У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні адбылася ўрачыстасць з удзелам прадстаўнікоў духавенства, дзяржаўнай улады, грамадскіх і палітычных дзеячаў, літаратараў.
— Час вялікага посту — самы спрыяльны, каб задумацца пра сэнс жыцця. Адным з галоўных памочнікаў у гэтым з’яўляецца духоўная кніга, — падкрэсліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Дзень праваслаўнай кнігі, які адзначаецца 14 сакавіка, быў заснаваны па ініцыятыве Патрыярха Кірыла ў памяць аб выхадзе першай друкаванай кнігі на Русі «Апостал» Івана Фёдарава. Але мітрапаліт Веніямін нагадаў пра традыцыі полацкага кнігадрукара Францішка Георгія Скарыны, які выдаў кнігі Бібліі больш за 5 стагоддзяў таму. З тых часоў значэнне кнігі ў жыцці чалавека і грамадства не толькі не зменшылася, але можа быць сёння адкрываецца з новай глыбінёй для тых людзей, хто ўдумліва і ўважліва ставіцца да свайго жыцця, з клопатам аб будучыні сваёй краіны і народа, адзначалася падчас канферэнцыі «Асвета беларускіх зямель праз праваслаўную кнігу. Юбілейныя даты Беларускай праваслаўнай царквы».

— Мы жывём у эпоху, якую прынята называць інфармацыйнай, — падкрэсліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. — Ніколі раней чалавек не меў доступу да такога каласальнага аб’ёму звестак, тэкстаў, ведаў. Лічбавыя тэхналогіі робяць бібліятэкі ўсяго свету даступнымі кожнаму чалавеку. Разам з гэтым багаццем прыйшла і новая небяспека: губляецца здольнасць адрозніваць дабро і зло, ісціну і хлусню. Нельга не заўважыць некаторыя трывожныя тэндэнцыі: схільнасць кіравацца павярхоўнымі меркаваннямі, больш захапляцца публікацыямі ў сацыяльных сетках, чым кнігамі... Сучаснае грамадства, якое стамілася ад духоўнай пустаты і абясцэньвання традыцыйных каштоўнасцяў, часта сыходзіць у неапаганства. Адраджаецца тое, што, здавалася б, адышло ў мінулае, а гэта істотна для нашага народа. Час звярнуцца да евангельскіх запаведзяў і кніг, якія даюць арыенціры міласэрнасці, спагады да бліжняга, маральныя ідэалы.
Важна захоўваць цікавасць да глыбокага чытання і духоўнай літаратуры, звярнулі ўвагу царкоўнаслужыцелі. Сёння яны спрабуюць не проста прыцягнуць людзей у храмы, але захапіць гісторыяй роднай зямлі, дзе моцныя традыцыі веры. Пра гэта можна прачытаць, але гэта можна і ўбачыць падчас паломніцтваў у духоўныя цэнтры беларускага праваслаўя і экскурсій па знакавых мясцінах, звязаных з вялікімі падзвіжнікамі нашай зямлі.

Сёлета праграма свята шмат у чым прысвечана тэме праваслаўнага краязнаўства. Тым больш, што Беларуская праваслаўная царква адзначае шэраг знакавых дат: 20-годдзе праслаўлення блажэннай Валянціны Мінскай, 440-годдзе з дня нараджэння святой праведнай княгіні Сафіі Слуцкай, 865-годдзе стварэння Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай. Дзень праваслаўнай кнігі дае штуршок для многіх маштабных мерапрыемстваў па ўсёй нашай краіне, у кожнай епархіі, у бібліятэках, навучальных установах.
У прыватнасці, з 13 па 15 сакавіка ў духоўна-асветніцкім цэнтры «Каўчэг» Свята-Елісавецінскага манастыра (Мінск) праходзіць традыцыйная выстава «Горад, які чытае». Запланаваны цікавыя сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі кніг, майстар-класы і творчыя заняткі, хата-чытальня, «Кніжнае кафэ», інтэлектуальныя гульні. Тэма чытання будзе ўзмоцнена тэмай асветніцтва дзякуючы экспазіцыі, прысвечанай Ефрасінні Полацкай.
А ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведвальнікаў чакае выстава «Найдабрэйшаму свяціцелю Царквы Божай». У ёй прадстаўлены выданні з дарчымі надпісамі Мітрапаліту Філарэту, першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі. Асобная выстаўка — кніг па гісторыі праваслаўя, выпушчаных выдавецтвамі БПЦ, навінкі духоўнай літаратуры.
Ларыса ЦІМОШЫК