Top.Mail.Ru

Адкрылася выстава карцін Міколы Кірэева

Часам мову жывапісу Міколы Кірэева параўноўваюць з музыкай — і сапраўды, у тонкіх пералівах колераў ягоных палотнаў нібыта заўсёды чуецца мелодыя... Часам — лірычная, часам — драматычна-напружаная...


Пачуць гэта маюць магчымасць усе, хто наведае мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага, дзе адкрылася выстава заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Міколы Кірэева «Імгненні прыгажосці». У экспазіцыі прадстаўленыя працы майстра, пачынаючы з 1980-х і да нашага часу. Такім чынам можна прасачыць і пошукі мастака, які не баіцца эксперыментаваць, і ягоную вернасць самому сабе, тое, што робіць карціны пазнавальнымі. Нехта з мастацтвазнаўцаў заўважыў, што Мікола Кірэеў цягам гадоў стварае пэўныя цыклы карцін, хаця гэта і не пазначае ў назвах. Сапраўды, ёсць тэмы, якім ён застаецца верны. Адзін з такіх мімаволі ўтвораных цыклаў — жаночыя партрэты, у якіх —і абагульненне, калі ў канкрэтным абліччы выяўляецца ўніверсальная гармонія, і захапленне аўтара прыгажосцю сваёй мадэлі, і асаблівая далікатнасць, тонкасць выканання. Нездарма адзін з гэтага цыклу, партрэт жонкі і музы Алены, быў абраны для постэра выставы. 

Яшчэ адзін такі ўтвораны самім часам цыкл, яшчэ адна важная частка творчасці мастака — выказванне любові да рознай зямлі, і не проста занатаванне яе прыгажосці, але праз сімволіку і філасофію. Стрыманыя высакародныя колеры палатна, якое паказвае з птушынага палёту святкаванне Калядаў у Заслаўі, ператвараюць усё ў загадкавы, амаль планетарны рытуал. Карціна «Да Вушач» паказвае заснежаную лясную дарогу — бель шляху, цёмныя шыхты ялін, светлы прагал паміж імі ўдалечыні... Трывога і надзея. Кожны па-свойму расшыфруе гэтае загадкавае палатно. Нават нацюрморты ў выкананні Кірэева ператвараюцца ў сімвалы з умоўнымі, цякучымі формамі, у музыку выразнай эмоцыі. Пры гэтым партрэты славутых беларусаў, якія таксама можна вылучыць у асобны цыкл, пры ўсёй сімвалічнасці захоўваюць пазнавальнасць і характарнасць персанажаў — ад Міколы Селешчука да Аксаны Волкавай. 

Асаблівае адчуванне колеру мастаком адзначыла падчас адкрыцця выставы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч: 

— Мне здаецца, адштурхоўваючыся ад гэтай любові да колеру, Мікола Кірэеў увесь час ішоў па жыцці. У яго няма афіцыйных партрэтаў. Ён заўсёды маляваў тых, каго хацеў, хто яму падабаўся і яго кранаў, з кім ён сябраваў і каго мог адчуць. Можа быць, менавіта таму з такім задавальненнем глядзіш на яго жаночыя партрэты. Кожны з іх — гэта абсалютная індывідуальнасць. 

Для самога ж Міколы Кірэева выстава стала магчымасцю па-новаму зірнуць на ўласныя працы і вызначыць шлях далейшых пошукаў:

— Хацелася ведаць, у якім перыядзе мыслення і адчування я знаходжуся, і зрабіць нейкую карэкцыю, — прызнаўся аўтар. 

У экспазіцыі прадстаўленыя працы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Беларускага саюза мастакоў, асабістага збору аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю