Рашучасць «заходнікаў»
Праз кнігу Аляксандра Фадзеева ўсе даведаліся пра падпольную арганізацыю, якая аб’ядноўвала больш за 70 камсамольцаў Краснадонскага раёна з верасня 1942-га да студзеня 1943 года і была цалкам раскрытая. У той час як блудзенскія маладзёны аб’ядналіся на другі дзень вайны і паспяхова дзейнічалі ажно да вызвалення раёна ў ліпені 1944-га, а пасля далучыліся да арміі. Потым яны клапаціліся пра захаванне памяці аб сваіх загінулых сябрах: прозвішчы з ініцыяламі 13 падпольшчыкаў выбіты на мармуровай дошцы, устаноўленай на будынку чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская, дзе былі ажыццёўлены найбольш значныя акцыі. Але не было пісьменніка, роўнага Фадзееву, каб гэтак жа эмацыянальна апісаць гісторыю іх барацьбы. Яна адкрылася дзякуючы публіцыстычным сведчанням Сяргея Руціча, які перад вайной быў сакратаром камсамольскай арганізацыі Блудзенскай сямігадовай школы і разам з сябрамі арганізаваў падполле.
Праз яго прайшло больш за 20 чалавек, што зусім нямала для вёскі, у якой да вайны было крыху болей як 1700 жыхароў. Аднак менавіта ў Блудзені месцілася чыгуначная станцыя Бяроза-Картузская (за некалькі кіламетраў ад самога горада), з канца ХІХ стагоддзя адна з вузлавых на шляху з Брэста да Масквы. Нездарма самалёты з варожай сімволікай мясцовыя хлопцы заўважылі над чыгункай у першы ж дзень вайны...
Шок хутка змяніўся рашучасцю: ім усяго 16-17 гадоў, у армію не возьмуць, трэба весці сваю вайну. Ужо 23 чэрвеня
1941 года за вёскай на Мартусавых Ямах (тут звычайна адбываліся маладзёжныя «тусоўкі», як бы цяпер сказалі) сабраліся некалькі вясковых камсамольцаў і далі сваю клятву — змагацца з ворагамі нават цаной уласнага жыцця. Ужо на першым сваім пасяджэнні змоўшчыкі клапаціліся пра прыкрыццё і пільнасць — іх неабходнасць не трэба было тлумачыць юным жыхарам Заходняй Беларусі, дзе да ўз’яднання рэспублікі дзейнічала сваё падполле. Адзін з яго удзельнікаў — Мікалай Хвядчэня, колішні сябра КПЗБ — перад вайной узначальваў вясковую камсамольскую арганізацыю. Для хлопцаў ён быў старэйшым таварышам, пры тым, што самому на пачатак вайны было крыху больш за 20...
Захоўваць таямніцу
Для барацьбы патрэбна была зброя. З першых жа дзён вайны маладыя людзі пачалі збіраць кінутыя вінтоўкі, кулямёты, гранаты. А ўжо 15 ліпеня ўсе жыхары вёскі зразумелі, што гэта бязлітасная вайна. Браты Барушкі намагаліся схаваць зброю ў лесе, мясцовы здраднік нешта западозрыў. Мікола ішоў сцежкай пасярод ржанога поля, а Васіль ехаў на падводзе — менавіта яго «накрылі» паліцаі, жорстка збілі. Не «раскалоўся»... Здзекі працягваліся ля роднай хаты — выцягнулі маці Алену Барушка, якая самлела ад катаванняў. Ці адчуваў Васіль, колькі гадзін пратрымаўся?.. Як знайшоў у сабе сілы на апошнія крокі? Акрываўленага юнака павялі па вёсцы: падаў — сыпаліся новыя ўдары. Ён падымаўся, ішоў далей... Да месца расстрэлу. Нікога не выдаў: у падполлі ўдзельнічалі яшчэ тры яго браты.
Паказальнае пакаранне мела адваротны эфект: да падполля далучаліся маладыя людзі. Марыя Колас знайшла дэтэктарны прыёмнік, дзякуючы якому інфармацыю са зводак Саўінфармбюро перапісвалі ад рукі і распаўсюджвалі праз улёткі па вёсках і нават у Бярозе. Ворагі шалелі: на станцыі ўсё пад строгім кантролем. У знакавы дзень 17 верасня Мікалай Хвядчэня ўмудрыўся наляпіць улёткі нават на адміністрацыйныя будынкі. На падпольшчыкаў палявалі, і ён трапіў у пастку, быў цяжка паранены. Допыты не далі выніку, вязня накіравалі ў Брэст да больш дасведчаных службаў. Ён сканаў па дарозе ў цягніку.
Да пачатку 1942 года блудзенскія камсамольцы сабралі 29 вінтовак, 6 кулямётаў, 7 скрынь патронаў, 70 гранат — усё пасля перадалі партызанскай групе Леаніда Здановіча, з якой устанавілі сувязь і каардынавалі дзеянні. Актыўнасць супраціўлення вымушала захопнікаў ладзіць аблавы. Падчас адной з іх Алене Радкевіч прастрэлілі абедзве нагі, і каб не трапіць у палон (пра жорсткія катаванні ўжо ведалі), яна папрасіла брата застрэліць яе... Рашуча пайшоў на смерць Мікалай Пейгановіч, які працаваў у дэпо, — ён падарваў сябе на міне разам з немцамі.
Калі некаторыя падпольшчыкі аказваліся пад падазрэннямі, прымалася рашэнне «схаваць» іх у партызан. Так у лютым 1942 года Сяргей Руціч стаў кіраўніком дыверсійнай групы. Змаганне шырылася, нягледзячы на вельмі жорсткі рэжым: знішчэнне 3 500 чалавек бярозаўскага гета, існаванне лагера смерці на Броннай Гары, дзе забілі больш за 50000.
Кіраўніцтва падполля перайшло да Уладзіміра Саўчука, які працаваў на станцыі Бяроза-Картузская разам з некалькімі паплечнікамі. Здабывалі звесткі пра рух цягнікоў, ахову, грузы. Аднойчы Саўчук даведаўся, што ў адным з цягнікоў у Германію на ўзнагароджанне павязуць афіцэраў з фронту. Група Руціча «ўзнагародзіла» іх па-свойму — замініраваўшы пуці... Яшчэ адна адчайная акцыя атрымалася дзякуючы Аляксею Ніпарку, на якога шмат хто мог глядзець як на ворага: ён уладкаваўся ў паліцыю, каб здабываць каштоўныя
звесткі. І аднойчы падпольшчыкі знішчылі 25 паліцаяў, разграміўшы цэлы ўчастак. Пасля Аляксею прыйшлося сысці да партызан, дзе ён удзельнічаў
у падрыве васьмі варожых эшалонаў і аўтамашын. Ён застрэліўся, каб пазбегнуць палону падчас аднаго з заданняў у групе Руціча — іх нездарма называлі «няўлоўныя»... У партызанскай вайне рызыкі не менш, чым у падполлі. Мікалай Барушка да пэўнага часу працаваў у колавай майстэрні дэпо, трымаў сувязь з Бярозай, але стаў партызанам-падрыўніком і загінуў у баі.
Дажыць да світання
Дыверсіі на чыгунцы дапамагалі здзяйсняць хлопцы, якія працавалі на станцыі. Напрыклад, калі на пуцях спрацоўвала «выбухоўка», то ліквідаваць наступствы з дэпо накіроўвалі аварыйны цягнік. Але часта і ён не даходзіў да месца праз закладзеныя міны... На рахунку юных падпольшчыкаў — дзясяткі выведзеных са строю паравозаў, сур’ёзныя пашкоджанні на тэрыторыі самога дэпо, якія ўскладнялі працу чыгункі.
У пачатку 1944 года, калі сітуацыя на фронце для ворагаў пагоршылася, яны сталі ладзіць больш жорсткія аблавы і расправы. У сакавіку ў сховішчы чыгуначнага дэпо станцыі выявілі некалькі мін. 8 сакавіка арыштавалі Уладзіміра Саўчука, які працаваў памочнікам кладаўшчыка. Каб адвесці падазрэнні ад сябра, Міхаіл Жуковіч і Сяргей Барушка вырашылі падарваць аварыйны цягнік. Але не паспелі — міну выявілі, хлопцаў схапілі. Катавалі тыдзень. Яны вытрымалі іголкі, загнаныя пад пазногці, раны, пасыпаныя соллю. Падвешвалі за ногі ўніз галавой — цярпелі. Знясіленыя юнакі сваім маўчаннем рабілі бездапаможнымі ўзброеных ворагаў. І тыя ўчынілі здзек яшчэ з бацькоў: прымусілі глядзець на пакуты сыноў і ўласнымі рукамі капаць для іх магілы перад расстрэлам. Пасля з імі таксама расправіліся — у машыне-душагубцы, а целы скінулі ў роў каля бярозаўскага Картэзіянскага манастыра...
А праз пару дзён Міхаіл Неліповіч і Васіль Пейгановіч падарвалі цыстэрну з гаручым і клад з вуглю, пашкодзілі канал дэпо. Абодва загінулі ўжо ў 1945-м, калі працягвалі сваю вайну на фронце, як і Сямён Колас, брат расстралянай разам з сям’ёй Марыі. Быў цяжка паранены ў 1945-м Іван Неліповіч, вярнуліся з фронту Якаў Салавей, адзіны з братоў Барушкаў Аляксей, Віктар Галёнка, які кіраваў падполлем да вызвалення Беларусі. Сустрэлі Перамогу былыя сувязныя Яўгенія Жуковіч, Вера Мычка, Вера Неліповіч.
Камсамольскае падполле было яшчэ ў некаторых вёсках раёна — звесткі пра гэта захоўваюцца ў Бярозаўскім раённым музеі, як і дакументы, што датычацца членаў Блудзенскай групы. Пра іх нагадвае экспазіцыя ў музеі школы аграгарадка Першамайск (былы Блудзень). Іх імёны не вядомыя шырока на ўзроўні краіны, гэта былі сціплыя людзі, для якіх найлепшай узнагародай стала Перамога.
Фота аўтара (матэрыялы дадзены Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем).