Рост дабрабыту грамадзян і забеспячэнне стабільнасці ў грамадстве. Гэта аснова праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026-2030 гады, якую ў гэты чацвер абмяркоўвалі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.
Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны не павінна жыць сваім жыццём
«Гэта найважнейшы прагнозны дакумент, які вызначае стратэгію развіцця краіны на сярэднетэрміновую перспектыву. Канцэпцыю праграмы кіраўнік дзяржавы адобрыў яшчэ ў маі, а Міністэрству эканомікі была пастаўлена задача на яе аснове падрыхтаваць вывераны і эфектыўны дакумент, які стане асновай для паспяховага развіцця Беларусі на наступныя пяць гадоў, — пачынаючы пасяджэнне, адзначыў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. — Каб праграма была „жывой і сапраўднай“, як даручаў кіраўнік дзяржавы, патрабавалася ўдасканаліць падыходы да яе выканання, забяспечыўшы 100-% спалучанасць з інструментамі яе рэалізацыі: дзяржаўнымі, галіновымі і рэгіянальнымі праграмамі».
Кіраўнік Урада падкрэсліў, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны не павінна жыць сваім жыццём. Усе інструменты і рэсурсы, якімі валодае ўрад, павінны быць падпарадкаваныя яе выкананню. «Для гэтага ў падпраграмных дакументах павінна быць вызначана этапнасць выканання задач, устаноўлены прамежкавыя мэты. Менавіта па іх будзе праводзіцца штогадовая ацэнка работы кіраўнікоў», — акцэнтаваў Аляксандр Турчын.

Прэм’ер-міністр звярнуў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на тое, што пяцігадовая праграма з’яўляецца праграмай развіцця дзяржавы: «Не праграмай будаўніцтва дарог або квадратных метраў жылля, а комплексным дакументам, які простай і зразумелай мовай дасць адказы на пытанні, як будзе развівацца эканоміка нашай краіны ў бліжэйшыя пяць гадоў, якія прыярытэтныя напрамкі развіцця вызначаны і, самае галоўнае, як усё гэта паўплывае на якасць жыцця нашых грамадзян у любым кутку краіны».
Арэнднае жыллё, якасныя дарогі, пытанні развіцця рэальнага сектара
Асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады разглядалі паўгода таму, яшчэ ў красавіку, у канцэпцыі адпаведнай праграмы, нагадаў у размове з журналістамі міністр эканомікі Юрый Чабатар: «У адпаведнасці з Законам аб дзяржпраграмаванні, канцэпцыя была адобрана кіраўніком дзяржавы і яна стала базавай для таго, каб мы распрацавалі праграму», — падкрэсліў міністр.
Юрый Чабатар дадаў, што ключавыя моманты, якія былі закладзеныя яшчэ тады, засталіся нязменнымі. «Гэта пяць асноўных прыярытэтаў і сем напрамкаў, у якія мы ўнеслі ўсе асноўныя запыты грамадства, даручэнні кіраўніка дзяржавы, бягучыя праблемныя моманты, якія трэба будзе вырашыць у наступныя 5 гадоў. Сярод пяці прыярытэтаў — арэнднае жыллё, якасныя дарогі, пытанні развіцця рэальнага сектара — гэта пытанні цыфравізацыі і тэхналагічнасці, а таксама моцныя рэгіёны», — пералічыў ён.
Акрамя таго, важным прыярытэтам вылучаны турызм. На гэта накіраваны апублікаваны нядаўна ўказ Прэзідэнта № 329 Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы турызму, згодна з якім Нацыянальнае агенцтва па турызме перадаецца ў падпарадкаванне Савету Міністраў. Паводле слоў Юрыя Чабатара, параметры ўжо зразумелыя — гэтая галіна ў канцы пяцігодкі павінна займаць 4,5 % у ВУП.
Акрамя таго, на пасяджэнні разглядаўся комплекс дакументаў, якія забяспечваюць выкананне сацыяльна-эканамічных паказчыкаў будучай пяцігодкі, сказаў міністр. У яго ўваходзяць 19 дзяржаўных праграм, 17 галіновых, больш за 30 навукова-тэхнічных і 7 рэгіянальных. «Гэта ўсё фарміруе аблічча і каркас выканання пяцігодкі на 2026-2030 гады. Мы рэалізавалі задуманае намі ў красавіку — прынцып вертыкалізацыі, пры якім усе паказчыкі і задачы будучай пяцігодкі каскадаваныя ўніз на адпаведныя праграмы і адказных міністраў. Такім чынам, ужо цяпер зразумела, хто і што будзе выконваць», — звярнуў увагу ён.
Асобныя напрамкі ўжо рэалізуюцца. Напрыклад, па арэндным жыллі створана заканадаўчая база, якая дазваляе людзям разумець правілы выкупу. Прыняты ўказ аб крэдытаванні прадпрыемстваў для стварэння арэнднага жыллёвага фонду.

З наступнага года прадпрыемствы змогуць узяць крэдыт для ўкаранення робататэхнікі
Драйверамі на наступную пяцігодку стануць новыя напрамкі эканомікі і галін, на якія арыентуюцца рэгулятары. Юрый Чабатар прывёў прыклады такіх напрамкаў: стварэнне ў Беларусі робататэхнічнай галіны з падтрымкай укаранення рабатызацыі і аўтаматызацыі на прадпрыемствах, а таксама выкарыстанне мясцовай сыравіны — развіццё дрэваапрацоўчай прамысловасці. Па словах міністра, гэтыя напрамкі актуальныя і ўжо прадугледжаны ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця.
«Мы прадугледзелі з наступнага года крэдытны прадукт для прадпрыемстваў для ўкаранення ў сябе робататэхнікі, рабатызацыі і аўтаматызацыі сваіх працэсаў. У дрэваапрацоўцы — акцэнт на выкарыстанне мясцовай сыравіны, павелічэнне ў 1,2 раза мэблевых вытворчасцяў. Для гэтага, дарэчы, мы таксама спецыяльны прадукт прадугледзелі: з наступнага года крэдыт пад 6 % на 7 гадоў для новых прадпрыемстваў у гэтай галіне», — адзначыў Юрый Чабатар.
Кіраўнік эканамічнага ведамства яшчэ раз падкрэсліў: асноўны кантэкст Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады — запыты грамадства і даручэнні Прэзідэнта: «Аб’яўлена пяцігодка якасці — адпаведна, накіроўваем намаганні на стварэнне якасных умоў для працы і жыцця грамадзян, рэальнага сектара эканомікі. Калі ўсё гэта выканаем, у нас будуць высокія паказчыкі па экспарце, росце заработнай платы, ВУП».
Па выніках разгляду ва Урадзе праграма будзе вынесена на Усебеларускі народны сход.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА