У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстаўка «Выратаванне Еўропы. 110 гадоў Нарацкай аперацыі», прымеркаванай да гадавіны адной з найбуйнейшых і самых кровапралітных бітваў Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі. Мерапрыемства сабрала высокапастаўленых гасцей, дыпламатаў, гісторыкаў і грамадскіх дзеячаў, каб у чарговы раз нагадаць пра ахвярны подзвіг продкаў.
«Нарацкая аперацыя — гэта яркі прыклад саюзніцкага абавязку, калі расійская армія пайшла ў наступленне, каб выратаваць Францыю ад разгрому пад Вердэнам, ахвяруючы дзясяткамі тысяч салдат. Наша агульная Айчына заплаціла найвышэйшую цану за перамогу, але „падзяка“ заходніх партнёраў абярнулася распадам краіны і рэвалюцыяй. Гісторыя Нарацкай аперацыі вучыць нас, як важна захоўваць праўду пра тую вайну, каб не дапусціць паўтарэння трагедыі», — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыс Грызлоў.
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў адзначыў: «Упершыню вёскі на тэрыторыі Беларусі былі спалены заходнімі акупантамі не ў 1941 годзе, а падчас Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе. Ужо тады пракацілася хваля агню па нашай зямлі».
Ён прывёў вядомыя на сённяшні дзень звесткі аб загінулых і пацярпелых жыхарах нашай краіны, уключаючы бежанцаў, разбураных гарадах і спаленых вёсках, разграбленні акупантамі прыродных рэсурсаў, цяжкіх наступствах для прамысловасці і сельскай гаспадаркі. «Пытанне, якое сёння гучыць, — заканамернае: што мы атрымалі за тыя ахвяры, якія прынёс беларускі народ 110 гадоў назад, 80 гадоў назад? На жаль, акрамя гістарычнага забыцця — нічога. Нас увесь час хтосьці вучыць, як жыць і што рабіць. Але сёння зброя, якую выкарыстоўваюць супраць нас, — гэта не бомбы і не ракеты. Гэта санкцыі і абмежаванні. Арсенал змяніўся, але задачы застаюцца тымі ж. Няхай гэтая экспазіцыя пабудзіць нас яшчэ раз задумацца пра тое, як важна берагчы мірнае неба і шукаць шляхі вырашэння любых рознагалоссяў за мірным сталом — шляхам дыпламатычных перагавораў».
Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Аляксандр Храмы падкрэсліў: «Гэтая выстаўка — не проста погляд у мінулае. Гэта напамін пра тое, як важна захоўваць адзінства. 110 гадоў таму нашы продкі ваявалі побач, у адных шэрагах, абараняючы сваю зямлю. І сёння мы бачым, што памяць пра гэта жывая».
«Вельмі хацелася б, каб нашы еўрапейскія апаненты прыехалі сюды і паглядзелі на гэту выставу, успомніўшы пра трагедыю і гераізм Першай сусветнай вайны», — заўважыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч.
Арганізатары падрыхтавалі для наведвальнікаў па-сапраўднаму ўнікальную экспазіцыю. Гасцям прадставілі больш за 100 рэдкіх фотаздымкаў, пяць аб’ёмных дыярам, рэканструкцыю формы салдат Першай сусветнай вайны і нават створаны аўтарам выставы самалёт Morane-Parasole, які стаяў на ўзбраенні Расійскай арміі.

Аўтар выстаўкі, вядомы гісторык і краязнаўца Уладзімір Ліхадзедаў заўважыў, што без Нарацкай аперацыі немагчыма ўявіць гісторыю Першай сусветнай вайны, гэта, напэўна, самая значная падзея таго ваеннага часу. Аперацыя па выратаванні Еўропы мела наступствам велізарную колькасць ахвяр . Асобна гісторык спыніўся на мужнасці жанчын: «Фронт стаяў на беларускай зямлі тры гады, і нашы жанчыны аказалі вялікую падтрымку дзеючай арміі. І пралі, і працавалі ў лазарэтах, і кармілі, і капалі акопы. Усё гэта ёсць на фатаграфіях, якія захаваліся».
Выстаўка будзе працаваць на працягу бліжэйшага месяца, даючы магчымасць кожнаму дакрануцца да гераічнага і трагічнага мінулага беларускай зямлі, убачыць вачыма нашых продкаў падзеі 110-гадовай даўніны і ўсвядоміць, якой цаной даецца мір.
Надзея Зуева
Фота БелТА