Top.Mail.Ru

Адкрылася выстаўка-кірмаш «Адпачынак-2026»

У Міжнародным выставачным цэнтры BELEXPO адкрылася 28-я Міжнародная выстаўка-кірмаш «Адпачынак-2026». У гэтым годзе на галоўнай выставачнай пляцоўцы краіны сабраліся ўдзельнікі з Беларусі, Расіі, Кыргызстана, Кубы, Узбекістана, М’янмы, Казахстана, Таджыкістана, Грузіі і Турцыі. Разам з імі свае экспазіцыі прадставілі 16 рэгіёнаў і гарадоў Расіі. Таксама прадстаўлены дзяржаўныя структуры, турыстычныя арганізацыі, атэлі, музеі, тураператары, санаторыі, дзелавыя і культурныя пляцоўкі. Усяго свае паслугі на выставе прапануюць каля 200 экспанентаў.


Адмысловае месца ў экспазіцыі гэтага года займае ўнутраны турызм. На выстаўцы асабліва добра відаць, наколькі багатая і разнастайная турыстычная карта Беларусі — ад гісторыка-культурных аб’ектаў да сямейнага, пазнавальнага і аздараўленчага адпачынку. 


— Асноўныя характарыстыкі сучаснага турызму — гэта даступнасць, масавасць, вядома ж, лічбавая трансфармацыя, акцэнт на ўражанні, задавальненне эмоцый людзей. І сучасны беларускі турыстычны прадукт у поўнай меры адпавядае сучасным тэндэнцыям. Гэта пацвярджае афіцыйная статыстыка. Для беларускага турызму мінулы год стаў адным з самых паспяховых. Унутраны турыстычны паток вырас у 4 разы ў параўнанні з 2020 годам, перавысіўшы 2,2 мільёна арганізаваных турыстаў. Зафіксавана каля 7,5 мільёна паездак замежнікаў, экспарт турыстычных паслуг дасягнуў лічбы больш за 300 мільёнаў долараў ЗША, што на 46 % вышэй за паказчыкі 2024 года, — адзначае дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Кірыл МАШАРСКІ, дадаючы, што выстаўка з’яўляецца ўнікальнай пляцоўкай для B2B, B2C кантактаў, знаёмстваў з навінкамі і самабытным беларускім турыстычным прадуктам. 


Яшчэ адзін акцэнт выстаўкі сёлета — гэта санаторна-курортны кірунак, які прадстаўлены асабліва шырока. І гэта невыпадкова, таму што сучасны турызм — гэта не толькі новыя маршруты і яркія ўражанні, але і здароўе, аднаўленне, якасць адпачынку і, вядома ж, увага да чалавека. 


— Апошнія гады санаторна-курортны комплекс нашай краіны функцыянуе не толькі стабільна, але і дынамічна развіваецца. Пра тое сведчыць попыт на гэты від паслуг. Штогод узрастае цікавасць да нашых санаторыяў. І летась былі дасягнуты рэкордныя паказчыкі па колькасці грамадзян, якія прайшлі лячэнне і аздараўленне ў нашых санаторыях, а таксама па колькасці замежных грамадзян. У мінулым годзе ў санаторыі нашай краіны прыехалі 260 тысяч замежных грамадзян з 80 дзяржаў. У гэтым ёсць і заслуга такіх мерапрыемстваў, як выстаўка «Адпачынак», таму што яна садзейнічае стварэнню спрыяльнага іміджу нашай краіны і нашых устаноў, — падкрэсліў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь БАЛБАТОЎСКІ.


Начальнік упраўлення эканомікі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрый БЯРДОВІЧ адзначыў, што ў нашай дзяржаве адным з прыярытэтных кірункаў з’яўляецца развіццё турызму, стаіць задача зрабіць яго нацыянальным праектам. Ён выказаў спадзяванне, што ў рамках дзелавой пляцоўкі «Адпачынак-2026» будуць знойдзены новыя кантакты для прасоўвання новых турыстычных прадуктаў і паслуг.


Алена КРАВЕЦ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю