Top.Mail.Ru

«Адкасіць» ад касьбы ўжо не атрымаецца?..

Дажджы нібыта помсцяць за мяккую бясснежную зіму. Не ведаю як дзе, а ў нас днямі так уліло, што міжволі падумаў: мо налета рыс трэба сеяць? Вельмі ж глеба спрыяльная — для вось гэтай, нетутэйшай культуры. А ўжо для травы...


Зрэшты, для яе і раней перашкод не было. Таму змены ў Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў для мяне асабіста неспадзяванкай не сталі: як абкошваў свае 37 прысядзібных сотак, так і абкошваю: сёлета, месцамі, на пачатак чэрвеня (?) ужо ў трэці раз. А кастрычнік жа яшчэ далёка-далёка...

З настальгіяй успамінаю часы, калі не трэба было абкошваць двор (усю траву там «састрыгалі» куры), калі тую, што «стрыг» сам (прычым «правільнай» касой, літоўкай), можна было ўкінуць свінням, на зіму назапасіць карове, што, вядома ж, мела аддачу.

Цяпер касьба — хіба для прыгажосці: як казала мая бабуля, «каб наша ніўка смяялася». Вось яна і смяецца: некалі — клопатам ранейшых гаспадароў, цяпер — маім.

Помню, было пытанне: куды падзець укосы? Грэх жа не мець з іх хоць нейкай карысці... Сёлетнім першым: я «накрыў» назапашаны гной, каб ён не зарастаў пустазеллем (ніколі не ўношу свежы). У другі раз усю падсушаную траву тоўстым слоем выклаў пад кронамі пладовых дрэў, што таксама выгадна, бо і яблыкі, якія потым зваляцца, застануцца цэлымі, не паб’юцца, і вільгаць зберажэцца... Не трэба ўсміхацца ды казаць, што вады, маўляў, хоць заліся: наперадзе ліпень ды жнівень — можа яшчэ быць і засуха.

«Спрацоўваюць» укосы і ў тых выпадках, калі трэба «знясіліць» дзірван: дастаткова вызначыць плошчу, укрыць яе коўдрай з сена ды наверх чорнай плёнкай альбо спанбондам. А потым, вясной, раскрыць і займець амаль гатовую градку.

Што датычыцца вышыні разнатраўя ў прадпісаныя 20 сантыметраў, то тут можа, відаць, узнікнуць пытанне, бо трава не расце па камандзе: адным відам дастаткова 15, а іншыя, калі на тыдзень спознішся, могуць да 30 і больш «адскочыць». І ўжо тады, як кажа мой сусед, давядзецца «правільнай» касой намахацца, прычым за сезон — не раз і не два. Работа гэта не з лёгкіх (не ўсе могуць справіцца) і не з танных (калі трэба заплаціць). Дарэчы, пасля «правільнай» касы — у параўнанні з бензінавай — трава адрастае павольней.

...Да чаго я ўсё гэта вяду: многім дбайным гаспадарам ды гаспадыням не трэба нагадваць пра навядзенне парадку: яны ўсё рабілі і робяць самі. Цяпер, з прыняццем адпаведных дакументаў, з’явілася надзея, што адкасіць ад той жа касьбы не атрымаецца і ў нядбайных.

Аляксандр МАТОШКА

Расонскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю