Звышдакладна і бездакорна
У сталіцы адкрыўся новы высокатэхналагічны комплекс Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі. У ім знаходзіцца пяць нацыянальных эталонаў у галіне іанізуючага выпраменьвання. Яны забяспечваюць дакладнасць вымярэнняў у самых крытычна важных галінах — ад высокатэхналагічнай медыцыны да атамнай энергетыкі. Спецыялісты інстытута праводзяць метэаралагічную ацэнку больш за 12 тысяч сродкаў вымярэнняў штогод. Гэта тысячы прыбораў, ад дакладнасці якіх залежаць жыцці людзей у анкацэнтрах, бяспека прадуктаў харчавання і надзейнасць радыяцыйнага кантролю на межах, а таксама работа Беларускай атамнай электрастанцыі. Таму ўвод у эксплуатацыю будынка — гэта стратэгічны крок ва ўмацаванні нацыянальнай бяспекі і тэхналагічнага суверэнітэту нашай краіны, які дазволіць не страціць магчымасць праводзіць вымярэнні самастойна. Тут створаны ўнікальныя ўмовы, якія не маюць аналагаў у Беларусі і большасці краін СНД.




Важная падзея
Для размяшчэння нацыянальных эталонаў пабудаваны лабараторыі, у тым ліку з глыбінёй да 8 метраў і сценамі з цяжкага бетону таўшчынёй больш за метр з свінцовым пакрыццём, што забяспечвае надзейны ўзровень радыяцыйнай абароны. Асаблівае значэнне аб’ект мае для бяспечнай работы Беларускай атамнай электрастанцыі. Тут размешчаны новы эталон нейтроннага выпраменьвання.

Гэта адзіны ў краіне комплекс, здольны забяспечыць дакладнасць большасці сродкаў вымярэнняў, якія прымяняюцца на Беларускай атамнай электрастанцыі. Такі маштабны дзяржаўны праект стаў магчымым дзякуючы сістэмнай падтрымцы кіраўніцтва краіны.


— Сёння кіраўнік дзяржавы ўдзяляе асаблівую ўвагу энергетычнай бяспецы як элементу нацыянальнай бяспекі. Сімвалічна, што ў дзень нараджэння Дзяржстандарта, 17 красавіка, мы адкрылі новы корпус інстытута метралогіі, — адзначыла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена МАРГУНОВА.
Эталон — той элемент, з якім звяраюць свае паказанні, ён вызначае дакладнасць любога вымярэння.
— На сёння тут засяроджана 5 сучасных эталонаў, найперш эталоны пад нашу Беларускую атамную станцыю. Іх калекцыя будзе разрастацца. Але гэта элементы дакладнасці вымярэнняў не толькі для атамнай энергетыкі, але і для сучаснай перадавой медыцыны, для прамысловасці. Тут будуць атрымліваць дакладныя вымярэнні ўсе вымяральныя прыборы, якія выкарыстоўваюцца ў сучасных інавацыйных устаноўках, размешчаных на розных прадпрыемствах нашай краіны. Гэта важная падзея для сістэмы Дзяржстандарта, дадатковае ўмацаванне нашай атамнай энергетыкі і ўмацаванне эканомікі краіны, — расказала кіраўнік Дзяржстандарта.


Інавацыйныя распрацоўкі
Эталоны і сам будынак былі сур’ёзна рэканструяваны. Што да апошняга, то ў 2024–2025 гадах яго памяшканні былі маштабна перабудаваны, створаны ўсе неабходныя ўмовы для бездакорнай і дакладнай работы нацыянальных эталонаў. Праект рэалізаваны дзякуючы намаганням самога інстытута метралогіі, падтрымцы з боку будаўнічых арганізацый Мінска і прадпрыемстваў атамнай энергетыкі, а таксама Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях. Скончыць работы дазволіла падпраграма «Эталоны Беларусі», якая дзейнічала з 2021 да 2025 года.
Дзякуючы гэтаму дакументу летась выкананы і інавацыйныя распрацоўкі, у прыватнасці, мадэрнізацыя нацыянальнага эталона адзінкі кермы (кінетычнай энергіі, якая вызваляецца ў рэчыве) у паветры і магутнасці кермы ў паветры, а таксама распрацаваны новы нацыянальны эталон адзінак шчыльнасці патоку нейтронаў, магутнасці паглынутай і эквівалентнай доз нейтроннага выпраменьвання.

У цэлым жа на сёння ў Беларускім дзяржаўным інстытуце метралогіі створана эталонная база з 70 эталонаў. Дзесяць з іх знаходзяцца на тэрыторыі навуковых устаноў, пераважна інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук, а 60 — у інстытуце метралогіі.
— Цяпер рэалізацыя праграмы «Эталоны Беларусі» працягнута да 2030 года, і кожны год мы здаём каля 2 новых эталонаў, яшчэ 4 — мадэрнізуем. У большай ступені акцэнт — на мадэрнізацыю дзейных эталонаў пад новыя патрабаванні, — дадала Алена Маргунова.
Кажучы пра нязменна высокую якасць, якая вылучае беларускую прадукцыю, кіраўнік Дзяржстандарта адзначыла, што ў нашай краіне ў свой час дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы і ўрада была захавана класічная база, якая мае на ўвазе забеспячэнне якасці і бяспекі.
— Гэта значыць, у адной сістэме, сістэме Дзяржстандарта, дзейнічае выразная, выбудаваная сістэма, што ўключае стандартызацыю, якая закладвае базавыя патрабаванні да любога тавару ці прадукту, метралагічнае забеспячэнне, ацэнку адпаведнасці патрабаванням нарматыўна-прававых дакументаў, пытанні, звязаныя з акрэдытацыя лабараторый і персаналу. Гэта асноўныя элементы, якія забяспечваюць інфраструктуру якасці, і яны сканцэнтраваны ў адным дзяржоргане, што дае магчымасць цалкам кіраваць гэтымі працэсамі, — рэзюмавала Алена Маргунова.

Бяспека гарантавана
Працаваць у новым комплексе будзе вытворча-даследчы аддзел вымярэнняў іанізавальных выпраменьванняў інстытута метралогіі. Яго развіццё — гэта гісторыя станаўлення метралогіі ў адной з самых складаных абласцей у сферы іанізуючых выпраменьванняў. У 1998–2001 гады ў рамках маштабнага сумеснага праекта з МАГАТЭ быў створаны і даследаваны першы нацыянальны эталон адзінкі кермы ў паветры і магутнасці кермы ў паветры. Гэта падзея і стала асновай для міжнароднага прызнання вымярэнняў у галіне іанізуючых выпраменьванняў.


За дзесяцігоддзі беларускія метролагі прайшлі шлях ад эксплуатацыі адзінкавых установак да стварэння магутнай сістэмы з пяці нацыянальных эталонаў.
Адным з важных аспектаў у рабоце аддзела з’яўляецца бяспека, у тым ліку і самога калектыву.
— Калі мы выконваем выпрабаванні, то яны павінны быць абсалютна дакладнымі, на іх не павінна ўплываць знешняя фонавая радыяцыя, — адзначыў дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі Аляксандр КАЗАЧОК. — У гэтым плане мы надзейна закрыты, і спецыялісты МНС вельмі высока ацанілі той узровень бяспекі, які нам удалося стварыць.


Алена КРАВЕЦ
Фота Ксеніі ЛІННІК