Top.Mail.Ru

Адкрытая алімпіяда «Арыфматыкс» аб’яднае юных знаўцаў ментальнай арыфметыкі

У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку вызначаць лепшых удзельнікаў інтэлектуальнага спаборніцтва


6 чэрвеня 2026 года на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка адбудзецца адкрытая алімпіяда па ментальнай арыфметыцы «Арыфматыкс». Удзел у ёй прымуць 69 навучэнцаў ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў з розных рэгіёнаў краіны.

Адкрытая алімпіяда «Арыфматыкс» накіравана на выяўленне і падтрымку таленавітых навучэнцаў, якія праяўляюць здольнасці ў галіне ментальнай арыфметыкі. Яе галоўнымі задачамі з’яўляюцца развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу дзяцей і моладзі, фарміраванне ўстойлівай цікавасці да дакладных навук, а таксама папулярызацыя інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцей.

Сёлета ўдзельнікамі спаборніцтва стануць 69 навучэнцаў з Мінска, Кобрына, Оршы, Віцебска, Наваполацка, Івацэвічаў і Светлагорска. Алімпіяда пройдзе ў вочнай форме без папярэдняга адбору ўдзельнікаў.

Арганізатары адзначаюць, што адной з найважнейшых задач мерапрыемства з’яўляецца развіццё і папулярызацыя ментальнай арыфметыкі як інтэлектуальнага віду спорту. Гэтая методыка з’яўляецца часткай сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і спрыяе развіццю памяці, увагі, лагічнага мыслення і матэматычных здольнасцей.

Алімпіяда носіць індывідуальны характар. Кожны ўдзельнік мае права выступіць толькі ў адной катэгорыі. У залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі прадугледжаны чатыры катэгорыі: «Пачатковец 5–7 гадоў», «Пачатковец 8–15 гадоў», «Майстар» і «Профі». Катэгорыя «Пачатковец» прызначана для дзяцей, якія займаюцца ментальнай арыфметыкай не больш за адзін год і раней не ўдзельнічалі ў спаборніцтвах больш высокага ўзроўню.


Падчас выканання конкурсных заданняў усе вылічэнні павінны праводзіцца выключна ментальна або з выкарыстаннем абакуса. На выкананне заданняў удзельнікам прадастаўляецца толькі адна спроба. Кожны канкурсант павінен мець пры сабе абакус і шарыкавую ручку сіняга колеру.

Асобная ўвага будзе нададзена захаванню правілаў спаборніцтва. Удзельнікам забараняецца мець зносіны паміж сабой, абменьвацца матэрыяламі або прадметамі. Падчас правядзення алімпіяды дзеці будуць знаходзіцца ў зале без бацькоў пад наглядам педагогаў і арганізатараў.

Вынікі адкрытай алімпіяды па ментальнай арыфметыцы «Арыфматыкс» будуць абвешчаны ў дзень правядзення спаборніцтва. Гэтае мерапрыемства стане яшчэ адным крокам у развіцці інтэлектуальнага руху і павышэнні цікавасці дзяцей да матэматыкі і дакладных навук.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю