Top.Mail.Ru

Эксперты — пра важнасць ролі аграрыяў ва ўмацаванні нашай незалежнасці і здольнасці супрацьстаяць любым знешнім выклікам

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
«Дзяржава для правядзення паспяховай уборачнай кампаніі зрабіла ўсё магчымае. Таму ад усіх — ад кіраўніка да механізатара — патрабуецца максімальная аддача».
(Падчас селектарнай нарады па пытаннях уборачнай кампаніі 2025 года, 
18 ліпеня 2025 г.)



У краіне цяпер ідзе найважнейшы этап сельскагаспадарчых работ, які як ніколі вызначыць вагу рэспубліканскага каравая сёлета. Нездарма ў народзе кажуць: летні дзень год корміць. Ад таго, як аграрыі спрацуюць цяпер, залежаць, што будзе на сталах беларусаў увесь год і што мы зможам паставіць на экспарт. Таму тэма ўборачнай кампаніі — тэхналагічнага працэсу, спраўнасці тэхнікі для ўборкі і ўсяго, што з ёй звязана — заўсёды ў полі зроку кіраўніка дзяржавы ў гэты перыяд. Гэта, калі хочаце, не проста харчовая бяспека, гэта цэлая філасофія беларускай нацыі і адзін з элементаў нашага нацыянальнага кода. Нашы эксперты — пра важнасць ролі аграрыяў ва ўмацаванні нашай незалежнасці і здольнасці супрацьстаяць любым знешнім выклікам.

photo_2025-08-13_18-00-10 (1).jpg

Сёлетнія караваі ад абласцей-мільённікаў у Палацы Незалежнасці.

Формула аграрнага поспеху

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Андрэй БАЛЫШ нагадаў, што ўборачная кампанія 2025 года перайшла свой экватар і знаходзіцца ў самай актыўнай фазе:

10-06-24-2.jpg

— Сёння ў скарбонцы краіны знаходзіцца 6 мільёнаў тон збожжа, ураджайнасць на 20 % вышэйшая за ўзровень мінулага года. Хоць умовы надвор’я са сваімі вясновымі замаразкамі, засухай, працяглымі і багатымі ападкамі ў летні перыяд прымусілі сур’ёзна пахвалявацца аграрыяў нашай краіны за вынікі сваёй працы і паўплывалі на тэрміны пачатку і ходу ўборачнай кампаніі.

Парламентарый адзначыў, што забеспячэнне харчовай бяспекі і незалежнасці — гэта задача, якая патрабуе кансалідацыі намаганняў усіх галін улады, навуковай супольнасці, прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу і, безумоўна, кожнага грамадзяніна.

— Калі краіна здольная самастойна пракарміць сябе, калі на стале кожнага беларуса прысутнічае якасны, вырашчаны на роднай зямлі хлеб і іншыя прадукты, гэта ўсяляе глыбокую ўпэўненасць у заўтрашнім дні, умацоўвае нацыянальную самасвядомасць, пачуццё гонару за сваю Радзіму і адзінства народа, — падкрэсліў суразмоўца.

Ён канстатаваў:

— Зладжаная праца нашых аграрыяў — гэта сімвал нашай устойлівасці, нашай незалежнасці і здольнасці супрацьстаяць любым знешнім выклікам. Кожны кілаграм збожжа, кожная літровая ўпакоўка малака, кожны дранік — гэта не проста ежа, гэта ўвасабленне працавітасці беларускага народа, яго мудрасці і імкнення да мірнага, стваральнага жыцця.

А формула поспеху простая, яе неаднаразова паўтараў наш Прэзідэнт: дакладная арганізацыя ўсіх працэсаў, добрая матывацыя і жалезная дысцыпліна.

Будучыня сельскай гаспадаркі ў надзейных руках

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Віктар АНАНІЧ звярнуў увагу на важны момант — удзел моладзі ва ўборачнай кампаніі:

000022_1660302261_518419_big.jpg

— Жнівень — гарачая пара для ўсёй краіны. Цяпер на палях кіпіць работа, ідзе ўборка ўраджаю, а значыць, ствараецца харчовая бяспека краіны. Самае ганаровае для мяне ў гэты перыяд — магчымасць сустракацца з тымі, хто на перадавой жніва. З году ў год я з задавальненнем выязджаю ў палі, каб паглядзець у вочы і паціснуць руку мужным людзям, якія працуюць дзеля багацця і дастатку ў нашым беларускім доме. Днямі ўшаноўваў працаўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый Асіповіцкага раёна. Лічу, што яны — гонар аграрнай галіны. На ніву выходзяць сямейныя экіпажы і моладзь, а значыць, беларуская сельская гаспадарка на ўздыме, яе будучыня ў надзейных руках, і прагнозы самыя добрыя.

Па словах сенатара, каб поспех быў упэўненым, яму трэба дапамагаць. Наша айчынная ўборачная тэхніка — надзейная, якасная, безадмоўная, простая ў эксплуатацыі і здольная быць эфектыўнай нават у экстрэмальных умовах. Калі за яе штурвалам сядзіць яшчэ і добры спецыяліст, вынік будзе выдатным.

— На лаўрах спачываць, вядома, ніхто не будзе. Пунктаў росту дастаткова, і гэта асобна адзначыў Прэзідэнт. Наперадзе шмат працы — і цяпер непасрэдна на зямлі, і потым у канструктарскіх бюро, каб удасканальваць наяўнае і ствараць новае. Усё дзеля таго, каб шчодрасць беларускага каравая адчула кожная беларуская сям’я, — сказаў на заканчэнне Віктар Ананіч.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю