У жніўні пачнецца адкрытае абмеркаванне выбару пляцоўкі для будаўніцтва пункта захавання радыеактыўных адходаў. Аб гэтым у эфіры тэлеканала СТБ расказаў дырэктар РУП «Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі» Дзмітрый Логвін, паведаміла БелТА.
Дзмітрый Логвін назваў тры напрамкі, на якіх прадпрыемства спынілася. Першы — пляцоўка каля Астраўца, якая знаходзіцца недалёка ад атамнай станцыі — асноўнага накапляльніка радыеактыўных адходаў. Другая — зона Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка — тэрыторыя, якая падпала пад радыеактыўнае забруджванне ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Трэці — магілёўскі напрамак. «Мы будзем улічваць меркаванне насельніцтва, паколькі яго рэакцыя з’яўляецца адным з ключавых крытэрыяў. Адкрытае абмеркаванне пройдзе са жніўня па верасень на трох пляцоўках з дакладным рэгламентам і ўдзелам міжнародных экспертаў. Перш чым правесці абмеркаванне, мы выязджаем у рэгіёны, каб абмеркаваць з мясцовымі ўладамі, як лепш сабраць людзей для правядзення грамадскага абмеркавання», — расказаў ён.
Паводле слоў кіраўніка, да размяшчэння пункта больш падрыхтаваны жыхары Астраўца. «Больш за 70 працэнтаў мясцовых жыхароў падтрымліваюць гэту ініцыятыву, яны бачаць усе перавагі гэтага. У Магілёўскай вобласці каля 60 працэнтаў насельніцтва таксама не супраць будаўніцтва. Сітуацыя горшая ў запаведніку, дзе больш за 50 працэнтаў апытаных не падтрымліваюць будаўніцтва. Аднак развіццё прадпрыемства ў рэгіёне магло б павялічыць колькасць насельніцтва на 5 тыс. чалавек і садзейнічаць развіццю сацыяльнай інфраструктуры», — канстатаваў Дзмітрый Логвін.
Ён адзначыў, што рашэнне наконт выбару пляцоўкі для пункта захавання РАА, магчыма, будзе прынята ў канцы 2026 — 2027 годзе. Затым пачнецца распрацоўка архітэктурнага праекта, будаўніцтва запланавана на 2028 год. «Праектаванне і будаўніцтва будуць ісці паралельна. Мы разглядаем тэрыторыю плошчай ад 50 да 100 га, дзе толькі адна трэць будзе адведзена пад сховішча, а астатняе зоймуць вытворчыя цэхі — гэта энергетыка, аўтаматызацыя, а таксама штучны інтэлект», — дадаў Дзмітрый Логвін.