаснага хлеба, кандытарскіх вырабаў.
Нарошчванне беларуска-расійскага ўзаемадзеяння
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі ўчора на сесіях палат Парламента ратыфікавалі Пратакол аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў ад 12 студзеня 2007 года. Прадугледжана падаўжэнне тэрміну дзеяння пагаднення да 31 снежня 2026 г. і пры гэтым яго аўтаматычнае падаўжэнне пасля 31 снежня 2026 г. на наступныя гадавыя перыяды, калі ніводны з бакоў не паведаміць за тры месяцы да заканчэння чарговага гадавога перыяду другому боку аб сваім намеры спыніць дзеянне пагаднення.
Адмяняецца канкрэтны тэрмін дзеяння нормы аб штогадовым уключэнні ў індыкатыўныя балансы нафты сырой, прызначанай для Рэспублікі Беларусь у аб’ёме 24 млн тон, якая пастаўляецца трубаправодным і іншымі відамі транспарту. Цяпер гэта норма дзейнічае на перыяд дзеяння пагаднення. Рэалізацыя пратакола дасць магчымасць у мэтах павышэння энергетычнай бяспекі Беларусі працягнуць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Расіяй у галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у нашу краіну.
Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, прыняцце пратакола мае важнае значэнне ў забеспячэнні энергетычнай бяспекі нашай краіны і далейшым нарошчванні беларуска-расійскага ўзаемадзеяння ў гандлёвай сферы. «Расія — наш асноўны гандлёвы партнёр, — падкрэсліў спікер. — У мінулым годзе на яе долю прыпадала звыш 60 % знешняга гандлю таварамі. Адпаведна, аб’ём
тавараабароту павялічыўся больш як на 6 % і склаў амаль 52 мільярды долараў».
Рыэлтарская дзейнасць — па новых правілах
Члены Савета Рэспублікі адобрылі законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання», які прадугледжвае канкрэтызацыю перыяду, на працягу якога грамадзянін не мае права працягваць дзейнасць у статусе індывідуальнага прадпрымальніка. Маецца на ўвазе, калі памер яго даходаў і (або) выручкі на працягу каляндарнага года перасягнуў 500 тысяч беларускіх рублёў. Гэты перыяд устанаўліваецца на тры каляндарныя гады.
Праектам Закона «Аб рыэлтарскай дзейнасці», які таксама разгледзелі на сесіі Савета Рэспублікі, прадугледжана стварэнне органа самакіравання рыэлтарскай супольнасці — Палаты рыэлтараў, надзяленне яго кампетэнтнымі паўнамоцтвамі. Скасоўваецца інстытут агентаў па аперацыях з нерухомасцю. Аказанне рыэлтарскіх паслуг ускладваецца на членаў Палаты рыэлтараў, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і атрымалі пасведчанне аб атэстацыі рыэлтара па выніках здачы экзамену. Мяняюцца падыходы да кваліфікацыйных патрабаванняў рыэлтараў: цяпер, каб займацца рыэлтарскай дзейнасцю, неабавязкова мець профільную адукацыю, але абавязковае праходжанне кандыдатам у рыэлтары навучальных курсаў у сферы нерухомасці.
Як звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, па даручэнні Прэзідэнта законапраект «Аб рыэлтарскай дзейнасці» разглядаўся на пасяджэнні экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі, дзе былі выказаны заўвагі і прапановы. «Пытанне разглядалася з запрашэннем шырокага кола экспертаў, якія займаюцца гэтай дзейнасцю, прадстаўнікоў рыэлтарскай супольнасці, — удакладніла спікер. — Гэтыя пытанні патрабавалі ўрэгулявання. На рынку рыэлтарскіх паслуг працуюць людзі, якія часам паводзяць сябе не вельмі добрасумленна. Таму былі выказаны розныя прапановы, у тым ліку па пытанні скасавання інстытута агентаў па аперацыях з нерухомасцю і стварэння Палаты рыэлтараў».
Членамі Савета Рэспублікі разгледжаны Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні змяненняў у Дагавор аб заснаванні Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця ад 9 чэрвеня 2009 года». Ратыфікаваны Пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб міжнародным вышуку асоб ад 10 снежня 2010 года, Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Рэспублікі Філіпіны аб адмене візавых патрабаванняў для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў.